«Бі-бі-сі»: У Беларусі пабудаваны першы лагер для «вагнераўцаў»
Ранейшыя чуткі пра будаўніцтва лагера для размяшчэння ў ім наймітаў з ПВК «Вагнер» пацвердзіліся. Гэта будзе самы вялікі лагер з тых, у якіх размяшчаюцца расійскія вайскоўцы на тэрыторыі Беларусі.
![photo_2023_06_30_20_11_26_bbc.jpg photo_2023_06_30_20_11_26_bbc.jpg](/img/v1/images/photo_2023_06_30_20_11_26_bbc.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Беларускі Гаюн» са спасылкай на выданне «BBC Verify» паведамляе, што пад Асіповічамі завершана будаўніцтва палявога лагера. BBC атрымала апошнія спадарожнікавыя здымкі тэрыторыі былой ВЧ №61732 у в. Цэль (Асіповіцкі р-н, Магілёўская вобл.) за 30 чэрвеня 2023 года.
На іх выразна відаць, што будаўніцтва палявога лагера завершана. Камандзе «Гаюна» ўдалося падлічыць, што на фота прыкладна 298 намётаў. Відаць, што гэта палаткі М-30, у якіх у сярэднім можа размяшчацца па 30 чалавек. Такім чынам, абсталяваны месцы для 8 940 чалавек. Варта таксама разумець, што не ўсе палаткі з'яўляюцца жылымі. Там павінны быць арганізаваны таксама месцы для гаспадарчых патрэб: прыбіральні, душавыя, сталовыя і г. д.
![44_39.jpg.webp 44_39.jpg.webp](/img/v1/images/44_39.jpg.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Аднак можна з упэўненасцю сказаць, што лагер разбіты прыкладна для 8 000 чалавек. Гэтыя лічбы супадаюць з агучанымі раней расійскім выданнем «Вёрстка». Сваімі памерамі лагер перавышае іншыя вядомыя палявыя лагеры ў Беларусі, дзе праходзяць падрыхтоўку да вайны з Украінай мабілізаваныя расійскія салдаты.
Глядзіце таксама
![Ці чакаць пасля бунту Прыгожына «сталінскіх чыстак»? Ці чакаць пасля бунту Прыгожына «сталінскіх чыстак»?](/img/v1/images/berezovskiy_sverdlovskaya_chvk_vagner.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Акрамя таго, на здымку можна заўважыць таксама абсталяваныя ўмацаванні ў паўночнай частцы былой ВЧ. Пры гэтым якой-небудзь будаўнічай або вайсковай тэхнікі на здымку не бачна.
![45_8.jpg.webp 45_8.jpg.webp](/img/v1/images/45_8.jpg.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Нагадваем, што некалькі дзён таму з'явілася інфармацыя пра будаўніцтва лагера ў Асіповіцкім раёне для размяшчэння там наймітаў з ПВК «Вагнер». Згаданае вышэй выданне «Вёрстка» паведамляла пра размяшчэнне васьмі тысяч чалавек. Акрамя таго, было заяўлена, што гэта будзе не адзіны лагер такога кшталту ў Беларусі. Як мінімум яшчэ адна пляцоўка для «вагнераўцаў» можа з'явіцца ў Гродзенскай вобласці.
![46_5.jpg.webp 46_5.jpg.webp](/img/v1/images/46_5.jpg.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Размяшчэнне расійскіх наймітаў стала магчымым пасля пагаднення паміж Уладзімірам Пуціным і Яўгенам Прыгожыным, якое было заключана пры пасрэдніцтве Аляксандра Лукашэнкі. Паводле заключаных дамоўленасцей, у Расіі спыняюць крымінальную справу «вагнераўцаў», заведзеную пасля так званага «мяцяжа», ПВК атрымае «гарантыі бяспекі», а яе кіраўнік «сыдзе ў Беларусь».