Беларуса экстрадуюць з Арменіі. Ці ёсць шанец на выратаванне?

Хлопец 40 дзён ужо праседзеў у армянскай турме і чакае рашэння суду.

58975_qm9rtkuylhbyypl9k5h5mloqm7t9ww5z_100.webp

Яраслава Новікава затрымалі ў Арменіі 2 лютага, калі ён прыехаў з Грузіі. Да гэтага Беларусь абвясціла яго ў міжнародны вышук і абвінаваціла ва ўхіленні ад вайсковай службы. «Медыязона» паразмаўляла з затрыманым і яго адвакатам пра перспектыву выправаджэння ў Беларусь, умовах у зняволенні, і незаконнасці арышту.

Умовы ў камеры «нядрэнныя», затрыманне прайшло «спакойна»

Яраслаў Новікаў з'ехаў з Беларусі вясной 2023 года. Жыў у Грузіі і выехаў у Арменію, каб зрабіць балгарскую візу — у Грузіі яму гэта не ўдалося. 2 лютага пры ўездзе яго затрымалі. Цяпер Новікава ўтрымліваюць у крымінальна-выканаўчай установе «Ванадзор» за 120 кіламетраў ад Ерэвана.

Беларус расказаў «Медыязоне», што затрыманне прайшло «вельмі спакойна»: без кайданкоў і грубасцей.

— Размаўлялі па-руску. Аператыўнікі падбадзёрвалі: не асуджалі за тое, што з'ехаў, а наадварот казалі, што правільна зрабіў.

Умовы ў камеры, куды Новікава змясцілі, называе «нядрэннымі»: чатыры спальныя месцы, стол, дзве лаўкі, драўляная падлога, аблезлыя сцены і «страшненькі» туалетны пакой. У камеры ёсць тэлевізар і халадзільнік. Адвакат беларуса Араік Папікян запэўніў, што «стаўленне ў "Ванадзоры"да Яраслава нармальнае», з «харчаваннем таксама ўсё ў парадку — ён ні разу не скардзіўся».

— Першыя пяць дзён я правёў адзін, але потым падсялілі Максіма, які трапіў у такую ж сітуацыю. Максім Вайткявічус працуе тэсціроўшчыкам, таксама скончыў МДЛУ. Пасля выпуску з'ехаў у Грузію. У Ерэван Максім ехаў на канцэрт, не падазраючы, што нешта можа пайсці не так, бо да гэтага ён ужо бываў у Арменіі пасля пераезду. Пазней мы высветлілі, што нас абодвух абвясцілі ў міждзяржаўны вышук восенню 2023-га, хоць Максім з'ехаў вясной 2022-га, а я — вясной 2023-га, — распавёў Новікаў.

У базе даных вышуку МУС Расіі Яраслава Новікава не ўдалося знайсці. Аднак «Медыязона» знайшла ў ёй яго сукамерніка Максіма. У базе не пазначаны артыкул, па якім шукаюць 23-гадовага беларуса.


Глядзіце таксама

Сілавікі прыходзілі да бацькоў у Беларусі і прасілі зрабіць фотапрызнанне віны

— З'язджаючы, я разумеў, што справа будзе заведзеная, але перспектыва жыць і працаваць мне бліжэй, чым траплянне калі не пад мабілізацыю, то пад вельмі ціхую, але актыўную да яе падрыхтоўку, якая, я ўпэўнены, сёння мае месца быць.

Прадстаўнікі амбасады не звязваліся з затрыманымі беларусамі, хоць яны знаходзяцца ў «Ванадзоры» ўжо паўтара месяца. Яраслаў расказаў, што ў Беларусі да яго бацькоў «прыходзілі»:

— Казалі: «Калі ваш сын вернецца, нічога страшнага не адбудзецца. Ці зробіць фотаздымак, дзе прызнае віну (на паперцы прасілі напісаць), то вышук спыняць» :)

У лісце «Медыязоне» Новікаў звярнуўся «да ўсіх маладых людзей, якім пагражае паход у ваенкамат»:

— Калі ласка, падумайце тройчы перад паходам туды; і калі думаеце, што я лішні раз панікую, то паглядзіце на ўсе змены, звязаныя з войскам Беларусі, за 2023 год.

Гарантыі ад намесніка генпракурора Беларусі

7 сакавіка суд першай інстанцыі вырашыў падоўжыць арышт Новікаву на 2 месяцы для выдачы Беларусі.

— Мы ўжо падалі апеляцыю. Пакуль рашэнне аб выдачы пракурор не прыняў. Калі такое рашэнне будзе, то на працягу 24 гадзін будзем падаваць у Еўрапейскі суд, каб не выдалі, пакуль не будзе разгледжана справа па сутнасці. Мы да гэтага гатовыя, — кажа Папікян.

