Як паводзіць сябе беларусам, якіх чакае суседства з «вагнераўцамі»? Парады псіхолага
Калі расійскія найміты, якія прывыклі да вайны і гвалту, усё ж апынуцца на тэрыторыі Беларусі, гэта будзе патэнцыйна небяспечна для звычайных людзей.
Учора стала вядома пра завяршэнне будаўніцтва палявога лагера пад Асіповічамі, прызначанага, верагодней за ўсё, для размяшчэння наймітаў з расійскай ПВК «Вагнер». Пры гэтым рэжым адмаўляе прысутнасць «вагнераўцаў» у Беларусі.
Каментуючы сітуацыю вакол кіраўніка ПВК Яўгена Прыгожына, адзін з камандзіраў расійскіх дыверсантаў, якія дапамагалі захапіць Крым у 2014 годзе, Ігар Стралкоў (Гіркін) заявіў, што амаль ўсё вайсковае кіраўніцтва «Вагнера» (за выключэннем тых, хто не браў удзел у мяцяжы) знаходзіцца ў Беларусі:
«Я дакладна ведаю, што амаль увесь савет камандзіраў, за выключэннем некалькіх чалавек, якія не прынялі ўдзелу ў мяцяжы, знаходзіцца ў Беларусі, — прыводзіць «Еўрарадыё» словы Стралкова. — Гэта людзі, якія моцна звязаныя з Прыгожыным. Нельга выключаць, што ён будзе мець на іх, як мінімум, вельмі сур'ёзны ўплыў, ці цалкам захавае над імі кантроль».
Хутчэй за ўсё, беларусам усё-ткі давядзецца мець «вагнераўцаў» у найбліжэйшых суседзях. Прафесар псіхалогіі Уладзімір Янчук расказаў «Салідарнасці», як сябе паводзіць людзям унутры краіны.
— Як на настроі беларусаў уплываюць паведамленні пра магчымае з'яўленне ў краіне сталай базы наймітаў з Расіі? Акрамя навін пра расійскую ядзерную зброю.
— Я думаю, што беларусы даўно ўжо жывуць ва ўласнай, адгароджанай ад знешняга свету, рэальнасці. І ставяцца да знешніх выклікаў як да чагосьці таго, што адбываецца далёка і тычыцца іх вельмі адносна.
Вось і тэма ядзернай зброі прапушчана. І «вагнераўцы» таксама не знаходзяцца на парадку дня на нейкіх цэнтральных пазіцыях. Для людзей зацікаўленых, зразумела, гэтыя навіны выклікалі не лепшыя ўражанні.
Яны выглядаюць, як дзеянні, якія могуць мець дэструктыўныя наступствы. Але пакуль гэта ўсё яшчэ вельмі туманна, таму разважаць і спекуляваць на гэтую тэму ранавата.
Ну а Лукашэнка зноў усплыў у павестцы сусветных навін. Атрымаў аднаўленне статусу міратворца, выйшаў з ценю. У харызме яму, вядома, не адмовіш, што і казаць.
— З пункту гледжання ўладаў гэта разглядаецца як дадатковая абарона ад нейкіх вонкавых пагроз. А як гэты момант можа глядзецца вачыма простага абывацеля? Бо гэтая абарона прапануецца не сіламі свайго войска, а сіламі чужых людзей.
— Тут можна толькі гіпатэтычна разважаць. На парадку дня гэтае пытанне пакуль не стаіць. Можна сказаць, што гэта не вельмі добра, але на ўзроўні грамадскай думкі гэтае пытанне пакуль не актуальнае.
Таму што народ да ўсяго прывык, ён закрыўся цалкам. Прынамсі, тая частка людзей, з якімі я маю зносіны, гэтыя пытанні нават не абмяркоўвае.
Нагадаю, што міралюбнасць — гэта вельмі характэрная рыса беларусаў. Ніхто не хоча ваяваць, ніхто не збіраецца ваяваць. Але, як і расійцы, мы прывыклі дзейнічаць па факце. Факту няма — няма і рэакцыі. А ўсё, што адбываецца ў віртуальнай прасторы, успрымаецца як «недзе там», як тое, што «нас не тычыцца».
— Калі гэта ўсё ж здарыцца, у Беларусі з'явяцца «вагнераўцы», ці будуць непазбежныя нейкія канфлікты, улічваючы іх досвед не толькі вайсковы, але досвед даваенны многіх з іх?
— Тэарэтычна можна чакаць такога. І такія канфлікты напэўна будуць. Але яны і былі. Тут афіцыйна гэта не абмяркоўваецца, але ў тых рэгіёнах, дзе размяшчаліся расійскія вайскоўцы, былі канфлікты, сур'ёзныя інцыдэнты, у тым ліку вырашаныя пры дапамозе мясцовых сілавых структур.
А калі казаць пра «вагнераўцаў», то гэта ж прадстаўнікі крымінальнага свету, якія жывуць па паняццях. Таму, безумоўна, гэта не самае прыемнае суседства. Яны і ў Расіі паводзяць сябе чорт ведае як.
Таму што гэта крымінальныя людзі, паводніцкія нормы ў іх з крымінальнага, а не звычайнага свету. Патэнцыйна такія праблемы могуць узнікнуць.
Але я ўсё ж глыбока ўпэўнены, што беларускія ўлады выкарыстоўваюць гэтую тэму хутчэй у якасці нейкай інфармацыйнай гульні. А саджаць у сябе такую небяспечную язву, з майго пункту гледжання, ніхто не збіраецца.
Папужаць, як і ядзернай зброяй, гэта так. Але давайце ўспомнім гісторыю пасадкі «вагнераўцаў» летам 2020-га. Гэта вельмі небяспечны нарыў. І калі кажуць, што тым самым можна ўзмацніць войска, я думаю, што пераважаць заўсёды будзе асабістая бяспека.
А гэта ж народ некантралюемы, не свой. І рэсурсаў ўздзеяння на яго вельмі мала. Таму я думаю, што ўлада будзе рабіць вельмі асцярожныя крокі і проста не наважыцца сур'ёзна прыцягнуць іх сюды.
— Дапусцім, гэтая база або базы ўсё ж будуць створаныя. Як простаму чалавеку паводзіць сябе ў сітуацыі такога небяспечнага суседства?
— Абсалютна абмяжоўваць кантакты. Быць максімальна акуратнымі і асцярожнымі ў зносінах з гэтымі людзьмі. Не ісці ні на якое паглыбленне ўзаемаадносін.
І не ісці на правакацыі. Бо тут дэманстрацыя варожага стаўлення роўная правакаванню. Таму — максімальна нейтральна і асцярожна. І, па магчымасці, не выбудоўваць адносіны.
Гэта ўніверсальнае правіла. Любая ваша негатыўная рэакцыя можа справакаваць у адказ агрэсіўныя дзеянні. А гэта ж людзі, якія зведалі вайну, спазналі смак крыві і якія не маюць абмежаванняў у выбары сродкаў вырашэння праблемных пытанняў.
Нагадаем, што ў шэрагу краін (напрыклад, у Літве, Канадзе, Францыі і Вялікабрытаніі) ПВК «Вагнер» прызнаная тэрарыстычнай арганізацыяй. У студзені 2023 года ЗША прызналі расійскіх наймітаў з кампаніі Прыгожына і падкантрольныя ім структуры транснацыянальнай злачыннай арганізацыяй.