Лукашэнка арганізуе перамовы Расіі з Украінай?
Старшы даследчык «Цэнтра новых ідэй» і былы дыпламат Павел Мацукевіч у сваім блогу «Пульс Леніна-19» разважае пра магчымасці, якія адкрываюцца перад Лукашэнкам у расійска-ўкраінскім перамоўным працэсе.
Тэму магчымасці ўдзелу афіцыйнага Мінска ў расійска-ўкраінскіх мірных перамовах нечакана актуалізавала мірная развязка прыгожынскага бунту ў Расіі, да якой, як выявілася, прыклаў руку Аляксандр Лукашэнка, разруліўшы тое, што не змог Пуцін.
Сам Лукашэнка яшчэ вясной мінулага года заявіў пра сваё жаданне трапіць у перамовы Расіі і Украіны, разлічваючы тым самым змяніць небяспечную ролю суагрэсара на высакародную місію пасрэдніка і міратворца. Цяпер жа пра такую магчымасць як быццам загаварылі ў Кіеве.
Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў напісаў у сваім акаўнце ў Facebook, што «рэальная група расійскіх будучых перамоўшчыкаў з Украінай ужо ёсць, але пакуль застаецца ў цені, зрэшты, не выключаны ўдзел у гэтым працэсе Лукашэнкі».
Што гэта за працэс і якая роля ў ім можа быць адведзена начальніку ўсяе Беларусі?
Ленін лічыў, што для зацягвання перамоў патрэбны зацягвальнік, і адправіў з гэтай місіяй у Брэст на мірныя перамовы з Германіяй Льва Троцкага. У Лукашэнкі можа аказацца аналагічная роля ў расійска-ўкраінскіх перамовах, таму што пра мір гаварыць заўчасна, а паўза ў баявых дзеяннях можа аказацца запатрабаванай бакамі. Аднак пакуль усё гэта недакладна і на гэты конт можна яшчэ толькі спекуляваць, а вось прычыны, па якіх удзел гаспадара Палаца Незалежнасці ў перамоўным працэсе цалкам магчымы, больш-менш відавочныя.
Што тычыцца саміх перамоў, то Украіна і Расія вядуць іх з чацвёртага дня расійскага ўварвання. Першыя тры раўнды, як вядома, адбыліся на тэрыторыі Беларусі — нягледзячы на тое, што гэтая самая тэрыторыя выкарыстоўвалася Расіяй для ўварвання ва Украіну. Затым працэс перамясціўся ў Турцыю.
На днях з Берліна прыйшла інфармацыя, што афіцыйныя перамовы па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне могуць адбыцца ўжо ў ліпені, а ў святле ўсёй перадгісторыі дакладней будзе выкарыстоўваць тэрмін «адновяцца». З такім сцвярджэннем выступіў германскі тэлеканал ARD. Паводле яго інфармацыі, у мінулую суботу ў Капенгагене «ва ўмовах строгай сакрэтнасці» прайшла міжнародная сустрэча па Украіне пры ўдзеле дыпламатаў заходніх краін, а таксама прадстаўнікоў Бразіліі, Індыі, Кітая і ПАР. Без удзелу расійскага боку.
Тэлеканал адзначыў, што мэтай сустрэчы было заручыцца падтрымкай краін БРІКС, якія да гэтага часу захоўваюць нейтралітэт у расійска-ўкраінскай вайне. Перамовы прайшлі па ініцыятыве Кіева. Аднак гэта асобны трэк, галоўнай функцыяй якога можа быць пазбаўленне Расіі міжнароднай падтрымкі. Прыкладна тым жа самым займаўся Крэмль на нядаўняй сустрэчы кіраўнікоў шэрагу афрыканскіх дзяржаў.
Бакі канфлікту дэкларуюць розныя падыходы ў дачыненні да перамоўнага працэсу. Уладзімір Пуцін рэгулярна заяўляе, што Масква не адмаўляецца ад мірных перамоў з Украінай і ўскладае адказнасць за іх зрыў на Кіеў. У сваю чаргу Уладзімір Зяленскі яшчэ летась падпісаў указ аб адмове ад перамоў з Расіяй, пакуль яе ўзначальвае Уладзімір Пуцін. Аднак наўрад ці можна верыць усім гэтым дэкларацыям.
