«Што мы прывязём у Беларусь? Свае ПТСР, неўрозы і траўмы?»

Поствыбарчыя рэпрэсіі цягнуцца ў Беларусі ўжо амаль тры гады, змушаючы людзей уцякаць з краіны ў больш бяспечныя месцы. І ўцёкі, і пераслед негатыўна адбіваюцца на стане тых, каму давялося гэта перажыць. Але не толькі — пакутуюць таксама і блізкія, праз што нярэдка разбіваюцца сем'і і страчваюцца адносіны са сваякамі і сябрамі.

_cihi_supraciu___horad___bczb__fota_novy_czas___4__logo.jpg

«Я атрымала трывожна-дэпрэсіўны разлад, што цалкам звязваю з рэпрэсіямі ў свой адрас. Муж наогул цяжэй усё перанёс. З нармальнага чалавека ён стаў неўраўнаважаным. Упэўнена, што ў яго ёсць нейкае засмучэнне, але па дапамогу ён не звяртаецца. Думаю, што старэйшы сын больш пакутуе, бо ён жыве асобна ад мяне — з бацькам, які знаходзіцца не ў лепшым маральным стане».

Гэта адна з гісторый, апублікаваных у дакладзе «Псіхалагічная траўма беларускіх актывістаў-рэлакантаў і праца з яе вылячэннем». Гэтае даследаванне з'яўляецца вынікам сумеснай працы германскай Асацыяцыі псіхасацыяльных цэнтраў для бежанцаў і ахвяр катаванняў і Цэнтра аналізу і прадухілення канфліктаў. Яно заснавана на 89 інтэрв'ю з беларусамі і беларускамі, якія перажылі палітычныя рэпрэсіі і вымушаную эміграцыю пасля выбараў і пратэстаў 2020 года. Абапіраючыся на іх гісторыі, даследчыкі расказваюць пра псіхалагічныя траўмы і іх наступствы для цэлых сем'яў, бо падчас цяперашняга палітычнага крызісу пацярпела не адно пакаленне беларусаў. Сярод наступстваў — хатні гвалт, разводы і пачуццё віны перад дзецьмі, якія пацярпелі за бацькоўскі актывізм.

«Настоящее время» расказвае гісторыі пацярпелых і аналізуе наступствы рэпрэсій для псіхікі разам з беларускім крызісным псіхолагам з 20-гадовым стажам Аленай Грыбанавай, якая сама перажыла затрыманне, ператрусы, падзел сям'і, экстрэмальную эвакуацыю з дзіцём і цяпер жыве ў вымушанай эміграцыі.

«Мае затрыманні негатыўна паўплывалі на псіхіку мужа»

Алена, журналістка тэлеканала «Белсат» з Мінска, расказвае: «Я зазнала катаванні на Акрэсціна цягам трох дзён. У выніку збіцця я трапіла ў бальніцу. Білі нагамі ў жывот. Пасля жніўня 2020-га мяне затрымлівалі тройчы падчас працы. Апошняе затрыманне было ў сакавіку 2021-га, нас пратрымалі ў пастарунку каля шасці гадзін, мяне распраналі дагала ў пакоі з ледзяной падлогай і не пускалі ў прыбіральню...

Пагрозы я атрымліваю дагэтуль. Мае затрыманні вельмі негатыўна паўплывалі на псіхіку майго мужа. У сям'і пачаліся вельмі сур'ёзныя праблемы, цяпер мы ў стане разводу. Сваякі хацелі, каб я перастала працаваць, бо гэта было небяспечна. Скончылася гэта ўсё не вельмі добра для ўсіх. У мяне трое дзяцей. Двое малодшых з'ехалі са мной у Літву, а старэйшы застаўся з бацькам, і гэта вялікая складанасць для нас усіх».

Часам справа не абмяжоўваецца разводамі: псіхолагам вядомы выпадкі, калі ў сем'ях былых палітвязняў здараецца хатні гвалт.

