«Турма пад адкрытым небам». Рада па правах чалавека ААН разглядала сітуацыю ў Беларусі

Злачынствы супраць чалавечнасці. Так у ААН кваліфікавалі некаторыя ўчынкі беларускай улады.

marsz_adzinstva_6__14__logo_3.jpg

Рада па правах чалавека ААН правяла пасяджэнне па Беларусі. Што вырашылі?

Рада па правах чалавека ААН 22 сакавіка на спецыяльным пасяджэнні абмеркавала даклад аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі з 2020 года, апублікаваны на мінулым тыдні. Большасць чальцоў Рады асудзілі рэпрэсіі і гвалт супраць удзельнікаў пратэстаў і заклікалі да незалежнага расследавання злоўжыванняў улад, піша «Люстэрка»             

Намесніца Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Нада Аль-Нашыф адзначыла высновы даклада аб тым, што ў Беларусі мелі месца сістэматычныя, шырока распаўсюджаныя і грубыя парушэнні правоў чалавека, некаторыя з іх можна кваліфікаваць як злачынствы супраць чалавечнасці, улічваючы іх наўмыснасць, маштаб, сістэматычнасць і накіраванасць на апазіцыйна настроеных грамадзян. Пры гэтым працягваецца шырокае сістэматычнае прымяненне катаванняў і жорсткае абыходжанне ў дачыненні да пэўных асоб за іх рэальную або меркаваную пратэсную пазіцыю.

«Неабходна пачаць аператыўныя, эфектыўныя, празрыстыя і незалежныя расследаванні ўсіх парушэнняў правоў чалавека, якія адбыліся», — сказала Аль-Нашыф.

Прадстаўніца Беларусі пры ААН Ларыса Бельская ў адказ на гэта заявіла, што Беларусь — адкрытая краіна са спакойнымі і чыстымі гарадамі, куды жыхары краін свету могуць прыехаць без віз. Бельская запрасіла чальцоў Рады ААН прыехаць і пагаварыць з людзьмі на вуліцах. Паводле яе, справаздачы ААН тэндэнцыйныя. Беларусь сутыкнулася з ціскам і істэрыяй з боку краін Захаду, але мае намер ісці сваім шляхам, захоўваць стабільнасць і супрацьстаяць спробам уцягнуць яе ва ўзброены канфлікт.


Многія чальцы Рады ў сваіх выступленнях віталі даклад і падтрымалі прадаўжэнне мандата спецдакладчыка па Беларусі. Яны ўстрывожаны тым, што і без таго цяжкая сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца ўсё далей, рэпрэсіі для падаўлення іншадумцаў працягваюцца, а суды выкарыстоўваюцца як іх інструмент.

Спікеры выказалі крайнюю занепакоенасць нядаўнімі прысудамі нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму і яго калегам-праваабаронцам, а таксама сітуацыяй з палітвязнем Ігарам Лосікам, які здзейсніў спробу суіцыду. Многія сябры Рады выказалі салідарнасць з беларусамі, пацярпелымі ад рэжыму.

Таксама сур'ёзную заклапочанасць многіх чальцоў Рады ААН выклікае скарачэнне грамадзянскай прасторы ў Беларусі, запалохванне і пераслед праваабаронцаў, журналістаў і адвакатаў.

Адзін з выступоўцаў адзначыў, што ўлады знішчылі грамадзянскую супольнасць і незалежныя СМІ Беларусі, ператварыўшы яе ў «турму пад адкрытым небам».


Неабходны незалежны механізм расследавання сітуацыі ў Беларусі

Крайнюю трывогу чальцоў Рады ААН выклікала змяненне заканадаўства па пашырэнні прымянення смяротнага пакарання на чыноўнікаў і вайскоўцаў, абвінавачаных у дзяржаўнай здрадзе. Яны заклікалі ўлады Беларусі адмяніць гэта рашэнне і ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.

Пры гэтым некаторыя з чальцоў Рады ААН выступілі на баку Беларусі, назвалі дзеянні УВКПЧ ААН умяшаннем у яе ўнутраныя справы, абвінавацілі даклад у прадузятасці і заявілі, што гэта Беларусь сутыкнулася з парушэннем яе правоў з боку Захаду, бо ён увёў супраць яе санкцыі, каб дэстабілізаваць краіну.

Шэраг спікераў заклікалі беларускія ўлады правесці незалежныя, бесстароннія і сумленныя расследаванні ўсіх парушэнняў правоў чалавека і ў поўнай меры супрацоўнічаць з ААН.

«Неабходны незалежны механізм расследавання сітуацыі ў Беларусі з больш шырокімі паўнамоцтвамі і дастатковым фінансаваннем. Міжнароднай супольнасці неабходна забяспечыць адказнасць беларускіх улад за парушэнні міжнароднага права ў галіне правоў чалавека. Неабходна пакласці канец беспакаранасці і прадухіліць далейшыя злачынствы», — апісваюцца заявы чальцоў Рады ААН у прэс-рэлізе.

На пасяджэнні, акрамя прадстаўнікоў краін-чальцоў, выступілі прадстаўнікі беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці і міжнародных структур, такіх, як Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Сусветная Арганізацыя супраць катаванняў, Human Rights Watch, Міжнародная федэрацыя за правы чалавека, Human Rights House, Right Livelihood Award, Міжнароднае братэрства прымірэння, Міжнародная асацыяцыя юрыстаў, Інстытут за свабоду і бяспеку рэпарцёраў.

Таксама на пасяджэнні абмяркоўвалі парушэнні правоў чалавека ў Венесуэле.