Расійскія СМІ згубілі генерала — і аніяк не могуць знайсці

Расійскія ТГ-каналы і недзяржаўныя медыя пішуць пра затрыманне камандуючага войскамі РФ ва Украіне генерала Суравікіна. Афіцыйныя СМІ палічылі за лепшае прамаўчаць.

Камандуючы расійскімі войскамі генерал Сяргей Суравікін знік з медыяпрасторы. Ілюстрацыйнае фота: Associated Press

Камандуючы расійскімі войскамі генерал Сяргей Суравікін знік з медыяпрасторы. Ілюстрацыйнае фота: Associated Press

Нягледзячы на тое, што расійская прапаганда вызначылася з асноўнымі тэзісамі ў дачыненні да спробы ўзброенага перавароту, інфармацыйнае поле працягвае ліхаманіць. Узнікае занадта шмат пытанняў, адказы на якія альбо яшчэ не падрыхтаваны, альбо настолькі абсурдныя, што не задавальняюць нават існуючую ў альтэрнатыўнай інфармацыйнай рэальнасці аўдыторыю расСМІ, паказаў маніторынг «Media IQ».

Верагодна, Пуцін плануе вярнуць кантроль над сілавымі структурамі і Узброенымі сіламі — дакладней, над іх кіраўніцтвам. Менавіта гэтым можна растлумачыць чуткі пра затрыманне генерала Суравікіна, што з'явіліся 28 чэрвеня ў некаторых расійскіх медыя і тэлеграм-каналах. Суравікін знік з публічнай прасторы пасля таго, як раніцай 24 чэрвеня запісаў зварот да байцоў ПВК «Вагнер», заклікаўшы іх «спыніцца» і не браць удзелу ў мяцяжы. Ён не прысутнічаў ні на адным з мерапрыемстваў, і нават на тых, дзе быў Пуцін. У той час як іншыя чыноўнікі, адносна якіх хадзілі розныя чуткі (у тым ліку міністр абароны Сяргей Шайгу і нават зусім непублічны Віктар Золатаў, які ўзначальвае Расгвардыю), ужо неаднойчы з'явіліся ў СМІ.

У расійскіх медыя Суравікін паўстае сувязным звяном паміж Прыгожыным і Мінабароны РФ. Пры гэтым сам заснавальнік «Вагнера», які нястрымна крытыкуе вайсковае кіраўніцтва, да Суравікіна ставіўся падкрэслена лаяльна. У траўні, пасля абвастрэння канфлікту з Мінабароны, Прыгожын заявіў, што сувязь з вайсковым кіраўніцтвам ён пачаў ажыццяўляць праз яго.

Версіі і здагадкі

Увечары 28 чэрвеня так званы ваенкар Уладзімір Раманаў апублікаваў у сваім тэлеграм-канале допіс пра тое, што намесніка камандуючага аб'яднанай групоўкай расійскіх войскаў ва Украіне генерала Сяргея Суравікіна «забралі» ў Маскоўскі СІЗА «Ляфортава». Пазней ён удакладніў, што гэта адбылося яшчэ 25 чэрвеня, калі ПВК пакінула Растоў, спыніла «марш» на Маскву і вярталася ў свае лагеры. Паведамленне Раманава з'явілася на фоне выхаду матэрыялу «The New York Times», дзе са спасылкай на амерыканскіх чыноўнікаў, блізкіх да выведкі, сцвярджалася, што Суравікін «загадзя ведаў пра планы Яўгена Прыгожына паўстаць супраць вайсковага кіраўніцтва Расіі» і нібыта таму заклікаў «вагнераўцаў» спыніцца. Больш за тое, выданне мяркуе, што падтрымаць Прыгожына маглі і іншыя расійскія генералы.


Глядзіце таксама

Прыкладна ў той жа час у тэлеграм-канале «Рыбарь» з больш чым 1,2 млн. падпісчыкаў сцвярджалася, што Суравікіна «не відаць з суботы: пра тое, дзе знаходзіцца «генерал Армагедон», дакладна невядома, існуе версія, што ён на допытах».

У сваю чаргу, былы галоўны рэдактар «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў запэўнівае, што Суравікін «не знаходзіцца ў «Ляфортава», але ўжо тры дні «не выходзіць на сувязь са сваёй сям'ёй». У той жа час яго намеснік, генерал-палкоўнік Андрэй Юдзін, знаходзіцца ў адпачынку, а «затым (хутчэй за ўсё) будзе адпраўлены / напіша рапарт аб адстаўцы». Пазней Венядзіктаў удакладніў: «Юдзін звольнены, рапарт падпісаны».  

29 чэрвеня на прапагандысцкім тэлеграм-канале «МИГ России» паведамілі, што Суравікін «сёння быў на нарадзе ў Растове». Аднак журналіст Дзмітрый Калязеў, згадаўшы свае крыніцы, гэту інфармацыю не пацвердзіў, заўважыўшы, што «гэта можа быць укідам, каб пагасіць незадаволенасць у войсках: камандзіры задаюць пытанні, дзе іх камандуючы». Больш за тое, паводле версіі Калязева, міністр абароны РФ «баіцца вяртання Суравікіна» і, «апраўдваючыся перад Пуціным, ён абвінаваціў Суравікіна ў здрадзе». Журналіст мяркуе, што пра арышт генерала пакуль гаворкі не ідзе, бо «афіцэры за яго».

