Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 30 чэрвеня: затрыманне за татуіроўку, ШІЗА для "палітычных" і "экстрэмісцкія" прыхільнікі беларушчыны

Кожны дзень у Беларусі праходзяць затрыманні па палітычных матывах. Праваабаронцы і СМІ фіксуюць хроніку падзей.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

***

Сёння, 30 чэрвеня, Мінскі гарадскі суд вынес прысуд па справе журналіста і відэааператара Паўла Падабеда. Яму інкрымінавалі «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім» паводле ч.3 арт.364-1 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Яўген Пісарэвіч. Ён прысудзіў журналісту 4 гады калоніі — менавіта столькі запрасіў пракурор.

Падабеда абвінавацілі ў супрацоўніцтве з тэлеканалам «Белсат», а таксама ў падрыхтоўцы сюжэтаў для праграм-расследаванняў — у прыватнасці, аб знікненні відэааператара Дзмітрыя Завадскага і забойстве журналіста Паўла Шарамета.

Павел — відэааператар, які працаваў з незалежнымі СМІ. Раней журналіста неаднаразова затрымлівалі пры асвятленні палітычных падзей у Беларусі, у тым ліку пасля 2020 года.

***

Праз татуіроўку з гербам «Пагоня» на назе сілавікі затрымалі супрацоўніка кампаніі «Nova System», якая займаецца аптовым продажам электратэхнічнай прадукцыі сусветных брэндаў. Паведамляецца, што начальніка, які нібыта спрабаваў «перашкаджаць затрыманню» свайго супрацоўніка, таксама затрымалі. З імі знялі «пакаяльныя відэа».

***

У чарговы раз затрымалі былога заснавальніка і выдаўца «Новай газеты Смаргоні» Рамуальда Улана, які толькі ў траўні выйшаў на волю па амністыі. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, ён будзе знаходзіцца ў ІЧУ да панядзелка. Пакуль невядома, у чым яго абвінавачваюць.

У студзені 2021 года Рамуальд Улан быў прысуджаны да 2,5 гадоў «хіміі». Смаргонца абвінавацілі ў «распаўсюдзе загадзя ілжывых звестак, якія ганьбяць гонар і годнасць міліцыянтаў». Апошні раз Улана затрымлівалі 17 чэрвеня — яму далі трое сутак арышту паводле арт.19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).

***

Палітвязня Уладзіміра Гундара ў калоніі змясцілі ў ШІЗА. 6 чэрвеня ў Гродзенскім абласным судзе прайшоў разгляд апеляцыі на прысуд, які пакінулі без змен — 20 гадоў калоніі. Ужо на наступны дзень адразу з карцара Гундара этапавалі ў калонію. Пры гэтым жонцы палітвязня дазволілі спатканне з ім, але яна не паспела трапіць на яго праз хуткі этап.

Дачка Гундара ў Фэйсбуку напісала, што 9 чэрвеня яго змясцілі ў ШІЗА на 7 сутак. Ён мяркуе, што ў бліжэйшы час яго зноў некалькі разоў закінуць у штрафны ізалятар, пасля чаго адбудзецца суд па замене рэжыму на турэмны. На яго думку, гэта зойме прыкладна 3 месяцы, але просіць за яго не хвалявацца.

Падтрымайце Уладзіміра: ПК № 2. 213800, Бабруйск, Сікорскага, 1, 16 атрад, Уладзімір Тадэвушавіч Гундар.

***

ГУБАЗіК затрымаў вядучага спецыяліста «Белгазпрамбанка». На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што «неаднаразова наведваў мітынгі, а таксама быў падпісаны на "дэструктыўныя" тэлеграм-каналы, у якіх пакідаў паведамленні абразлівага характару супраць дзеючай улады і супрацоўнікаў АМАПа».

***

Анархісту Аляксандру Францкевічу ў чарговы раз працягнулі тэрмін у ШІЗА, паведамляюць праваабаронцы. Францкевіч — актывіст анархісцкага руху і фігурант справы «Рэвалюцыйнага дзеяння», асуджаны да 16 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Адбываць тэрмін палітвязня накіравалі ў сярэдзіне сакавіка ў івацэвіцкую калонію № 5. Раней паведамлялася, што адразу з «каранціну» 28 сакавіка яго змясцілі ў штрафны ізалятар. Аляксандр не выйшаў з ШІЗА і 15 чэрвеня пасля чарговага спагнання, бо яму зноў далі 10 сутак.

***

Сёння адбылося чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў». У яго трапілі:

  • Telegram-каналы і чаты «Ушачи», «budzma.оrg»;
  • Старонка у «ВКонтакте» «Volnaye Hlybokaye»;
  • Інтэрнет-рэсурс «Будзьма беларусамi»;
  • Instagram-старонка «Вольное Глубокое»;
  • Відэазапіс «Ябатек начали задерживать / Фельетоны Лупача».

***

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 25 прозвішчаў — цяпер у ім 2992 чалавекі.

30 чэрвеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Сярод іншых, у спіс дадалі Таццяну Курыліну, якая вярнулася ў Беларусь па праграме сілавікоў «Дарога дадому» і была асуджаная да 4,5 гадоў калоніі, грамадзяніна Украіны Паўла Купрыенку, журналіста «Камсамольскай праўды» Генадзя Мажэйку, 18-гадовую студэнтку Аліну Коваль.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», у беларускіх турмах на сённяшні дзень утрымліваюцца 1496 палітвязняў. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітычнымі зняволенымі 1749 чалавек. Сярод іх — 194 жанчыны і 8 непаўнагадовых. 17 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.