Прарасійскага актывіста, які папрасіў прытулку ў Беларусі, Польшча абвінавачвае ў «адабрэнні вайны»

Прадстаўнік міністра-каардынатара спецыяльных службаў Польшчы Станіслаў Жарын пракаментаваў інцыдэнт з прарасійскім актывістам Марцінам Мікалаекам, які папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі. Паводле яго слоў, мужчына на працягу многіх гадоў праводзіў мерапрыемствы, узгодненыя з крамлёўскай прапагандай, і займаўся, у прыватнасці, публікацыяй антыўкраінскіх матэрыялаў.

mikalajek_0906_1.jpg


«M. распаўсюджваў матэрыялы, якія фальсіфікуюць праўду пра расійскую акупацыю Крыма і Усходняй Украіны. Ён падтрымаў дзеянні Расіі супраць Украіны. У 2022 годзе Украіна забараніла яму ўезд — за перасячэнне мяжы Украіны на пераходзе, кантраляваным Расіяй. Калі пачалася вайна Расіі супраць Украіны, Марцін М. не толькі не спыніў сваю дзейнасць, але і ўзмоцніў яе. Кантэнт, які размяшчаецца Марцінам М., насіў прыкметы ўсхвалення агрэсіўнай вайны», — піша ён у Twitter.
Жарын паведамляе, што ў сувязі з дзейнасцю Мікалаека, Агенцтва ўнутранай бяспекі (АУБ) накіравала ў акруговую пракуратуру ў Свідніцы апавяшчэнне пра магчымасць здзяйснення злачынства, звязанага з «усхваленнем развязвання і вядзення агрэсіўнай вайны». Пракуратура пачала расследаванне і на падставе доказаў прад'явіла яму абвінавачанне ў адабрэнні агрэсіўнай вайны і злачынстваў, учыненых супраць украінскага насельніцтва па нацыянальнай прыкмеце.
Абвінавачанне грамадзяніну Польшчы агучылі 31 траўня. Ён прызнаў, што размясціў матэрыялы, якія сталі падставай для дзеянняў Агенцтва ўнутранай бяспекі і пракуратуры.
«Пасля гэтай падзеі М. стаў з'яўляцца ў прапагандысцкіх матэрыялах беларускіх СМІ, дзе ён нападае на Польшчу і раскідваецца інсінуацыямі», — адзначае прадстаўнік міністра.
АУБ нядаўна падало яшчэ некалькі апавяшчэнняў па аналагічных справах. Расследаванні праводзяцца рознымі падраздзяленнямі пракуратуры.
«У Польшчы няма і не можа быць згоды на тое, каб апладзіраваць злачынным дзеянням Расіі супраць Украіны», — рэзюмуе Жарын.
Нагадаем, на днях беларускія прапагандысты распаўсюдзілі інтэрв'ю з Марцінам Мікалаекам, у якім ён просіць палітычнага прытулку ў Беларусі. Прапагандысты сцвярджаюць, што мужчына размясціў у сацыяльных сетках допіс у падтрымку расійскай агрэсіі ва Украіне і стаў праз гэта фігурантам крымінальнай справы. 
Ва Украіне Мікалаек лічыцца ў базе праекта «Міратворац» як «антыўкраінскі прапагандыст».