Дзве крыніцы «Важных историй», заяўленыя як блізкія да Генштаба РФ, не пацвярджаюць арышт Суравікіна, але расказваюць пра тое, што яго дапытвалі і адпусцілі.

Характэрна, што кантраляваныя ўладай расСМІ на фоне актыўных абмеркаванняў сітуацыі з Суравікіным у тэлеграм-каналах палічылі за лепшае адмоўчвацца. Верагодна, не атрымаўшы адпаведных інструкцый. У той час як ліберальныя (напрыклад, «Медуза») аператыўна маніторылі падзеі і версіі.

Рэакцыя афіцыйных асоб

Праўладныя СМІ падключыліся тады, калі на фоне чутак і валу інфармацыі ўзнікла неабходнасць у афіцыйных каментарах. Са спасылкай на заявы прэс-сакратара Крамля Дзмітрыя Пяскова медыя актыўна запэўнівалі, што звесткі пра дасведчанасць Суравікіна наконт падрыхтоўкі бунту — не больш чым спекуляцыя. РасСМІ дакучліва распаўсюджваюць перасцярогу Пяскова аб тым, што вакол «бунту Прыгожына» «будзе шмат розных спекуляцый, домыслаў і гэтак далей». Аўдыторыю рыхтуюць да таго, што любую інфармацыю па-за афіцыйнымі СМІ, у тым ліку з тэлеграм-каналаў так званых ваенкараў і нават прапагандыстаў, нельга прымаць на веру. Безумоўнага даверу заслугоўвае толькі матэрыял са спасылкай на словы ўпаўнаважанай уладай асобы.


Глядзіце таксама

Усе пытанні пра Суравікіна прэс-сакратар Пуціна пераадрасаваў у Мінабароны РФ. Журналістам далі зразумець, што каментары пра вайсковае кіраўніцтва — «прэрагатыва міністэрства». Выклікае асаблівую цікавасць рэакцыя Пяскова на пытанне пра тое, ці давярае Пуцін Суравікіну. Прэс-сакратар адзначыў, што «вярхоўны галоўнакамандуючы... працуе з міністрам абароны, з начальнікам Генштаба», а ўсё, што тычыцца «структурных усіх падраздзяленняў унутры міністэрства — гэта я вас прашу звяртацца да міністэрства». На прапанову пракаментаваць пазіцыю Крамля адносна неабходнасці «здымаць з пасад сілавікоў і вайскоўцаў, якія мелі сувязі з заснавальнікам ПВК «Вагнер» Яўгенам Прыгожыным» Пяскоў проста адмовіўся размаўляць, заявіўшы: «На гэту тэму мне больш няма чаго сказаць».

Неістотна растлумачыў сітуацыю з Суравікіным і адказны сакратар грамадскай назіральнай камісіі Аляксей Мельнікаў. Ён заявіў, што генерала «не ўтрымліваюць у маскоўскім СІЗА «Ляфортава», няма яго і ў іншых ізалятарах часовага ўтрымання». Журналістаў і атрымальнікаў інфармацыі расСМІ прывучаюць да таго, што неабходная інфармацыя будзе паведамлена кампетэнтнай структурай у належны час. Інакш гэта не інфармацыя, а «спекуляцыя».

Рэзюмэ

Па выніках выступлення ПВК «Вагнер» назіраецца змена інфармацыйнай палітыкі Крамля. Сітуацыя з Прыгожыным прадэманстравала, што канцэнтрацыя матэрыяльнага і інфармацыйнага рэсурсу ў руках чалавека, які нават выказвае поўную лаяльнасць Пуціну, не гарантуе яго лаяльнасці сістэме і чыноўнікам.

Калі інтарэсы заснавальніка «Вагнера» ўвайшлі ў супярэчнасць з інтарэсамі іншых прызначэнцаў — ён пачаў дзейнічаць. Дастаткова згадаць, што да пачатку канфлікту з кіраўніцтвам Мінабароны РФ і Генштабам Прыгожын брутальна і не выбіраючы выразаў высвятляў адносіны з губернатарам Санкт-Пецярбурга Аляксандрам Бягловым. Тая гісторыя наглядна прадэманстравала ўменне Прыгожына эфектыўна выкарыстоўваць інфармацыйныя рэсурсы. А «марш справядлівасці «Вагнера» паказаў, што нягледзячы на ўсе намаганні апошніх некалькіх гадоў інфармацыі шмат і яна далёка не ўся знаходзіцца пад кантролем.


Глядзіце таксама

Крэмль імкнецца фарміраваць навінавую павестку і падтрымліваць створаную альтэрнатыўную інфармацыйную рэальнасць, аднак ліквідаваць усе альтэрнатыўныя каналы не атрымліваецца. Спробай выправіць сітуацыю стала нядаўняя сустрэча Пуціна з так званымі ваенкарамі. Прапаганда будзе прыкладаць усе намаганні для таго, каб узяць іх пад кантроль, аднак гэта адаб'ецца не толькі на аператыўнасці інфармацыі, але і на эфектыўнасці кіравання масавай свядомасцю. Крамлёўская прапаганда, раней якая імкнулася фарміраваць інфармацыйную павестку і дзейнічаць на апярэджанне, ужо сёння вымушана працаваць па факце — апраўдваючыся, абвяргаючы і тлумачачы. Аднак гэта не перашкодзіць расійскай уладзе паспрабаваць узяць пад жорсткі кантроль Telegram і іншыя альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі.