Уладзімір Пастухоў: Ніхто не ведае, дзе і калі рване ў Расіі наступны раз
Некалькі
слоў пра метафізіку бунту… «Выпадак Прыгожына» адназначна даказвае,
што сітуацыя рване, і рване так, што мала нікому не падасца. Гісторык і
палітолаг Уладзімір Пастухоў разважае пра тое, што гістарычная тэндэнцыя яскрава
прасочваецца — і яна не радуе.
Думкі на гэту тэму былі ў мяне, уласна, задоўга да бунту, ды ўсё няма калі было іх запісаць. Мяцеж Прыгожына толькі актуалізаваў гэту працу — падаў матэрыял, які вельмі выпукла, відавочна і ўражліва ілюструе праблему.
Праз тыдзень пасля путчу мы сталі сведкамі дзіўнай дыскусіі паміж «тупаканцовымі» і «востраканцовымі» наконт таго, быў прыгожынскі мяцеж «запуцінскім» або «антыпуціскім». Абодва бакі будуюць сваю пазіцыю на аснове «фактаў» — і складаюць вонкава бездакорны ланцужок з падзей, якія нібыта безумоўна даказваюць іх правату ды абвяшчаюць процілеглы пункт гледжання поўнай бязглуздзіцай.
Можна было б запярэчыць, што любы падзейна-фактычны ланцужок сёння апрыёры з'яўляецца няпоўным, хоць бы таму, што большасць фактаў нам пакуль невядома.
Можна было б сказаць, што само проціпастаўленне гэтых дзвюх трактовак бунту, тым больш арыентаваных не на яго аб'ектыўнае гістарычнае значэнне, а на матывы яго натхняльнікаў і арганізатараў, з'яўляецца штучным. Прапуцінскім або запуцінскім быў мяцеж, мы даведаемся толькі постфактум і, думаю, вельмі няхутка. Але ўсё гэта насамрэч неістотна. А істотна тое, што сам пазітывісцкі метад, заснаваны на аналізе падзей-фактаў, цалкам бескарысны пры спробе даць ацэнку з'явам такога маштабу. І вось чаму.
Расія, на мой погляд, перажывае тое, што я б назваў квантавым станам. Умоўна кажучы, кожная цяперашняя падзея, узятая ізалявана, у такі момант гісторыі можа быць інтэрпрэтавана дваяка, прычым абедзве інтэрпрэтацыі будуць парадаксальным чынам правільныя.
Можна выбудаваць ланцужок падзей, аналізуючы які, мы практычна непазбежна прыйдзем да высновы, што ўсё існае не проста разумна, але яшчэ і вечна, а можна гэты ж ланцужок падзей вывернуць навыварат і з пенай у рота даказваць, што «бура ўсё роўна ідзе».
Я глыбока перакананы, што вызначыцца, якая з названых трактовак квантавага стану грамадства з'яўляецца правільнай, застаючыся ў рамках пазітывісцкага (гэта значыць, заснаванага выключна на аналізе «наяўных» фактаў) падыходу, практычна немагчыма.
Погляд на бунт як на падзею прыватную і выпадковую ў адносінах да пуцінскай сістэмы ў рамках гэтага падыходу мае роўна столькі ж падстаў, як і погляд на яго як на індыкатар глыбокага сістэмнага крызісу. Застаючыся ўнутры пазітывісцкага падыходу, перабягаючы ад факта да факта, ніхто нічога нікому не дакажа.
На шчасце, правілы палітычнай філасофіі не маюць такога роду абмежаванняў. Яны дазваляюць разглядаць падзеі ў больш гнуткім, імавернасным гістарычным кантэксце. І як толькі мы змяшчаем путч, які адбыўся на мінулым тыдні ў Расіі, у больш шырокі гістарычны кантэкст, які дазваляе не толькі фіксаваць факты, але і адсочваць тэндэнцыі, яго (путчу) квантавая нявызначанасць знікае, а інтэрпрэтацыя становіцца значна больш адназначнай.
Гэта самая сур'ёзная праява крызісу сістэмы за ўвесь час знаходжання Пуціна ва ўладзе, якая сыходзіць сваімі каранямі ў яе аснову.
Можна колькі заўгодна ганяць па крузе падзеі і факты ў доказ таго, што гэта была звычайная разборка (трохі выйшла за чырвоныя лініі) пуцінскіх кланаў, якія не падзялілі бюджэтных патокаў, але ні адзін з гэтых фактаў не можа абвергнуць тэндэнцыі.
А тэндэнцыя простая: кожная наступная міжкланавая вайна становіцца крывавейшай і небяспечнейшай для рэжыму, чым папярэдняя.
Ніхто не ведае, дзе і калі рване ў наступны раз, здарыцца гэта да смерці Пуціна ці ўжо пасля яе, але «выпадак Прыгожына» адназначна даказвае, што рване, і рване так, што мала нікому не падасца. Вось такая яна, метафізіка бунту.