«Траўматычны стрэс мае наступствы — посттраўматычны стрэсавы разлад (ПТСР), посттраўматычная дэпрэсія, неўратычныя і трывожныя разлады. Для ПТСР, да прыкладу, характэрныя агрэсіўнасць, звышасцярожнасць, звышкантроль. І гэтыя негатыўныя праявы траўміраваны чалавек вылівае ў першую чаргу на тых, хто з ім побач — на самых блізкіх. Гэта і правакуе сямейны гвалт, разводы, — кажа крызісны псіхолаг Алена Грыбанава. — Часцей хатні гвалт пачынае праяўляць той, хто мацнейшы. Але не магу сказаць, што гэта адбываецца масава. Паводле маіх назіранняў, такое часцей здараецца ў сем'ях, дзе ўжо былі праблемы. Ці быў чалавек аб'юзерам раней, ці стаў такім пасля катаванняў — гэта ўсё індывідуальна. Важна ведаць, што існуюць другасная выгада ахвяры («я ахвяра, і мне ўсё дазволена») ці «стакгольмскі сіндром» («ён мяне б'е, але яго самога катавалі, таму я пацярплю»). Гэта значыць, людзі бяруць на сябе ролі ахвяры і гвалтаўніка, і пачынаюцца аб'юзіўныя адносіны».

Псіхолагі могуць дапамагчы з прафілактыкай хатняга гвалту і агрэсіі да блізкіх, але эфектыўнасць дапамогі наўпрост залежыць ад часу звароту: чым раней — тым лепш. Аднак з гэтым узнікаюць праблемы, кажа спецыялістка: «Узровень псіхалагічнай культуры ў нашым грамадстве невысокі, людзі да апошняга сядзяць і думаюць, што само пройдзе, і звяртаюцца, ужо калі зусім накрыла».

Што тычыцца разводаў, то далёка не ўсе сем'і, якія перажылі траўматычны досвед, распадаюцца, тлумачыць псіхолаг:

«Любы крызіс — гэта шлях або ўверх, або ўніз, трэцяга не дадзена. У кітайскай мове іерогліф, які азначае паняцце «крызіс», складаецца з двух значэнняў: «небяспека» і «магчымасць». Крызіс становіцца небяспечным, калі чалавек пачынае апускацца ў балота негатыўных наступстваў, неўрозаў, зацягваючы туды блізкіх. Гэта можа скончыцца разводам. Але з крызісу ёсць і іншы шлях: посттраўматычны рост, калі сям'я праз выпрабаванні становіцца мацнейшай. Псіхолагі якраз дапамагаюць не ўпасці ў варонку траўмы і не зацягнуць туды сваіх блізкіх».

«Дачцэ сказалі, што яна трапіць у калонію для непаўнагадовых»

Многія актывісты, якія пакінулі Беларусь, расказваюць, што іх грызе пачуццё віны перад дзецьмі за выпрабаванні, якім яны іх падвергнулі з-за сваёй грамадзянскай пазіцыі, за вымушаны падзел сям'і, за неўладкаванасць на новым месцы і гэтак далей. Дзецям палітычных эмігрантаў сапраўды давялося перажыць многае.

Вось што расказвае Таццяна, якая была незалежнай назіральніцай на выбарах прэзідэнта ў 2020 годзе і вымушана бегла з Беларусі ва Украіну, а потым у Польшчу:

«Беларусь мы пакінулі 17 студзеня 2022 года. У нас з мужам чацвёра дзяцей: старэйшая дачка (на момант рэлакацыі ёй было 17 гадоў), сярэдняя дачка 13 гадоў і двайняткі-сыны, 10 гадоў. Мне давялося бегчы з Беларусі з двума дзесяцігадовымі дзецьмі, таму што ў снежні 2021 года а шостай раніцы да мяне дадому прыйшлі з ператрусам супрацоўнікі праваахоўных органаў. Потым, 14 студзеня, адбыўся другі ператрус. Гэтым разам з ператрусам прыйшлі супрацоўнікі беларускага КДБ з аўтаматамі. Допыт працягваўся шэсць гадзін, было знята «пакаяльнае» відэа. Я прыняла рашэнне, што нам трэба з'язджаць, інакш мае дзеці апынуцца ў дзіцячым доме, а я — у турме. Двое дзяцей перасякалі мяжу са староннімі асобамі, потым я з двума дзесяцігадовымі сынамі, а муж далучыўся да нас самым апошнім. Перапраўлялі мяне з дзецьмі валанцёры ва Украіну праз Расію, нелегальна. Калі мы перасякалі мяжу з Расіяй, праз рэчку, у нас стралялі з таго боку. Першыя стрэлы я і дзеці пачулі не на вайне, а 17 лютага 2022 года. Было вельмі страшна за сябе і дзяцей».

