Зяленскі паставіў умову для сваёй паездкі на саміт NATO?

Дарадца Зяленскага назваў умову ўдзелу прэзідэнта Украіны ў саміце NATO — лідары заходніх дзяржаў павінны праявіць «мужнасць». 

Уладзімір Зяленскі. Кадр з вечаровага выступу 29 чэрвеня 

Уладзімір Зяленскі. Кадр з вечаровага выступу 29 чэрвеня 

Украіна хоча атрымаць запрашэнне пачаць працэс уступлення ў NATO на саміце альянсу ў ліпені, які пройдзе ў Літве, і прэзідэнт Уладзімір Зяленскі не будзе прысутнічаць на ім, калі лідары не праявяць «мужнасці», піша ВВС. 

Пра гэта агенцтву Reuters заявіў у чацвер намеснік кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Ігар Жоўква, галоўны дыпламатычны саветнік Зяленскага.

З ягоных слоў, Кіеў хацеў бы, каб саміт NATO, які адбудзецца 11-12 ліпеня ў Вільні, даў адказ на заяўку аб сяброўстве ў NATO, якую Украіна падала 30 верасня мінулага года.

«Гэтая заяўка цяпер знаходзіцца на стале лідараў саюзнікаў па NATO. Віленскі саміт быў бы вельмі добрым пачаткам для адказу на гэтую заяўку. І пад адказам мы маем на ўвазе запрашэнне да сяброўства, што з'яўляецца толькі першым этапам», — сказаў Жоўква.

Нагадаем, саюзнікі Кіева разыходзяцца ў меркаваннях адносна таго, як хутка Украіна павінна ўступіць у NATO, а некаторыя заходнія краіны асцерагаюцца любых крокаў, якія могуць наблізіць альянс да вайны з Расіяй.

У інтэрв'ю агенцтву памочнік Зяленскага сказаў, што Кіеў уважае магчымым далучэнне да NATO ва ўмовах вайны Расіі супраць Украіны. «Мы просім пачаць працэдуру», — сказаў ён. І стукнуў па стале ў нейкі момант, каб узмацніць свой пункт гледжання, піша агенцтва Reuters.

Украіна мяркуе, што яе супрацьстаянне расійскаму ўварванню дэманструе тое, што краіна вартая ўступлення ў NATO і паказала сябе ў якасці ключавой часткі трансатлантычнай бяспекі.

Раней у офісе Зяленскага заяўлялі, што напярэдадні саміту Зяленскі прыме пастанову, ехаць яму ў Вільню ці не. Яго адсутнасць зацемніць любую дэманстрацыю адзінства Захаду на саміце. Аднак у той жа час няяўка на саміт можа пазбавіць Кіеў неацэнных асабістых сустрэч з лідарамі самых верных прыхільнікаў Украіны, адзначае агенцтва. Бо канчатковыя вынікі буйных самітаў, як правіла, становяцца вынікам працяглых перамоваў.


Таксама ўчора Зяленскі заклікаў пачаць перамовы аб уступленні Украіны ў ЕС

Украіна цалкам гатовая пачаць перамовы аб уступленні ў Еўрасаюз, адзначыў Зяленскі.

У гэтым годзе час узмацніць адзінства ў Еўропе — у прыватнасці, пачаткам перамоў аб сяброўстве Украіны ў Еўрапейскім Саюзе. Пра гэта заявіў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім звароце 29 чэрвеня.

«Украіна ўплывае на сілу Еўропы — гэта факт. І сёлета чае на аснове гэтага і іншых падобных фактаў узмацніць адзінства ў Еўропе — у прыватнасці, пачаткам перамоў аб сяброўстве Украіны ў Еўрасаюзе.

Я ўдзячны ўсім, хто працуе дзеля Украіны, украінцаў, хто захоўвае і стварае новыя працоўныя месцы, хто плаціць падаткі і хто ўжо рыхтуецца да нашага аднаўлення – да маштабнай праграмы трансфармацыі Украіны, якую мы рэалізуем абавязкова пасля нашай перамогі.

І вядома, нашы воіны, наша абарона. Я дзякую кожнаму і кожнай, хто абараняе нашу дзяржаву! Дзякуй усім, хто цяпер у баі, хто сёння даў нам лепшую навіну — аб прасоўванні наперад ўкраінскіх пазіцый. Слава вам, нашы героі! Дзякуй усім у свеце, хто нам рэальна дапамагае!», — сказаў украінскі кіраўнік.


zjalenski_sacsetki.jpg