Прафесар Вардамацкі: Беларусы сталі больш арыентавацца на Расію
У новым сацыялагічным даследаванні заўважны рост прарасійскіх настрояў сярод беларусаў, якія знаходзяцца ўнутры краіны. Пра што гэта сведчыць?
Масавыя рэпрэсіі і поўнамаштабная вайна Расіі ва Украіне мяняюць беларускае грамадства, аднак зусім не так, як гэтага чакалі эксперты. «Беларуская аналітычная майстэрня» прэзентавала даследаванне «Дыскамфорт грамадскай думкі», куды ўвайшлі апытанні беларусаў у розныя перыяды, у тым ліку ў верасні 2022 года і траўні 2023-га. Беларусаў, якія жывуць у краіне, апытвалі праз тэлефон — у рэпрэзентатыўнай выбарцы прадстаўлены ўсе слаі насельніцтва, уключаючы вясковае. Пра вынікі даследавання «Deutsche Welle» расказаў вядомы беларускі сацыёлаг, прафесар Андрэй Вардамацкі.
Не раскол, але палярызацыя
— Андрэй Пятровіч, чаму з'явілася слова «дыскамфорт» у назве даследавання?
— Гэта кажа пра тое, што грамадская думка цяпер менш камфортная для дэмакратычных лідараў, у адрозненне ад таго, што было ў 2020 годзе. Расколу ў грамадстве няма, але можна гаварыць пра палярызацыю. Дыскамфорт выяўляецца адразу па некалькіх паказчыках.
— Па якіх прыкметах можна зразумець, што грамадства стала менш праеўрапейскім?
— З пачаткам вайны пачалі адбывацца такія змены, пра якія мы не думалі і якіх не прадбачылі. Больш за тое, лічылі, што будзе проста наадварот.
Каб вымераць геапалітычныя арыентацыі, задавалася пытанне: «У саюзе з кім было б лепш жыць народу Беларусі: з Еўрапейскім Саюзам або з РФ?» Менавіта ў такім выглядзе — з двума варыянтамі адказу. Трэцяя опцыя — «па-за ўсялякімі саюзамі» — не ўводзілася свядома, каб убачыць паводзіны рэспандэнтаў у сітуацыі жорсткага выбару «або-або». Калі рабіць сярэднія гадавыя выкладкі, то ў 2018 годзе на Расію арыентаваліся 60%. У 2019 РФ пры такой жа пастаноўцы пытання выбіралі 50%, у 2020-м усярэдненая лічба была ўжо 45%. Гэта значыць, з года ў год ішло падзенне арыентацыі на Расію, адчувальнае сацыяльна, псіхалагічна і светапоглядна.
— У лістападзе 2020 года большасць апытаных выбіралі ЕС, аднак ужо ў снежні зноў Расія вярнула ранейшыя пазіцыі. Што адбылося за гэтыя месяцы?
— Ёсць некалькі прычын, сярод іх важным з'яўляецца тое, што прыйшоў транш ад Расіі — матэрыяльная дапамога. Так, пратэсна настроеныя людзі ўспрынялі гэта як дапамогу рэжыму Лукашэнкі, але быў значны пласт людзей, якіх цяпер называюць «ябацькамі», і яны палічылі гэта дапамогай Беларусі ў цяжкі для яе момант. І гэта спрацавала.
Заўважна, што дынаміка геапалітычных арыентацый пайшла па-іншаму з моманту пачатку вайны, дакладней, з моманту пачатку рэпрэсій — сістэмных, жорсткіх, паслядоўных і масавых. Арыентацыя на Расію пачала расці. Аднак у верасні 2022 года і ў маі 2023 года паказчыкі прыкладна аднолькавыя. І галоўнае пытанне: у беларускай грамадскай думцы патэнцыял прарасійскіх настрояў ужо вычарпаны або магчымы далейшы рост?
Расійскія СМІ сталі працаваць у Беларусі больш інтэнсіўна
— Чаму гэта рост наогул адбыўся?
— Гэта звязана са зменамі ў медыяполі. У Беларусі велізарная колькасць СМІ абвешчана «тэрарыстычнымі», «экстрэмісцкімі» і г. д. У недзяржаўных СМІ менш магчымасцей, чым у дзяржаўных, што-небудзь рабіць унутры краіны. Акрамя таго, сталі больш інтэнсіўна працаваць расійскія СМІ на тэрыторыі Беларусі. І тут гаворка ідзе не пра традыцыйна вялікія рэйтынгі тэлебачання, якія былі заўсёды. Размова пра пранікненні ў Інтэрнэт — такога не было ніколі.
