Існаванне на мяжы нябачнасці. Беларусы, эміграцыя, дэпрэсія
Моднае слова «дэпрэсія» ў выпадку пастаўленага дыягназу азначае зусім не вясёлыя рэчы. Гэта страшны стан, выбрацца з якога самім немагчыма. Беларусы па абодва бакі мяжы спазнаюць гэта на сабе.
У Літве па дэпрэсіі выдаюць бальнічныя, а ў бальніцах праводзяць арт-тэрапіі і медытацыі. У Грузіі антыдэпрэсанты прадаюць без рэцэпту. «Медыязона» распытала двух беларусак пра тое, як яны перажываюць дэпрэсію ў эміграцыі.
Бальнічны па дэпрэсіі
Журналістка Ганна з'ехала з Беларусі летам 2021 года — праз пагрозу быць затрыманай. Тады ціск на незалежныя СМІ стаў асабліва моцным: затрыманні, ператрусы ў рэдакцыях, крымінальныя справы супраць журналістаў за іх працу.
У эміграцыі ў беларускі абвастрылася трывожнасць, выявіўся дэпрэсіўны стан. Сімптомы цяжкай дэпрэсіі, якія перашкаджаюць жыць, беларуска заўважыла зімой 2022 года.
— Што было для мяне нечаканым — бальнічны па дэпрэсіі. У сакавіку гэтага года ў мяне здарыўся зрыў, і мой псіхіятр ўпершыню тады сказала, што нядрэнна было б легчы ў бальніцу. Я адмовілася, і мне выпісалі бальнічны па дэпрэсіі на два тыдні.
Пасля бальнічнага і сесій з псіхолагам Ганне стала лягчэй на два месяцы. У чэрвені беларуска легла ў бальніцу.
— Псіхіятр убачыла мой стан і сказала, што не можа мяне проста адпусціць, я павінна рэкамендаваць легчы ў бальніцу. Я сказала, што пачакаю да раніцы: калі мой стан не стане лепшым, то паеду. Я прачнулася, зразумела, што лепш мне не стала, і паехала ў бальніцу.
Таблеткі, псіхолаг, клопат і атмасфера дзіцячага лагера
Ганна трапіла ў літоўскі антыкрызісны цэнтр, які спецыялізуецца на лячэнні дэпрэсіі і трывожных разладаў.
— Маё ўяўленне пра бальніцу разышлося з рэчаіснасцю. Гэта была звычайная бальніца з нармальным рамонтам: трохмесная палата, агульны пакой, кухня з мікрахвалёўкай і халадзільнікам — яна ж служыла гасцінай, дзе праходзілі групавыя сустрэчы з псіхолагам, арт-тэрапія і медытацыі. Па тэрыторыі можна было гуляць. Мы шмат часу бавілі на вуліцы: бралі з сабой пледы, рассцілалі іх і шмат размаўлялі.
Лячэнне складалася са штодзённых сустрэч з псіхолагам, групавой тэрапіі, фізкультуры, арт-тэрапіі, медытацый і прыёму таблетак. Ганна прапускала большую частку групавых заняткаў: яна адзіная ў групе не размаўляла па-літоўску, астатнія не размаўлялі па-англійску.
Беларуска вылучыла важнасць працы з псіхолагам у шпіталі — калі можна гаварыць, не азіраючыся на час.
— З псіхолагам мы абмяркоўвалі курс лячэння. Праз вялікую дозу антыдэпрэсантаў у мяне парушыўся сон. Таблеткі ўзбуджалі нервовую сістэму, патрэбныя былі заспакаяльныя лекі. Пакуль мы іх падбіралі, я дрэнна спала. Кожную раніцу мы гэта абмяркоўвалі.
Стацыянар аказаўся магчымасцю пажыць без бытавых спраў, расслабіцца дзякуючы клопату.
— Табе не трэба думаць пра прыгатаванне ежы, што трэба за кімсьці даглядаць. Ты аказваешся ў становішчы безабароннага дзіцяці, якое з усіх бакоў ахутваюць клопатам. У бальніцы вельмі прыязны персанал, які размаўляе ў ключы «зайчык, коцік». Такое зняцце адказнасці — вялікі крок да акрыяння. За два тыдні вылечыць дэпрэсію нельга, але купіраваць крызіс — можна.
Ганна згадвае, што шмат камунікавала з іншымі пацыентамі — ва ўсіх падобныя гісторыі і сімптомы, гэта дапамагала. З некаторымі яна перапісваецца дагэтуль.
— Глядзелі тэлевізар, слухалі музыку, збіралі разам пазлы. Вельмі карысная штука, якая нагадвае збоку дзіцячы лагер.
Харчаванне — «класічная бальнічная ежа», асобнае меню для вегетарыянцаў. Лячэнне і знаходжанне ў бальніцы аказалася бясплатным дзякуючы страхоўцы ад працадаўцы. Таблеткі, выпісаныя лекарам у бальніцы, у аптэцы прадалі беларусцы з вялікай зніжкай.
Нежаданне бачыць людзей і падтрымка блізкіх
Сімптомы дэпрэсіі ў Ганны выяўляліся як апатыя — гэта абыякавасць, безуважнасць да таго, што адбываецца. Дадалася ангеданія — стан, калі чалавек не можа атрымліваць задавальненне ад звыклых яму рэчаў.
— Я прыязджала да псіхіятра і прыводзіла просты прыклад. Раней сыркі былі маёй улюбёнай ежай, а цяпер я іх ем і нічога не адчуваю — як быццам пражавала, і ўсё. Гэта тычылася ўсяго: ежы, сустрэч з сябрамі. Я жартавала, смяялася, а пасля сустрэч выходзіла цалкам спустошанай, разумеючы, што зараду радасці не атрымала.