Ва Украіне сям'я Таццяны пасялілася ў Бучы. Яны пражылі там з 18 лютага да 9 сакавіка 2022 года. «Па вуліцах ездзілі расійскія танкі, з вокнаў мы з дзецьмі бачылі разбітыя машыны, целы забітых і адарваныя часткі целаў, якія ляжалі на вуліцы...» — расказвае Таццяна пра перажытае падчас акупацыі Кіеўскай вобласці войскамі Расіі.

У дзяцей іншай актывісткі, Ілоны з Салігорска, развіліся панічныя атакі праз пагрозы органаў апекі і пераезду ў іншую краіну.

«Да маіх дзяцей у дзіцячым садзе і ў школе прыходзілі супрацоўнікі органаў апекі і пагражалі іх забраць у інтэрнат. Казалі, што іх мама занадта актыўная, і калі яна не перастане так актыўна выказвацца, то іх забяруць, — прыводзіцца ў дакладзе аповед Ілоны. — Яшчэ расказвалі дзецям, як да іх будуць ставіцца ў інтэрнаце: што будуць біць, лаяць, не дадуць ежы і яны будуць спаць на падлозе. Далей з імі размаўлялі псіхолагі і сапраўды гэтак жа палохалі. Старэйшай дачцэ (ёй было 14) сказалі, што яна трапіць у калонію для непаўнагадовых...

Пераезд дзеці пераносілі і пераносяць цяжэй. У малодшага сына здараюцца панічныя атакі, ён баяўся выходзіць на вуліцу, хадзіць у дзіцячы сад, бо баяўся, што яго забяруць у інтэрнат. У дачкі таксама быў страх пакідаць дом і заставацца адной. Яны моцна палохаліся, калі я сыходзіла з дому, практычна адмаўляліся выпускаць мяне адну на вуліцу».

Дачцэ яшчэ адной гераіні, Вольгі з Мінскага раёна, давялося перажыць допыты, пагрозы і адлічэнне з універсітэта. Вольга расказала аўтарам даклада, што брала актыўны ўдзел у масавых акцыях пратэсту, двойчы была «на сутках», і праз гэта яе 20-гадовую дачку затрымалі і даставілі ў Следчы камітэт, дзе падчас пяцігадзіннага допыту ёй пагражалі працяглымі турэмнымі тэрмінамі для яе і маці. Праз рэпрэсіі і ад'езд дзяўчына не змагла скончыць пяты курс універсітэта, яе адлічылі. У выніку ў яе стала пагаршацца здароўе, з'явіліся псіхасаматычныя захворванні і прыкметы ПТСР. А ў самой Вольгі фонавым стаў стан падвышанай трывожнасці. «Па яе некаторых выказваннях я разумею, што дачка вінаваціць мяне ў тым, што давялося кінуць сяброў, кватэру са сваім утульным пакоем... Быў перыяд, што мы два ці тры месяцы наогул не размаўлялі», — расказала Вольга.

Псіхолаг Алена Грыбанава тлумачыць, чаму пачуццё віны разбуральнае для адносін паміж бацькамі і дзецьмі і мае патрэбу ў прапрацоўцы:

«Беларусы — нацыя, якая любіць вешаць на сябе віну, гэтая нацыянальная асаблівасць вартая асобнага вывучэння, — мяркуе псіхолаг. — Калі невінаватая перад дзецьмі, то вінаватая перад палітвязнямі, якія сядзяць у беларускіх турмах. Калі невінаваты ні перад першымі, ні перад другімі, то вінаваты ў тым, што не перамаглі ў 2020 годзе. Але ў гвалце вінаваты той, хто лупіць дручком безабаронных, а ў зняволенні невінаватых у турму вінаваты той, хто іх туды пасадзіў. Віна — гэта гнеў, які не можа быць накіраваны ў навакольнае асяроддзе і застаецца ўнутры чалавека. Гнеў — гэта самая разбуральная эмоцыя. Адпаведна, віна пачынае разбураць чалавека. У стане віны працуе эмацыйная частка і не працуе логіка, чалавек не можа прыдумляць выхады з сітуацыі. Гэтае неўратычнае пачуццё — віна без віны — падтрымліваецца яшчэ і інфармацыйнымі ўкідамі пра калектыўную віну. У класічнай псіхалогіі няма такога паняцця, як калектыўная віна».

