Адзін загінуў, другі ўжо ў Расіі. Што стала з замежнікамі, якія атрымалі прытулак у Беларусі

Польскі судзьдзя Томаш Шмыт ня першы іншаземец, які папрасіў абароны ў Беларусі. «Свабода» распавяла, што стала зь ягонымі папярэднікамі.

04_26_logo.jpg.webp

Эміль Чэчка

Польскі жаўнер, дэзэртыр. Уцёк у Беларусь 16 сьнежня 2021 году. Папрасіў палітычнага прытулку. Тады яму было 25 гадоў.

Міністар абароны Польшчы заяўляў, што ў Чэчкі былі «сур’ёзныя праблемы з законам». Як паведамляла польскае выданьне Fakt, Чэчка біў сваю маці, яго за гэта судзілі ў Польшчы. Польскі бок выдаў ордэр на арышт Чэчкі за «дызэртырства». Яму пагражала да 10 гадоў зьняволеньня.

У Беларусі на дзяржаўных тэлеканалах Чэчка расказваў пра масавыя забойствы мігрантаў і валянтэраў польскімі вайскоўцамі. Але ніякіх доказаў не прывёў. Заявы Чэчкі не пацьвердзіліся. У Офісе Вярхоўнага камісара ў правах чалавека ААН правялі праверку і не знайшлі пахаваньняў мігрантаў на польска-беларускай мяжы.

Апошні раз у публічнай прасторы Чэчку бачылі за дзень да сьмерці. Ён заявіў у відэа, што за Ўкраіну ваююць «польскія фашысты». У кадры таксама зьявіўся Дзьмітры Белякоў, кіраўнік цэнтру «Сыстэмная праваабарона», які стварылі ўлады Лукашэнкі пасьля разгрому праваабарончых арганізацый. Са словаў Белякова, Чэчку выдалі пасьведчаньне аб рэгістрацыі хадайніцтва аб наданьні статусу ўцекача і атрыманьні дадатковай абароны тэрмінам на паўгода.


Глядзіце таксама

Што стала:

Чэчка пражыў у Беларусі тры месяцы. 17 сакавіка 2022 году Сьледчы камітэт паведаміў, што польскага вайскоўца знайшлі павешаным у кватэры ў Менску, дзе ён жыў. Яго пахавалі ў Вілейскім раёне на могілках польскіх жаўнераў, якія загінулі ў вайне з бальшавікамі.

У Горадні імем Эміля Чэчкі назвалі праезд у раёне польскага консульства. У Менску заснавалі прэмію ў гонар Чэчкі, якую плянавалі ўручаць штогод «змагарам за свабоду слова і дэмакратыю ў Эўразьвязе і Вялікай Брытаніі».

Марцін Мікалаек

Грамадзянін Польшчы, блогер. Лічыць сябе расейцам, прыхільнік «русского мира». Неаднаразова ўдзельнічаў у прарасейскіх акцыях. Пазначаў у сваіх сацыяльных сетках, што жыў раней у горадзе Сьвідніца на паўднёвым захадзе Польшчы. Яму 26 гадоў.

8 чэрвеня 2022 году прыехаў на аўтобусе ў Беларусь і папрасіў палітычнага прытулку. Сьцьвярджаў, што на радзіме яму пагражае да 5 гадоў турмы за падтрымку «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» і «публічныя заклікі да вайны«. Уцёк з Польшчы, калі яго нібыта выклікалі на допыт.


Глядзіце таксама

Што стала:

Мікалаек пражыў у Беларусі два месяцы. За гэты пэрыяд ён выказваў падзяку беларускаму цэнтру «Сыстэмная праваабарона», які займаўся і Эмілем Чэчкам у Беларусі. Кіраўнік цэнтру Дзьмітры Белякоў — сярод ягоных фрэндаў у Facebook.

Пасьля польскі блогер пераехаў у Расею, Екацерынбург. У лістападзе 2022 году расейскае прапагандысцкае мэдыя напісала, што Мікалайку далі палітычны прытулак і статус уцекача. Ён казаў, што марыць пра расейскае грамадзянства. Таксама Мікалаек заяўляў, што плянуе паехаць валянтэрам на Данбас. Калі меркаваць па ягоных сацыяльных сетках, то ён застаецца жыць на Ўрале.

На сваёй старонцы ў Facebook Мікалаек заяўляў, што ўступіў у расейскую арганізацыю «Георгия Победоносца», якая мае дапамагаць расейскім вайскоўцам і вэтэранам. Таксама ён паведамляў, што браў сёлета ўдзел у канфэрэнцыі, прысьвечанай «Вялікай Айчыннай вайне» у Кіргізстане. Калі меркаваць па ягоных сетках, то паглядзець Маскву ён даехаў толькі сёлета ў красавіку.