Адвакат даведаўся, што ў «Ванадзоры» ўтрымліваецца чатыры беларусы, якіх шукаюць у Беларусі. У 2023 годзе вядомы толькі адзін такі выпадак: паўтара месяца не выпускалі з Арменіі Яўгена Гуцалава. У Беларусі ён абвешчаны ў вышук з-за абвінавачанняў па артыкуле аб здзеку з дзяржсімвалаў.

Імёны астатніх затрыманых у Арменіі беларусаў невядомыя.

— Усё па адной і той жа схеме: перасяклі мяжу з Грузіі ў Арменію і армянскі бок затрымлівае, арыштоўвае, і цяпер ідзе працэс [вынясення рашэння] аб выдачы. Нікога яшчэ не выдавалі, але працэс ідзе поўным ходам, — кажа Папікян.

Абаронца верыць, што сітуацыя з Яраславам скончыцца добра. На яго просьбу аб дапамозе ў Офіс Святланы Ціханоўскай экс-амбасадар у Аргенціне Уладзімір Астапенка напісаў ліст у міграцыйную службу Арменіі, беларуская дыяспара ў Арменіі і некалькі праваабарончых арганізацый рыхтуюць свае заявы ў падтрымку Яраслава.

Адвакат прасіў перавесці Новікава пад хатні арышт, але суддзя не задаволіў хадайніцтва.

— Прававая база не дае такой магчымасці. Гэта абсурдна, але працэс праходзіць толькі па Кішынёўскай канвенцыі, у якой указана толькі адна мера стрымання — арышт. Пра гэта я ўжо напісаў у апеляцыйнай скарзе і звярнуўся да генпракурора Арменіі. Ёсць жа Еўрапейская канвенцыя, ёсць міжнародныя дамовы, ёсць Канстытуцыя Арменіі... У рамках гэтай канвенцыі вядзецца гэтая працэдура аб выдачы. Гэта супраць заканадаўства Арменіі, таму што, фактычна, суд не прымяняе Канстытуцыю Арменіі і Еўрапейскую канвенцыю, — упэўнены Папікян.

Папікян не згодны і з прававым абгрунтаваннем утрымання Новікава пад вартай. У дакументах, якія даслаў беларускі бок, ёсць рашэнне аб узбуджэнні крымінальнай справы і вышуку. У пастанове ад 1 верасня 2023 года пазначана, што Новікаў абвешчаны ў вышук і пасля затрымання ён будзе заключаны пад варту ў турму №8 у Жодзіне.


Глядзіце таксама

— Паколькі меру стрымання аб арышце ў Арменіі прымае выключна суддзя, я гэтае пытанне таксама ўздымаў. Як можа суддзя ў Арменіі разгледзець рашэнне следчага іншай дзяржавы, які прымяняе меру стрымання, што не адпавядае заканадаўству Арменіі? — здзіўляецца юрыст.

Намеснік генпракурора Беларусі Максім Варонін адправіў намесніку генпракурору Арменіі Егіазару Авагяну ліст, у якім сказана, што ў Беларусі Новікаву «будуць прадастаўлены ўсе магчымасці для абароны, у тым ліку дапамогу адвакатаў, ён не будзе падвяргацца катаванням, жорсткім, бесчалавечным, прыніжаючым годнасць відам абыходжання і пакарання». Таксама Генпракуратура «гарантуе, што запыт аб выдачы не мае мэты пераследу асобы па палітычных матывах» і што Новікаў будзе «прыцягнуты да адказнасці толькі за тое злачынства, якое паказана ў запыце».

— Падчас суду я сказаў, што ў нас ёсць асцярогі, што гэтыя гарантыі не могуць быць выкананыя, таму што ў Беларусі цяпер больш за 1,5 тысячы палітвязняў. Суддзя напісаў, што нашы асцярогі беспадстаўныя, таму што пракуратура Беларусі сказала, што «гарантуе», — кажа Папікян.

Абаронца нагадвае, што больш, чым за 40 дзён, якія беларус знаходзіцца ў турме Арменіі, ніхто не прыехаў даведацца, як ён.

— Хтосьці з амбасады: амбасадар, консул, аташэ, кіроўца амбасады, кулінар амбасады — хтосьці прыехаў даведацца, у якіх умовах яго трымаюць? Гэта вашы гарантыі? — сумняваецца пытаннем юрыст.

На наступным тыдні ў Яраслава Новікава будзе апеляцыйны суд. На 19 сакавіка прызначаны разгляд справы ў міграцыйнай службе наконт атрымання прытулку.

— Спадзяёмся, што і там, і там у нас не павінна быць праблем, — кажа Папікян.