493-ці дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: ахвяры начных абстрэлаў, запаволенае контрнаступленне і ўзмацненне мяжы з Беларуссю
Амаль 500 дзён цягнецца вайна ва Украіне. Расія працягвае абстрэльваць украінскія гарады, а УСУ засяроджана на адваёўванні акупаваных тэрыторый.
***
За мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў у Херсонскай вобласці раненні атрымалі пяць чалавек, сярод іх — адно дзіця, расказаў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі (АВА) Аляксандр Пракудзін. «За мінулыя суткі праціўнік здзейсніў 82 абстрэлы, выпусціўшы 445 снарадаў з мінамётаў, артылерыі, танкаў, "Градаў" і БПЛА. Па горадзе Херсон вораг выпусціў 5 снарадаў», — напісаў ён у Telegram-канале.
У Харкаўскай вобласці пры абстрэле вёскі Сінькоўка Купянскага раёна 30 чэрвеня атрымаў раненні і быў шпіталізаваны 57-гадовы мужчына, паведаміў кіраўнік Харкаўскай вобласці Алег Сінягубаў. Паводле яго слоў, войскі РФ на працягу сутак абстрэльвалі памежныя і прыфрантавыя населеныя пункты Купянскага і Чугуеўскага раёнаў вобласці. Пад удары, у прыватнасці, патрапілі Гацішча, Агурцова, Двурэчанскае, Сінькоўка і іншыя населеныя пункты.
У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі трое мірных жыхароў: двое — у Сяргееўцы і адзін — у Мікалаеўцы, паведаміў кіраўнік АВА рэгіёна Павел Кірыленка ў Telegram-канале. Акрамя таго, дзесяць грамадзянскіх атрымалі раненні. Паводле звестак украінскага боку, да раніцы 1 ліпеня агульная колькасць мірных грамадзян Данецкай вобласці, забітых расійскімі вайскоўцамі, склала 1589 чалавек — без уліку ахвяр у Марыупалі і Валнавасе, устанавіць колькасць якіх цяпер немагчыма. Яшчэ 3786 чалавек у вобласці атрымалі раненні.
***
За мінулыя суткі Расія нанесла па тэрыторыі Украіны восем ракетных і 58 авіяцыйных удараў, а таксама здзейсніла больш за 50 абстрэлаў пазіцый украінскіх войскаў і населеных пунктаў краіны з рэактыўных сістэм залпавага агню (РСЗА), паведаміў Генеральны штаб УСУ. «У выніку ўдару крылатай ракетай наземнага базавання "Іскандэр-К" па школе ў Сяргееўцы Данецкай вобласці два чалавекі загінулі і яшчэ шэсць параненыя, школа цалкам разбураная. У выніку абстрэлу расійскімі акупантамі жылога дома ў Антонаўцы Херсонскай вобласці атрымала раненне сям'я з дзіцём. Агулам пашкоджана блізу 30 грамадзянскіх жылых дамоў», — гаворыцца ў ранішняй аператыўнай зводцы ў Facebook.
Асноўныя намаганні Расія па-ранейшаму засяроджвае на Ліманскім, Бахмуцкім і Мар'інскім кірунках, дзе працягваюцца цяжкія баі, адзначае Генштаб. На працягу сутак там адбылося 22 баявыя сутыкненні.
Украінская авіяцыя за мінулыя суткі нанесла 12 удараў па раёнах засяроджання асабовага саставу праціўніка і адзін — па зенітна-ракетным комплексе, гаворыцца ў зводцы. Акрамя таго, паводле звестак украінскага камандавання, падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі УСУ разбілі пункт кіравання РФ, шэсць раёнаў засяроджання жывой сілы, узбраення і вайсковай тэхнікі, тры склады боепрыпасаў, 24 артылерыйскія сродкі на агнявых пазіцыях і станцыю РЭБ расійцаў.
***
Украінскае контрнаступленне, якое пачалося восенню 2022 года, замарудзілася праз тое, што ў вайскоўцаў было недастаткова артылерыі, і прасоўванне наперад у такіх умовах азначала б страту чалавечых жыццяў. Такую заяву зрабіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю іспанскаму анлайн-выданню «Rtve». Зяленскі заклікаў сваіх еўрапейскіх партнёраў працягнуць падтрымку Украіны ўзбраеннем.
У вячэрнім відэазвароце да суграмадзян ён заявіў, што ўкраінская армія за 30 чэрвеня прасунулася наперад «на ўсіх напрамках» сваіх актыўных дзеянняў. Зяленскі дадаў, што на пасяджэнні Стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага УСУ, якое прайшло ў гэты дзень, было разгледжана пытанне аб пастаўцы боепрыпасаў для артылерыі на ўсходнім і паўднёвым напрамках фронту. Раней паведамлялася, што на тым жа пасяджэнні стаўкі была прынятая пастанова аб узмацненні паўночнага напрамку.
