Хронікі рэпрэсій за 18 сакавіка

Спецвытворчасць у дачыненні да апазіцыйных дзеячаў, затрыманне стрымера з амаль 500-тысячнай аўдыторыяй і «няправільная» татуіроўка як падстава для даносу — такія навіны былі сёння ў Беларусі.

hroniki_represij2_logo__1_logo_1.webp

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1222 дні, Дзяніс — 1102.

***

У судзе Заводскага раёна Мінска 18 сакавіка ў працэсе спецыяльнай вытворчасці (завочна) вынесены прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да Алены Жылачкінай (Жываглод), Паўла Лібера, Паўла Марыніча і Аляксандра Дабравольскага, якія, згодна з абвінавачваннем, «распрацавалі план па зрыве рэспубліканскага рэферэндуму ў 2022 годзе».

Усіх чацвярых суд прызнаў вінаватымі па ч.2 арт.191 Крымінальнага кодэкса («Перашкода працы Цэнтральнай выбарчай камісіі, а таксама камісій па рэферэндуме, здзейсненае з ужываннем пагрозы і іншым спосабам, групай асоб па папярэдняй змове») і кожнаму прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, піша «Зеркало».

Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Лукашэвіч

Алена Жываглод — кіраўніца ініцыятывы «Сумленныя людзі», Аляксандр Дабравольскі – палітык, старшы дарадца Святланы Ціханоўскай, Павел Лібер стварыў платформу для галасавання «Голас», а Павел Марыніч з'яўляецца кіраўніком «Маланка медыя».

Раней па гэтым артыкуле (у тым ліку) судзілі палітвязняў Сяргея Ціханоўскага, Арцёма Сакава, Дзмітрыя Папова, Рамана Карпука.

***

27 лютага суд Фрунзенскага раёна Мінска прысудзіў супрацоўніка «Беларусбанка» Артура Філіпава да 3 гадоў «хатняй хіміі» паводле артыкула аб «грубым парушэнні парадку» (ч.1 арт.342 КК), піша «Вясна».

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Філіпава абвінавацілі ва «ўдзеле ў пратэстах» 23 і 30 жніўня, а таксама 13 і 20 верасня 2020 года. На судзе беларус прызнаў віну часткова і адмовіўся ад дачы паказанняў.

Мужчыну затрымалі ў снежні 2023 года. На відэа сілавікоў Філіпаў паведаміў, што прайшоў рэгістрацыю ў плане «Перамога» і з 2015 года ўдзельнічаў у пратэстах. Таксама беларус расказаў, што быў падпісаны на «дэструктыўныя каналы» і скідваў інфармацыю ў чат-боты Nexta, «Голас», «Беларусь галаўнога мозгу». 

***

Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў відэа з затрыманым гульнявым стрымерам Віталём Казуновым.

На відэа беларус кажа, што ў 2020 годзе ў Фэйсбуку апублікаваў БЧБ-сцяг. Таксама ў 2017 годзе стрымер апублікаваў фотаздымак з цемнаскурай дзяўчынай у нацысцкай форме, паведамляе «Медыязона».

Аўтары канала сцвярджаюць, што на Казунова склалі два пратаколы: за БЧБ-сцяг і «дэманстрацыю нацысцкай сімволікі». У якім статусе знаходзіцца затрыманы і па якіх артыкулах яго абвінавачваюць — невядома.

Віталь Казуноў — стрымер на ютуб-канале з аглядамі гульняў iXBT games. На канал падпісана 469 тысяч чалавек.

***

Следчы камітэт распачаў спецыяльнае расследаванне ў дачыненні да 11 чалавек, піша «Салідарнасць».

Андрэя Павука, Вольгу Павук, Маргарыту Ляўчук, Аляксандра Чахоўскага, Іллю Салянкова, Уладзіслава Наважылава, Яўгена Вільскага, Вадзіма Дзмітрэнку, Вольгу Карач, Анатоля Котава і Вераніку Цапкала будуць судзіць завочна.

Так, Маргарыце Ляўчук інкрымінуюць ч.3 арт.361-1, ч.1 арт.368, арт.369, арт.370.

Вользе Карач — ч.1 арт.357, ч.3, арт.361-1, арт.369-1 КК РБ.

Вераніцы Цапкала — ч.1 арт.357, ч.3 арт.361-1, ч.2 арт.367, арт.369-1 КК РБ.

Больш за тое, усіх «запрашаюць» у офіс СК у Брэсце.

***

Жыхара Гродна затрымалі за татуіроўку з лозунгам «Рабів да раю не пускаюць. Воля або смерть». Відэа з затрыманым апублікаваў праўладны канал, паведамляе «Медыязона».

Як пішуць аўтары канала, гродзенец быў затрыманы «па паведамленні пільных грамадзян». Затрыманы хлопец кажа, што збіраецца звесці татуіроўку найбліжэйшым часам.

Аўтарства слогана «Рабів да раю не пускають» прыпісваюць украінскаму палкаводцу Івану Сырко, які жыў у XVII стагоддзі. Беларускія ўлады пакуль не прызнавалі фразу «экстрэмісцкай».

Лозунг «Свабода ці смерць» выкарыстоўваўся ў гісторыі ў розны час. Яго чаканілі на французскіх манетах 1792 года, выкарыстоўвалі армянскія партызанскія атрады ў канцы XIX стагоддзя, гэтыя словы ёсць у гімне Румыніі.

***

На мінулым тыдні быў затрыманы баранавіцкі праваабаронца Аляксандр Вайцешык, піша «Вясна».

Вядома, што ён ўтрымліваецца ў ІЧУ Баранавічаў. З чым звязанае затрыманне — пакуль невядома.

***

Праўладны тэлеграм-канал апублікаваў чарговае відэа з затрыманым. Паведамляецца, што мужчына знаходзіцца ў СІЗА Гродна. На камеру затрыманы расказаў, што працуе ў Польшчы дальнабойнікам.

— Тыдзень таму вярнуўся дадому. Быў затрыманы за тое, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у несанкцыянаваных мітынгах, выходзіў на праезную частку, блакаваў рух, выкрыкваў лозунгі, — прыводзіць яго словы «Зеркало».

Па якім артыкуле яго абвінавачваюць, невядома.

***

У Маладзечне 17 сакавіка падчас чарговага праходжання адзнакі ў мясцовым РАУС быў затрыманы нібыта за парушэнне рэжыму былы палітвязень Павел Пяскоў.

Гэта ўжо другое яго затрыманне ад моманту вызвалення. Зусім нядаўна Павел ужо адбываў 5 сутак паводле падобнага абвінавачання.

«Вясна» нагадвае, што Павел — першы, хто атрымаў палітычны прысуд за падзеі пасля выбараў 2020 года. Яго абвінавацілі ў «супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў, звязаным з ужываннем гвалту» (ч.2 арт.363 КК) на акцыі 19 чэрвеня 2020 года ў Маладзечне, на якой амапавец дастаў пісталет. Паўлу прысудзілі 3 гады і 3 месяцы калоніі. Пазней яго прысудзілі да яшчэ аднаго году зняволення за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі».

У лютым стала вядома, што Павел цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю.

***

Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 410 дзён, Максіма Знака — 403 дні, Мікалая Статкевіча — 401 дзень, Ігара Лосіка — 393 дні, Віктара Бабарыкі — 330 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 258 дзён, Уладзіміра Гундара — 227 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1406 палітвязняў.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1596 чалавек. Сярод іх — 194 жанчыны і 6 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.