Ёсць вялікія сумневы ў тым, што Пуцін зацікаўлены ў міры і збіраецца паціскаць руку Зяленскаму, але перадышка ў вайне здаецца ўсё больш неабходнай для Расіі. Адначасова няма ўпэўненасці і ў тым, што Зяленскі сапраўды адмовіцца ад прамой сустрэчы з кіраўніком Крамля, калі зробяць адтуль такую прапанову, асабліва калі контрнаступленне не прынясе галавакружных поспехаў (а пакуль не прыносіць). У сітуацыі беспаспяховага контрнаступлення мірная перадышка можа востра спатрэбіцца і Украіне, каб сабрацца з новымі сіламі.
Тут Лукашэнка якраз і можа спатрэбіцца, аказаўшыся тым карысным таварышам, што дапаможа захаваць твар Зяленскаму і Пуціну, якія зацікаўлены ў дамоўленасцях, але рызыкуюць рэпутацыяй, калі пойдуць на іх наўпрост. З тэхнічнай часткай гэтай задачы Лукашэнка ўжо спраўляўся. Арганізацыя першых раўндаў расійска-ўкраінскіх перамоў, мяркуючы па ўсім — менавіта яго заслуга. Хоць тады здавалася, што правядзенне такіх перамоў на тэрыторыі Беларусі ўжо немагчымае, а ў выніку прайшлі тры раўнды.
Гэтая гісторыя можа паўтарыцца з той розніцай, што сам украінска-расійскі перамоўны працэс можа падняцца на ўзровень Лукашэнкі і пайсці непасрэдна праз яго.
З усіх замежных кіраўнікоў Лукашэнка карыстаецца самым вялікім даверам Пуціна і на прамой сувязі з ім 24/7. Ён можа быць рэтранслятарам любых прапаноў у Крэмль, гарантуючы прамую дастаўку да адрасата, і з Крамля таксама. Гісторыя ўрэгулявання канфлікту з Прыгожыным красамоўна прадэманстравала дзеяздольнасць гэтага канала.
Для Украіны перавагі Лукашэнкі як пасярэдніка таксама ёсць. Патэнцыйна ён можа стаць для Кіева крыніцай важнай інфармацыі пра сітуацыю і планы Крамля, бо азнаёмлены з імі больш, чым хто-небудзь яшчэ. Выступаючы на баку Масквы, Лукашэнка, тым не менш, не зацікаўлены ў разрастанні канфлікту і тым больш ва ўцягванні ў яго Беларусі наўпрост, што супадае з украінскімі інтарэсамі. Таму ў выпадку прыцягнення Лукашэнкі да перамоўнага працэсу, ён хутчэй за ўсё будзе спрабаваць уседзець на двух крэслах, дэманстраваць карыснасць абодвум бакам, таму што іншы варыянт пасрэдніцтва ні да чаго не прывядзе.
Усё гэта, вядома, так ці інакш узмацняе пазіцыі Лукашэнкі, якога ўжо столькі разоў спісвалі ва ўтыль з пячаткай крамлёўскай марыянеткі. Хоць вайна Расіі супраць Украіны шмат у чым згуляла яму на руку. Фокус міжнароднай увагі зрушыўся на Пуціна, немагчымае стала магчымым, калі казаць, напрыклад, пра вяртанне ў Беларусь ядзернай зброі. Ядзерныя мары Лукашэнкі спраўджваюцца (ці ўжо спраўдзіліся — калі верыць афіцыйным паведамленням). Плюс да ўсяго, ён прымудраецца дэманстраваць свае магчымасці ў крызісах, дзейнічаючы, а не ствараючы ўражанне бурнай дзейнасці, як некаторыя.
Пытанне ў тым, ці ёсць ва ўсім гэтым што-небудзь пазітыўнае для Беларусі? Калі адбудзецца падключэнне Лукашэнкі да ўкраінска-расійскага перамоўнага працэсу і яму ўдасца вярнуць мірныя перамовы на тэрыторыю Беларусі (а гэта ў яго інтарэсах), то будзе карысць і для Беларусі. У такім выпадку знізяцца рызыкі ўключэння Беларусі ў вайну наўпрост. У бягучых непрадказальных і выбухованебяспечных рэаліях гэта ўжо нямала.