Потым настаў час, калі мне не хацелася нікога бачыць. Проста не хацелася ні з кім кантактаваць. На элементарныя дзеянні не магла знайсці ў сабе сілы. Гэта складана зразумець, калі сам не быў у такім стане. Я не магла запісаць дзіця да лекара, адкладала і пераносіла гэтую даволі важную справу некалькі дзён. Гэта здавалася мне нейкім непад'ёмным высілкам. Хоць чыста тэхнічна людзям, якія праз гэта не праходзілі, здаецца, што патэлефанаваць — элементарная справа.
Падтрымкай для Ганны была сям'я: муж узяў на сябе ўсе клопаты пра дом і дзіця, дазваляў ёй «адваліцца», пабыць адной.
Пасля выпіскі з бальніцы Ганна стала адчуваць сябе лепш. Кажа, за два тыдні адпачыла, нібы пасля трохмесячнага адпачынку. Працягвае піць антыдэпрэсанты, ходзіць да псіхолага і прымае падтрымку ад блізкіх людзей.
— У бальніцы я заўважыла адну дробязь, па якой можна параўнаць сістэмы аховы здароўя дзвюх краін. У Літве перад тым, як любы супрацоўнік зойдзе ў палату, ён абавязкова стукае. У Беларусі гэтага ніхто не робіць.
Ганна падзялілася сваёй гісторыяй у Instagram: у адказ ёй напісалі падпісчыкі, хтосьці папрасіў кантакт псіхіятра, іншыя расказалі, што праходзілі ці цяпер перажываюць дэпрэсію.
— Я ўбачыла, што людзям гэта адгукаецца, сябры падтрымліваюць, а мне карысна перанесці думкі з галавы на паперу.
Спроба самазабойства ў 15 гадоў і эміграцыя
Журналістка Аліна сутыкнулася з першымі праявамі дэпрэсіі яшчэ ў школе. Стала цяжка падымацца з ложку, пачаліся пропускі заняткаў. Трывога была такая, што хацелася схавацца і застацца ў ложку.
— У 15 гадоў у мяне была спроба суіцыду. Калі я пабачыла, што маці сыходзіць у чарговы запой, я проста дастала з аптэчкі рандомныя таблеткі і наглыталася іх. Мне пашчасціла: таблеткі былі нямоцныя і са мной нічога не адбылося. Я проста была ў гістэрыцы. Пасля пра гэта расказала сяброўцы, а маці, напэўна, і не заўважыла. Думаю, што ў такім стане ёй было б усё роўна. Яна часта мяне біла ў запоях і аднойчы ледзь не забіла: я проста своечасова паспела зачыніць дзверы.
Самы моцны дэпрэсіўны эпізод у жыцці Аліны здарыўся ў эміграцыі. У 2021 годзе журналістка пакінула Беларусь і пераехала ў Грузію.
— Эміграцыя мяне падкасіла яшчэ болей. Я страціла ўсё, дзеля чаго жыла: краіну, прафесію — у тым сэнсе, якім я яе разумею: з магчымасцю працаваць без цэнзуры, сустракацца з людзьмі і адчуваць вайб рэпартажу. Мінулай вясной я адчула жорсткую трывогу, стомленасць была такая, што паход у душ выклікаў пакуты. Знік апетыт, я магла існаваць на каве і цыгарэтах. Была поўная абыякавасць, таму што страчаны сэнсы. Трэба будаваць новыя, а ты не ведаеш, з чаго іх будаваць.
Антыдэпрэсанты без рэцэптаў і годы тэрапіі
На трэцім курсе ўніверсітэта Аліне прапісалі антыдэпрэсанты. Спачатку беларуска пайшла да ўніверстэцкага псіхолага, а калі зразумела, што сама не спраўляецца — паехала ў дзяржаўную паліклініку.
Там псіхатэрапеўт паспрабаваў запалохаць дзяўчыну стацыянарам: маўляў, з такімі сімптомамі трэба класціся ў шпіталь. Аліна адчувала сябе так дрэнна, што пагадзілася. У выніку ў шпіталь беларуску не паклалі, а выпісалі першыя ў жыцці антыдэпрэсанты.
— Я іх папіла некалькі месяцаў, мне палепшала, і на гэтай глебе я вырашыла, што спраўлюся сама. Я перастала піць таблеткі, і на некалькі дзён быў суцэльны жах. Я адчувала трывогу, набліжаную да панікі, была нейкая безвыходнасць жорсткая. У 2017 годзе я вярнулася ў тэрапію і з таго часу п’ю таблеткі.
Цяпер Аліна ходзіць да псіхатэрапеўта з медыцынскай адукацыяй. Ён праводзіць ёй тэрапію і карэктуе антыдэпрэсанты. Гэтай восенню беларусцы змянілі курс таблетак: мінулыя перасталі дзейнічаць. У Грузіі на антыдэпрэсанты не патрэбны рэцэпт, але некаторых лекаў няма. Напрыклад, Аліна не можа купіць нейралептыкі, іх няма ў продажы.
Акрамя эміграцыі, на стан Аліны вельмі паўплывалі пратэсты: беларуска правяла 15 сутак на Акрэсціна. Да гэтага журналістка перажыла смерць бабулі, дзядзькі і сябра.
Цяпер Аліна адчувае сябе куды лепш, чым вясной. Працягвае тэрапію, якая карэктуе яе стан, і сутыкаецца з унутраным крытыкам.
— Што датычыцца падтрымкі, то мне вельмі важна, калі людзі цябе не асуджаюць. Нават калі няма той падтрымкі, якая табе патрэбна ці якую ты чакаеш, галоўнае, каб цябе не асуджалі і не ацэньвалі.