Пачуццё віны разбурае не толькі бацькоў, яно негатыўна ўплывае і на дзяцей. Яны пачынаюць або самі адчуваць сябе вінаватымі, або маніпуляваць гэтым пачуццём, удакладняе Алена Грыбанава:

«Першае правіла для дарослых — правіла самалёта: спачатку маску на сябе. Але бацькі часта кажуць "Не, я спраўлюся, я дарослы, а дзіця пакутуе" і хаваюць свае перажыванні, эмоцыі ад дзяцей. Але калі ў сям'і дрэнна бацькам ці аднаму з бацькоў, дзіцяці ніколі не будзе добра. Дзіця інтуітыўна ўсё адчувае, але праз тое, што яго кагнітыўныя працэсы, логіка яшчэ не так развітыя, пачынае думаць, што гэта яно нешта зрабіла не так, што прычына пакут бацькоў — яно, а не знешнія абставіны».

Алена Грыбанава тлумачыць, як дапамагчы сям'і не скочвацца ў кругавое пачуццё віны:

«Ні дарослым, ні дзецям не трэба хаваць сваіх эмоцыйй, трэба перажываць іх разам. Мама ці тата могуць сказаць: "Я разумею, што ты злуешся ад таго, што ў новай школе ў цябе няма сяброў, што табе цяжка. Мне таксама цяжка. Я магу быць нервовай, нястрыманай — не таму, што ты дрэнны, а таму, што мне цяпер цяжка". Падтрымліваць адно аднаго простымі словамі ў адкрытай размове».

Неўратычнае пачуццё віны бацькоў таксама можа прывесці да негатыўных змен у паводзінах дзіцяці, папярэджвае псіхолаг:

«Траўматычны стрэс правакуе інфантыльнае «я» ў дзецях. Дзіцячая інфантыльнасць «есць» бацькоўскую віну: чым больш вы яе корміце віной, тым больш яна расце. Дзіця адчувае, што яго лічаць ахвярай, і пачынае гэтым карыстацца. Трэба вучыць дзяцей разуменню таго, што пазіцыя ахвяры правакуе поўную адсутнасць адказнасці і, як следства, вядзе да пазбаўлення волі ў самых розных праявах. У сучасным грамадстве ў Беларусі гэта праяўляецца, напрыклад, ва ўстаноўцы «Што я магу супраць таталітарнай дзяржавы?» — тым самым чалавек аддае дзяржаве сваю свабоду. Не бывае свабоды без адказнасці».

Калі пачаць прафесійна працаваць з пачуццём віны, то цалкам рэальна справіцца за кароткатэрміновую крызісную тэрапію, кажа псіхолаг. Але калі гэта доўжыцца два-тры гады і дзіця «прывыкла да пазіцыі ахвяры і маніпулявання», тады кароткатэрміновай тэрапіі не хопіць, разважае Грыбанава, і давядзецца працаваць у фармаце сямейнага падыходу: вучыць бацькоў і дзяцей прабудоўваць свае межы і браць адказнасць за сваё жыццё.

Са cтану пацярпелых у стан тых, хто пераадолеў

Праз палітычны крызіс 2020 года траўміраванымі аказаліся некалькі пакаленняў беларусаў, таму ў бліжэйшыя 30-50 гадоў крызісныя псіхолагі без працы не застануцца, лічыць Алена Грыбанава. Псіхалагічная супольнасць цяпер спрабуе мінімізаваць гэтыя наступствы. Для гэтага трэба зрабіць псіхалагічную дапамогу сістэмнай і даступнай і растлумачыць людзям неабходнасць звяртацца па яе.

«Мэта крызіснай псіхалагічнай працы — вывесці людзей са стану пацярпелых у стан тых, хто пераадолеў. Гэта значыць — на посттраўматычны рост. Псіхолаг пашырае свядомасць чалавека, паказвае, што ёсць шлях направа, налева, вучыць знаходзіць рэсурсы аднаўлення», — тлумачыць спецыялістка.

У якасці паспяховага выніку такой працы Алена Грыбанава прыводзіць кейс беларускі, якая перажыла фізічны гвалт, цяжкую эвакуацыю праз лясы і жыве ў вымушанай эміграцыі:

«Жанчына была ў цяжкім эмацыйным стане, калі трапіла на прыём. Але на чацвёртай або пятай сесіі яна сказала: "Што мы прывязём у Беларусь? Свае ПТСР, неўрозы і траўмы? Дык там і сваіх хапае! Што гэта будзе? Трэба прывезці ў Беларусь сваю паспяховасць"».