Тым часам кіраўнік Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў ЗША генерал Марк Мілі ў пятніцу заявіў, што цяперашняе ўкраінскае контрнаступленне ідзе павольней, чым многія чакалі, але прагрэс няўхільна расце.
«Яно адбываецца павольней, чым прадказвалі, і гэта мяне не здзіўляе, — сказаў Мілі, выступаючы перад аўдыторыяй у Нацыянальным прэс-клубе. — Яно прасоўваецца няўхільна, мэтанакіравана, пракладваючы сабе шлях праз мінныя палі і іншае».
На мінулым тыдні CNN паведаміла, што, на думку заходніх чыноўнікаў, контрнаступленне Украіны «не апраўдвае чаканняў ні на адным фронце», а расійскія лініі абароны аказаліся добра ўмацаванымі, што абцяжарвае прарыў украінскіх войскаў. Акрамя таго, расійскія войскі паспяхова блакуюць украінскую бронетэхніку ракетнымі ўдарамі і мінамі, а таксама больш эфектыўна, чым раней, ужываюць авіяцыю.
***
Па-ранейшаму малаверагодна, што расійскія сілы зробяць наўмысную «аварыю» на Запарожская атамнай элекстрастанцыі. Расія, верагодна, працягвае выкарыстоўваць пагрозу наўмыснага радыялагічнага інцыдэнту, каб паспрабаваць стрымаць контрнаступныя дзеянні Украіны і падтрымку Украіны Захадам напярэдадні саміту NATO, мяркуюць аналітыкі амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW).
«ISW раней выказваў ацэнку, што расійскія сілы не змогуць кантраляваць наступствы наўмыснага радыялагічнага інцыдэнту на ЗАЭС і што радыялагічны інцыдэнт можа яшчэ больш знізіць здольнасць Расіі замацаваць сваю акупацыю паўднёвай Украіны, пакінуўшы раёны непрыдатнымі для жыцця і некіравальнымі», — гаворыцца ў зводцы.
Між тым, верагоднае разбурэнне Расіяй плаціны Кахоўскай ГЭС таксама негатыўна паўплывала на расійскія сілы, так што нельга выключаць магчымыя планы Расіі па сабатажы на ЗАЭС, паказваюць аналітыкі інстытута.
«Расійскія сілы могуць правесці некалькі магчымых радыялагічных тэхнагенных інцыдэнтаў на ЗАЭС, больш і менш сур'ёзных. Расійскія сілы могуць скінуць апрамененую ваду з ЗАЭС у Кахоўскае вадасховішча, каб сарваць патэнцыйную ўкраінскую пераправу праз гэтае цяпер у значнай ступені асушанае вадасховішча. Расійскія сілы таксама могуць паспрабаваць стварыць радыялагічны шлейф, каб ахапіць вялікую тэрыторыю паўднёвай Украіны, хоць рэактары спраектаваныя такім чынам, што зрабіць гэта складана», — адзначаецца ў зводцы.
***
Брытанская вайсковая выведка ў Твітары Міністэрства абароны пацвярджае выснову, якая вынікала з неафіцыйных паведамленняў з абодвух бакоў у апошнія дні: УСУ занялі і ўтрымліваюць плацдарм ля апор разбуранага Антонаўскага моста на левым, процілеглым ад Херсона, беразе Дняпра, большая частка якога ў гэтай плыні ракі застаецца акупаванай. Як пішуць брытанцы, украінскія сілы амаль напэўна аднавілі размяшчэнне асабістага саставу на ўсходнім беразе Дняпра прыкладна з 23 чэрвеня.
З 27 чэрвеня баі сталі больш інтэнсіўнымі. Сілы праціўніка, якія абараняюцца, уключаюць часткі расійскай 7-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой дывізіі, якая адносіцца да групоўкі войскаў «Днепр».
Апошнія тыдні расійскае камандаванне з высокай верагоднасцю перанесла частку сіл групоўкі войскаў «Днепр» з берага Дняпра на ўзмацненне Запарожскага сектара фронту, мяркуе брытанская выведка.
Баі ля апор моста ўскладняюцца абвальваннем Кахоўскай дамбы 6 чэрвеня і яго наступствамі: затапленнем, разбурэннямі і наносамі бруду.
***
Зяленскі даручыў Узброеным сілам Украіны ўзмацніць паўночны кірунак, піша «Бі-бі-сі». Рашэнне было прынята на пасяджэнні Стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага Украіны, на якім быў прадстаўлены асобны даклад па сітуацыі ў Беларусі.
Галоўнакамандуючы УСУ Валерый Залужны ў сваім інтэрв'ю «Washington Post» сказаў, што яго трывожыць перакідка ПВК «Вагнер» на тэрыторыю Беларусі.
«Я шмат чаго асцерагаюся, у тым ліку і "Вагнера", — сказаў Залужны. — Наша задача — падрыхтавацца да горшага і найбольш верагоднага сцэнара. І мы пастараемся мінімізаваць магчымыя наступствы таго, што можа быць».