Мікалаек працягвае весьці сацсеткі пераважна на расейскай мове. Ягоная старонка поўніцца лёзунгамі ў падтрымку Пуціна і «спэцыяльнай вайсковай апэрацыі», фатаздымкамі з прарасейскіх акцый, наведваньня могілак і помнікаў расейскім вайскоўцам.

Праз год пасьля ягонага ад’езду, у ліпені 2023 году, польскі суд асудзіў Мікалайка за допісы і камэнтары ў сацыяльных сетках у падтрымку Расеі і вайны ва Ўкраіне. Яму прызначылі штраф памерам 7500 злотых (менш за 2 тысячы даляраў).

Эван Ньюман (Evan Newmann)

Грамадзянін ЗША. Жыў у Каліфорніі, займаўся бізнэсам па вытворчасьці сумак. Яму 51 год. Ёсьць двое дзяцей.

Ньюман удзельнічаў у штурме Капітолія ў студзені 2021 году. У ЗША на яго завялі крымінальныя справы, ФБР абвесьціла яго ў вышук. Ньюмана вінавацяць у сутычках з паліцыяй падчас штурму Капітолія. Амэрыканец уцёк у Эўропу. Пабываў у Італіі, Швайцарыі, Нямеччыне, Польшчы, Украіне, дзе за ім пачало назіраць СБУ.

Урэшце 15 верасьня 2021 году амэрыканец прыехаў у Беларусь і папрасіў прыстанішча.


Глядзіце таксама

Што стала:

У сакавіку 2022 году Ньюман атрымаў палітычны прытулак у Беларусі. Ён хацеў, каб жонка зь дзецьмі таксама пераехалі да яго ў Беларусь.

Эван пасяліўся ў Берасьці. У траўні 2023 году «Новы час» высьветліў, што Ньюман працаваў там выкладчыкам ангельскай мовы ў прыватнай школе International Language House. Паводле выданьня, амэрыканец прадстаўляўся новым імем — Стывэн. Калі мэдыя напісалі, што падлеткаў вучыць чалавек, якога шукае ФБР, фатаздымкі Ньюмана прыбралі з сацыяльных сетак моўнай школы.

Сёлета ў студзені каліфарнійскае выданьне The Press Democrat апублікавала гутарку зь Ньюманам. Ён падзяліўся плянамі адкрыць рэстарацыю амэрыканскай кухні ў Берасьці. Мужчына не выяжджае зь Беларусі, бо баіцца, што яго арыштуюць і экстрадуюць у ЗША. Ньюман выказаў спадзеў, што калі Дональд Трамп пераможа на прэзыдэнцкіх выбарах у лістападзе 2024 году, то можа памілаваць абвінавачаных у штурме Капітолія. Тады, мяркуе амэрыканец, ён зможа вярнуцца на радзіму.

Юта Сафія Васілеўская

Грамадзянка Латвіі, блогерка. Ёй 32 гады.

Прыехала ў Беларусь у лістападзе 2022 году і папрасіла прытулак з прычыны сваёй прарасейскай пазыцыі ў дачыненьні поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Перад гэтым жыла 5 гадоў у Аўстрыі і 10 гадоў у Нямеччыне.

«Маё меркаваньне, якое я дагэтуль выказвала публічна пра палітычную сытуацыю ва ўсёй Эўропе, і першай справай у Латвіі, стала ўжо амаль крымінальнай справай», — тлумачыла Васілеўская свой пераезд.

Васілеўская выказвалася ў сетках супраць зносу савецкіх помнікаў у Рызе. Адзначала, што пасьля гэтага спэцслужбы пачалі перасьледаваць ейную сям’ю. Яны вырашыла, што заставацца ў Эўразьвязе ёй небясьпечна.


Глядзіце таксама

Што стала:

Васілеўская пасялілася ў Магілёве. Дала шэраг інтэрвію прапагандысцкім беларускім рэсурсам пра тое, як ёй падабаецца жыць у Беларусі і як кепска жыць у Эўразьвязе. Казала пра тое, што ў яе ёсьць беларускія і расейскія карані. Удзельнічала ў праўладных мітынгах у Беларусі.

У 2023 годзе Юта Сафія Васілеўская шукала дыстанцыйную працу мэнэджара ў продажах зь веданьнем нямецкай мовы ў Расеі. Прэтэндавала на заробак 50 тысяч расейскіх рублёў (каля 500 даляраў).