Трэба адзначыць і тое, як асвятляюць падзеі беларускія дзяржСМІ. «Дажынкі» і святы, нейкія эканамічныя ўмоўныя дасягненні інтэнсіўна асвятляюцца, а вайна, якая ідзе на мяжы з Беларуссю, — не. З аднаго боку, вайны як бы няма, а з другога боку — Расія падаецца ў пазітыўным вобразе, без сувязі з вайной.
— Што яшчэ гаворыць пра тое, што беларусы сталі больш арыентавацца на Расію?
— Калі задаць пытанне па-іншаму («Які з варыянтаў аб'яднання Расіі і Беларусі Вам асабіста больш падабаецца») і пералічыць розныя варыянты, адказ «Уваходжанне ў склад РФ» цягам апошніх 20 гадоў выбіралі блізу 5%. Цяпер мы ўпершыню сутыкнуліся з тым, што гэтая лічба вырасла да 8,7%.
На тое, што ў Беларусі мяняецца стаўленне да Расіі, паўплывала і палітыка Еўрасаюза. ЕС апошнім часам абмяжоўвае ўезд людзей з Беларусі, і гэта ўспрымаецца так: у цяжкі і небяспечны для нас момант нам не падалі рукі дапамогі. І гэта адбіваецца на ўзроўні праеўрапейскай арыентацыі, якая не расце.
Многія беларусы знаходзяцца ў інфакокане
— Вы замяралі і тое, як людзі ставяцца да размяшчэння расійскіх войскаў у Беларусі.
— І мы бачым, што колькасць тых, хто ставіцца да гэтага негатыўна, і колькасць тых, хто ставіцца да гэтага станоўча, прыкладна аднолькавая. Чаму так? Людзі кажуць: «Яны нас ад чагосьці абараняюць» і гэтак далей. Гэта і ёсць праява ўздзеяння медыя.
У выніку сфарміраваліся два інфармацыйныя коканы — «не вайне» і «няма вайны». Прадстаўнікі «не вайне» — прасунутая, інфармаваная частка беларускага грамадства ўнутры Беларусі, дыяспара. У другі кокан — «няма вайны» — інфармацыя з медыя не паступае, а непасрэдных пацвярджэнняў няма: вакол нічога не выбухае. Вельмі вялікая колькасць людзей унутры Беларусі якраз і знаходзяцца ў такім інфакокане.
— Якія яшчэ праблемы хвалююць ці, наадварот, не хвалююць беларусаў?
— Мы бачым, што змяншаецца колькасць людзей, якія лічаць, што стан беларускай эканомікі пагаршаецца. І наадварот, колькасць тых, хто лічыць, што ён альбо ранейшы, альбо стаў лепшым, узрастае. Гэта значыць, гаворка цяпер не будзе ісці пра тое, што эканамічныя прычыны спрацуюць у сэнсе ўзнікнення пратэстаў.
Самымі сур'ёзнымі праблемамі беларусы лічаць рост цэн і пагрозу ўцягвання краіны ў поўнамаштабную вайну ва Украіне — 33,7% і 28,7% апытаных. А вось гуманітарныя праблемы, такія, як парушэнне правоў чалавека, клапоцяць толькі 5,1% апытаных.
— На сёмым месцы сярод праблем — эміграцыя беларусаў. Тых, хто з'ехаў, у краіне ўсё яшчэ лічаць «сваімі»?
— Беларуская ідэнтычнасць — вельмі шырокая тэма. Я раскажу толькі пра адзін з індыкатараў. Самы папулярны адказ на пытанне «Каго вы можаце лічыць беларусам?» — «Таго, хто любіць Беларусь». Затым ужо ідуць больш канкрэтныя індыкатары: грамадзянства, бацькі-беларусы, мова і г. д. Так што беларуская ідэнтычнасць цяпер носіць эмацыйна-абстрактны характар.
— А ці было калі-небудзь інакш?
— Быў этап, калі галоўным крытэрам была прыналежнасць да тэрыторыі і да дзяржавы. Зараз жа: я беларус, бо люблю Беларусь.
— Статыстыка сумная, вядома.
— Перад новым, 2023-м, мы пыталіся, што адчуваюць беларусы ў чаканні новага года. І бачым, што дамінуе пачуццё надзеі — 51%. Гэта значыць, нягледзячы ні на што, нягледзячы на вайну, на абмежаванні ў грамадзянскім жыцці, беларусы спадзяюцца.
— На што спадзяюцца? На мір? Перамены? Што Лукашэнка сыдзе?
— Абагульняючы — на ўсё добрае.