Псіхолаг: «Людзі баяцца размаўляць нават з блізкімі»

Псіхолаг рэкамендуе скласці «аптэчку хуткай псіхалагічнай дапамогі» — гэта спіс таго, што радуе і прыносіць задавальненне. А чытанне навін, у якіх мала цяпер добрага, лепш пакінуць на раніцу.

_belarus_nadzeja_vjasna_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas_logo.jpg

Праз уварванне ва Украіну і рэпрэсіі расіяне сталі прымаць больш антыдэпрэсантаў. Расійскі псіхолаг распавяла пра тое, як не звар'яцець ва ўмовах вайны і неверагоднага ціску на грамадзянскую супольнасць. Псіхолаг аналізуе тое, што стала з расійскім грамадствам за паўтара года вайны, і дае парады. У нашай краіне жорсткія рэпрэсіі супраць грамадства не сціхаюць ужо больш за тры гады. Некаторыя парады псіхолага могуць быць карысныя і беларусам.

Псіхолаг калабарацыі псіхалагічных праектаў  Таццяна [імя зменена па меркаваннях бяспекі] распавяла ў інтэрв'ю «Можем объяснить» пра тое, на якіх прафесіях больш за ўсё адбіваецца вайна і з якімі праблемамі часцей за ўсё звяртаюцца тыя, хто з'ехаў, і тыя, што засталіся ў Расіі.

— Людзі якіх прафесій часцей за ўсё звяртаюцца да вас па дапамогу?

— Да 24 лютага мінулага года ў нас былі дзве асноўныя мэтавыя аўдыторыі: журналісты і праваабаронцы. Пасля пачатку вайны з'явілася трэцяя катэгорыя: гэта абсалютна розныя людзі, ад настаўнікаў да кіроўцаў.

— З якімі праблемамі звяртаюцца людзі, якія знаходзяцца ў Расіі?

— Адзінота, сацыяльная ізаляванасць, бяссілле, апатыя, бесперспектыўнасць, трывога. Часцей за ўсё гэтыя людзі не могуць падзяліць свае каштоўнасці і перажыванні з кім-небудзь з навакольных. Людзі баяцца гаварыць нават з блізкімі, з тымі, з кім раней знаходзіліся ў адным каштоўнасным полі. Гэта і страх асуджэння, і страх перад крымінальнай адказнасцю. Унутры сем'яў адбываюцца шмат расколаў: у каштоўнасцях, розных пазіцыях адносна таго, што адбываецца і ў тым ліку з-за ад'езду кагосьці з сям'і.

Глядзіце таксама

— А з якімі праблемамі сутыкаюцца тыя, хто пакінуў краіну?

— Пачуццё расчаравання ў эміграцыі, стрэс, адсутнасць жадання адаптавацца ў новай краіне, неразуменне, як дапамагчы сваёй сям'і з адаптацыяй, гнеў і раздражненне, страта ўнутранай апоры і адчуванне разгубленасці.

— На што пакутуюць журналісты і праваабаронцы?

— Выгаранне. Часцей за ўсё яно сустракаецца ў журналістаў, потым — у праваабаронцаў, далей — у супрацоўнікаў НКА. Гэта звязана з тым, што людзі гэтых прафесій не могуць убачыць вынік сваёй працы з-за пастаяннага сутыкнення з усё больш рэпрэсіўнай сістэмай.

— Ці пачалі людзі прымаць больш антыдэпрэсантаў?

— Паводле даных праекта Without Prejudice, гэта каля 20% зваротаў. У прынцыпе, я магу пацвердзіць гэтую статыстыку. На сваіх кансультацыях прыкладна ў 20-30% выпадкаў я рэкамендую звярнуцца да псіхіятра або псіхатэрапеўта. Прыём антыдэпрэсантаў сапраўды павысіўся.


Глядзіце таксама

— Што вы можаце параіць людзям, якія цяжка перажываюць вайну?

— Людзям з трывожнасцю варта звярнуць увагу на свае базавыя фізічныя патрэбы: сон, харчаванне. Варта зрушыць фокус увагі на руцінныя справы. Важна хваліць сябе за любыя дасягненні, нават тыя, якія здаюцца нязначнымі. Падключыць расслабляльныя практыкі: медытацыі, ёга, прагулкі. Можна падключыць фізічную актыўнасць, але толькі калі на гэта ёсць сілы.

На кансультацыях я часта рэкамендую скласці «аптэчку хуткай псіхалагічнай дапамогі». Гэта спіс таго, што радуе і прыносіць задавальненне. Многія людзі забываюць, што іх цешыла да вайны. Важна, каб у доступе былі людзі, якія могуць падтрымаць. Толькі не трэба арыентавацца на крэўную сувязь, выключна на псіхалагічны камфорт.

Варта абмежаваць спажыванне негатыўнай інфармацыі. Лепш чытаць толькі загалоўкі або рэгламентаваць час на прачытанне навін. Як правіла, людзі больш эмацыйна адчувальныя па вечарах, таму чытанне навін лепш пакінуць на раніцу, а вечары праводзіць у камфорце, з людзьмі, якія цябе падтрымліваюць і разумеюць.

І, вядома, я рэкамендую звярнуцца да псіхолага. Галоўнае — не саромецца папрасіць паказаць дакумент аб адукацыі і выбраць спецыяліста, з якім камфортна працаваць і з якім супадаюць каштоўнасці.

 

Глядзіце таксама