Як пастанова «Аб пераадоленні культу асобы» даказвае наяўнасць культу сёння

30 чэрвеня 1956 года, праз тры гады пасля смерці Сталіна, у газетах у СССР была апублікавана пастанова ЦК КПСС «Аб пераадоленні культу асобы і яго наступстваў». У 2023 годзе цікава звярнуцца да яе, каб сярод бясконцых вычварэнскіх фармулёвак знайсці бясспрэчная доказы існавання культу асобы сёння. 

8b067e0______3.jpg

Сённяшняя тэрарыстычная Расія і былы Савецкі Саюз з’яўляюцца толькі новымі формамі існавання крыважэрлай Імперыі, пад акупацыяй якой знаходзіцца Беларусь. Культ асобы, культ правадыра для гэтай імперыі — натуральны, абавязковы складнік. Сёння такім правадыром з’яўляецца Пуцін, і яго памагатыя, верагодна, ужо фармулююць аналагічную «пастанову».

2100f8ed34d489b7ebc14a9b87ba19d2.jpg

Значную частку вялізнага тэксту «Аб пераадоленні культу асобы і яго наступстваў», надрукаванага ў савецкіх газетах маленечкім шрыфтам у 1956-м, займае антызаходняя, антыкапіталістычная рыторыка, скіраваная на распальванне варожасці: «Імкнучыся паслабіць вялікую прыцягальную сілу рашэнняў XX з'езду КПСС, іх уплыў на найшырэйшыя народныя масы, ідэолагі капіталізму звяртаюцца да ўсякага роду выкрутаў і хітрыкаў, каб адцягнуць увагу працоўных ад перадавых і натхняльных ідэй, якія высоўваюцца перад чалавецтвам сацыялістычным светам».

А яшчэ надзвычай цікава, як адной рукой выкрываючы (няхай і не надта настойліва) масавыя сталінскія чысткі, другой рукой савецкія камуністы апраўдваюць неабходнасць «пэўных абмежаванняў дэмакратыі», то-бок усё тых жа чыстак:

«Складаная міжнародная і ўнутраная абстаноўка патрабавала жалезнай дысцыпліны, нястомнага павышэння пільнасці, строгай цэнтралізацыі кіраўніцтва, што не магло не адбіцца адмоўна на развіцці некаторых дэмакратычных формаў. У ходзе разлютаванай барацьбы з усім светам імперыялізму нашай краіне даводзілася ісці на некаторыя абмежаванні дэмакратыі, апраўданыя логікай барацьбы нашага народа за сацыялізм ва ўмовах капіталістычнага асяроддзя.

Але гэтыя абмежаванні ўжо тады разглядаліся партыяй і народам як часовыя, ад якіх належыць ухіляцца па меры ўмацавання Савецкай дзяржавы і развіцця сіл дэмакратыі і сацыялізму ва ўсім свеце. Народ свядома ішоў на гэтыя часовыя ахвяры, бачачы з кожным днём усё новыя і новыя поспехі савецкага грамадскага ладу».

Крыху ніжэй «вялікія дэмакраты» выкажуцца яшчэ больш радыкальна: «Уся ўнутраная і знешняя палітыка Савецкай дзяржавы кажа пра тое, што наш лад  сапраўды дэмакратычны, сапраўды народны лад». Вось як.

20_sezd_doklad_chrusheva.jpg

Аднак звернемся да непасрэдных прыкмет «культу асобы» паводле адпаведнай «пастановы», каб заўважыць у іх надзвычай знаёмыя «чырвоныя сцяжкі».

«У палітычнай і ідэйнай барацьбе Сталін набыў вялікі аўтарытэт і папулярнасць. Аднак з яго імем сталі няправільна звязваць усе нашы вялікія перамогі. Поспехі, дасягнутыя Камуністычнай партыяй і Савецкай краінай. Усхваленні ў адрас Сталіна закружылі яму галаву. У гэтым становішчы стаў паступова складвацца культ асобы Сталіна».

1663170021152199481.jpg

«Сталін, празмерна пераацаніўшы свае заслугі, увераваў ва ўласную бязгрэшнасць. Некаторыя абмежаванні ўнутрыпартыйнай і савецкай дэмакратыі, непазбежныя ва ўмовах жорсткай барацьбы з класавым ворагам і яго агентурай, а пазней ва ўмовах вайны супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў [пераводзячы на чалавечую мову, масавыя рэпрэсіі – заўв. рэд.], Сталін пачаў узводзіць у норму ўнутрыпартыйнага і дзяржаўнага жыцця. Сталін фактычна апынуўся па-за крытыкай».

Згадзіцеся, варта змяніць толькі некаторыя абставіны, прозвішча правадыра – і напісанае вышэй прагучыць надзвычай сугучна таму, што маем сёння.

f5d1e33_gettyimages_154214223__1_.png

Але пачакайце, наступная характэрная рыса культу асобы яшчэ больш красамоўная:

«Менавіта ў тых умовах склалася, у прыватнасці, асаблівае становішча органаў дзяржаўнай бяспекі, якім аказваўся вялікі давер, бо яны мелі перад народам і краінай несумненныя заслугі ў справе абароны заваёў рэвалюцыі. На працягу доўгага часу органы дзяржаўнай бяспекі апраўдвалі гэты давер, і іх асаблівае становішча не выклікала якой-небудзь небяспекі. Справа змянілася пасля таго, калі кантроль над імі з боку партыі і ўрада быў паступова падменены асабістым кантролем Сталіна, а звычайнае адпраўленне нормаў правасуддзя нярэдка падмянялася яго аднаасобнымі рашэннямі.

Палажэнне яшчэ больш ускладнілася, калі на чале органаў дзяржаўнай бяспекі аказалася злачынная банда агента міжнароднага імперыялізму Берыі. Былі дапушчаны сур'ёзныя парушэнні савецкай законнасці і масавыя рэпрэсіі».

«У выніку інтрыг ворагаў нявінна пацярпелі многія сумленныя камуністы і беспартыйныя савецкія людзі» — заўважце, як элегантна камуністы, непасрэдныя ўдзельнікі злачынстваў, якія яны выкрываюць, скідваюць адказнасць з сябе, перакідваючы яе на ўяўных «ворагаў», «агентаў міжнароднага імперыялізму».

Тое, што сёння безліч людзей, уведзеных у зман прапагандай, жывуць з культам асобы – бясспрэчна. Аднак, як адзначае Альфрэд Хічкок вуснамі героя сваёй карціны «Замежны карэспандэнт», «калі такія звяры, як яны, зжаруць адно аднаго, свет будзе належаць простым людзям».

image002_6.webp