СМІ: Генерал Суравікін арыштаваны пасля бунту ПВК
Былы галоўны рэдактар «Эхо Москвы» Аляксей Венедыктаў сцвярджае, што паводле наяўнай у яго інфармацыі генерал Сяргей Суравікін, камандуючы ВКС Расіі і намеснік камандуючага расійскімі войскамі ва Украіне, тры дні не выходзіць на сувязь з уласнай сям'ёй. Па сцвярджэннях Венедыктава, немагчыма звязацца і з яго аховай.
Так Венедыктаў, які мае мноства крыніц у расійскіх уладных колах, пракаментаваў паведамленні, якія з'явіліся ў сераду, аб меркаваным арышце генерала ў сувязі з роляй, якую ён нібыта адыграў у мяцяжы ПВК «Вагнер».
Выданне The Moscow Times са спасылкай на крыніцы, блізкія да Мінабароны, выступіла са сцвярджэннем, што Суравікін арыштаваны. На пытанне журналістаў пра тое, дзе цяпер знаходзіцца генерал, крыніца адказала: «Гэтую інфармацыю ў нас нават па ўнутраных каналах не каментуюць».
Афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі няма. Раней аб меркаваным арышце Суравікіна паведамлялі некаторыя праваенныя тэлеграм-каналы. Блогер Уладзімір Раманаў пісаў, што генерала арыштавалі яшчэ 25 чэрвеня, гэта значыць, на наступны дзень пасля завяршэння бунту ПВК «Вагнер».
Іншыя праваенныя каналы, аднак, сцвярджаюць, што генерал не арыштаваны, а толькі піша тлумачальныя запіскі ў сувязі з мяцяжом. Мінабароны РФ нічога не паведамляла пра лёс генерала.
Сам Суравікін апошні раз з'яўляўся на публіцы ўвечары 23 чэрвеня. Тады ён запісаў відэазварот, у якім заклікаў байцоў ПВК «Вагнер» спыніцца. Дзе цяпер генерал — невядома.
Выданні The New York Times і Wall Street Journal у сераду, 28 чэрвеня, пісалі, спасылаючыся на крыніцы ў выведцы ЗША, што Суравікін мог ведаць наконт планаў Яўгена Прыгожына выступіць супраць вайсковага кіраўніцтва. Пра тое, ці падтрымліваў ён сам мяцеж, крыніцы ў выведцы не маюць пэўнага меркавання.
Наконт магчымага арышту генерала гісторык і палітолаг Уладзімір Пастухоў напісаў у сваім тэлеграме:
“Калі знікненне з публічнай прасторы генерала Суравікіна сапраўды абернецца не тое што яго арыштам, а проста нават паніжэннем на пасадзе, гэта прымусіць цалкам памяняць оптыку, праз якую мы глядзім на падзеі мінулага тыдня. Таму што тады – гэта ўсё ж такі мяцеж, гэта пра ўладу, а не пра грошы, і гэта такі раскол пуцінскіх элітаў. Проста не па той лініі, па якой многім бы хацелася.
Суравікін, прызначаны на пасаду міністра абароны такім чынам (на штыках «Вагнераў»), аўтаматычна ператвараўся б у вайсковага дыктатара Расіі, а Пуцін станавіўся б састарэлым Гіндэнбургам пры ім з перспектывай быць інтэрнаваным у сваім любімым, кранутым цвіллю Геленжыку. Гэта вельмі, дарэчы, падобна на праўду, таму што тлумачыць кіданні Пуціна ў апошнія два дні, якія пачаліся з закрытага параду «для сваіх» у Крамлі і скончыліся палётам на паклон да Кадырава (вось зусім як у Арду).
І, увогуле, менавіта таму што-небудзь зрабіць з Суравікіным складана – пойдуць зусім ужо непатрэбныя размовы і ўтвараюцца зусім ужо недарэчныя думкі. Але і адпусціць проста так, пакінуўшы на сваім месцы, няпроста. Ну врось хоць звяртайся па дапамогу да Буданава».
Суравікін — адзін з найбольш вядомых расійскіх генералаў, восенню ён быў прызначаны камандуючым усёй групоўкай расійскіх войскаў ва Украіне. З яго імем звязана кампанія па бамбардзіроўцы ўкраінскіх энергетычных аб'ектаў, будаўніцтва лініі ўмацаванняў на акупаваных тэрыторыях, здача Херсона і правабярэжжа Дняпра, названая ім «няпростым рашэннем». Пасля ён стаў намеснікам камандуючага.
Суравікіна актыўна хваліла большая частка правоенных расійскіх блогераў. Кіраўнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын таксама адгукаўся пра яго ўхвальна, супрацьпастаўляючы іншым армейскім начальнікам.
Пры гэтым, як пісаў "НЧ", у канцы 2022 года выйшла расследаванне Фонду барацьбы з карупцыяй. Там адзначаецца, што кампанія жонкі на той час камандуючага расійскай групоўкі войскаў ва Украіне генерала Сяргея Суравікіна атрымлівае мільёны ад кампаніі, звязанай з бізнесоўцам Генадзем Цімчанкам. Гэта кампанія здабывае фасфаты ў Сірыі, дзе Суравікін таксама камандаваў расійскімі войскамі. На думку паплечнікаў Навальнага, генерал зарабіў, абараняючы бізнес-інтарэсы Цімчанкі.
У апошняй афіцыйнай дэкларацыі Суравікіных адзначаецца, што з 2017 да 2019 года генерал зарабіў сумарна 30,9 мільёна рублёў, а яго жонка — 19,7 мільёна. Пасля 2019-га Мінабароны РФ засакрэціла інфармацыю аб даходах кіраўніцтва арміі. Кіраўнік маскоўскага бюро Financial Times Макс Седон назваў Суравікіна карумпаваным і брутальным генералам нават па стандартах расійскай арміі.
Паводле www.ekhokavkaza.com, сацсетак, unian.net.