У якіх краінах затрымліваюць беларусаў на запыт уладаў?

Якія краіны небясьпечныя для паездак, дзе беларусаў могуць затрымаць на запыт беларускіх уладаў і што рабіць у такім выпадку?

_belavia__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__1_logo.jpg

Кыргызстан экстрадаваў грамадзяніна Украіны на запыт беларускіх уладаў. «Св*бода» прыгадвае выпадкі, калі беларусаў высылалі ці затрымлівалі ў розных краінах на запыт беларускіх уладаў.

4 сакавіка Ўладзіміра Кадарыя перадалі беларускім сілавікам. Раней ён зьвяртаўся ў адрас прэзыдэнта Кыргызстану з просьбай яго не экстрадаваць. Уладзімір Кадарыя меў беларускае грамадзянства і іншыя імя і прозьвішча — Андрэй Кавалёў. У 2017 годзе ён атрымаў статус уцекача ва Ўкраіне, а пасьля ўкраінскае грамадзянства пад новым імем і прозьвішчам.

Запыт беларускага боку зьвязаны з крымінальным перасьледам паводле частцы 4 артыкулу 212 (крадзеж маёмасьці шляхам мадыфікацыі кампутарнай інфармацыі).

У Кыргызстан Уладзімір прыехаў у жніўні 2022 году. У верасьні яго затрымалі на запыт Беларусі. Зь СІЗА Кадарыя зьвярнуўся па атрыманьне статусу ўцекача і атрымаў адпаведнае пасьведчаньне 9 сьнежня. Праз тры дні бішкецкі суд вынес рашэньне аб яго экстрадыцыі.

Пакуль нельга адназначна сказаць, ці зьвязаная справа Кадарыя з палітычным перасьледам. Глядзім іншыя выпадкі, калі актыўных беларусаў затрымлівалі за мяжой на запыт афіцыйнага Менску і чым гэта скончылася.


Армэнія

У 2021 годзе ў Армэніі затрымлівалі двух актывістаў са штабу Ціханоўскай, пра гэта стала вядома толькі праз год, у 2022-м пра выпадак напісаў шэраг СМІ. Актывісты прыехалі ў Ерэван на сустрэчу, аднак іх затрымалі на запыт беларускага боку праз падазрэньне ў злачынствах.

Армэнія — удзельніца АДКБ. Гісторыя з затрыманьнем тады скончылася пазытыўна — беларусаў адпусьцілі нібыта па ўмяшаньні ЗША. Ніякага афіцыйнага пацьверджаньня гэтаму няма.


Баўгарыя

19 лістапада 2022 году ў Баўгарыі затрымалі грамадзяніна Ўкраіны Дзьмітрыя Трафімчука. Гэта адбылося на запыт беларускіх уладаў праз Інтэрпол.

30 сьнежня, больш як празь месяц пасьля затрыманьня, баўгарскі суд разгледзеў запыт аб экстрадыцыі Трафімчука ў Беларусь і адхіліў яго. У сваім абгрунтаваньні судзьдзя напісаў, што ўлады Беларусі ня могуць забясьпечыць у турмах захаваньне правоў чалавека. Судзьдзя таксама прыйшоў да высновы, што ня можа спадзявацца на пісьмовыя запэўніваньні, што Трафімчук ня будзе зазнаваць у Беларусі гвалт, катаваньні, жорсткае, бесчалавечнае або зьневажальнае абыходжаньне. Трафімчука вызвалілі з-пад варты.

Беларускія праваахоўнікі настойвалі, што Трафімчук быў заваблены ў злачынную групоўку, якая атрымлівала пэрсанальныя банкаўскія дадзеныя грамадзян з розных краін сьвету. Сам Трафімчук гэта адмаўляў.


Вугоршчына

30 ліпеня 2021 году ў Вугоршчыне затрымалі беларускага валянтэра Валянціна Ўласіка, які дапамагаў затрыманым каля ізалятара на Акрэсьціна падчас пратэстаў улетку 2020 году.

Беларускія ўлады падалі Ўласіка ў вышук па лініі Інтэрполу. Канкрэтны артыкул не называўся, аднак вядома, што справа была зьвязаная зь няплатай алімэнтаў. Прычым, па словах самога Валянціна, усе алімэнты былі пагашаныя, а былая жонка прэтэнзіяў да яго ня мела. Разбор цягнуўся 4 месяцы і скончыўся на карысьць беларуса. Яго ня сталі экстрадаваць у Беларусь і вызвалілі.


Італія

Сёлета 7 лютага ў Нэапалі затрымалі беларуса Ўладзіслава Гірыса, гэта таксама адбылося на запыт беларускіх уладаў праз Інтэрпол. Уладзіслаў даўно жыве ў польскім горадзе Катавіцы, а ў Нэапаль прыляцеў на дзень народзінаў. Крымінальная справа і падача яго ў вышук нібыта былі зьвязаныя з ДТЗ. Па вэрсіі жонкі Ўладзіслава, яго затрыманьне магло стаць вынікам удзелу ў акцыях салідарнасьці зь беларусамі ў Польшчы.

Па інфармацыі на сярэдзіну лютага, Уладзіслаў усё яшчэ затрыманы і застаецца пад вартай, рашэньня наконт экстрадыцыі пакуль няма.


Расея

З гэтай краіны найчасьцей экстрадавалі беларусаў на запыт беларускіх сілавікоў. Шырокі розгалас набыла гісторыя кікбаксэра Аляксея Кудзіна. Яго затрымалі пасьля акцыі пратэсту ў Маладэчне 10 жніўня 2020 году. 21 жніўня Кудзіна адпусьцілі на волю, але распачалі крымінальную справу і абралі меру стрыманьня ў выглядзе хатняга арышту.

На судовае пасяджэньне 19 лістапада Кудзін не зьявіўся. Пасьля гэтага судзьдзя зьмяніла меру стрыманьня на ўзяцьце пад варту і спартоўца афіцыйна абвясьцілі ў вышук. Аляксея затрымалі ў Маскве і экстрадавалі ў Беларусь, дзе ў выніку асудзілі на 2 гады і 6 месяцаў калёніі агульнага рэжыму за супраціў сілавікам.

28 сьнежня 2022 году Аляксей Кудзін выйшаў на волю.

Юрыя Касьцюка ў траўні 2022-га затрымалі ў расейскім Сочы — у аэрапорце, калі ён зьбіраўся вылецець у Азэрбайджан. Расейскія праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем. Неўзабаве расейцы перадалі Касьцюка ў Беларусь, дзе яго асудзілі на 4 гады зьняволеньня за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці». Гэта быў ужо другі тэрмін палітвязьня, у лістападзе 2020-га Касьцюка судзілі ў Беларусі за «зьнявагу дзяржаўных сымбаляў», тады ён атрымаў год «хіміі». На волю палітвязень выйшаў 6 студзеня 2022-га, пасьля чаго зьехаў у Расею.

Беларуску Яну Пінчук затрымалі ў Расеі ў лістападзе 2021 году. У Беларусі сілавікі абвясьцілі яе ў вышук за адміністраваньне пратэставых чатаў. Камітэт па правах чалавека ААН забараніў Расеі выдаваць дзяўчыну ў Беларусь, але расейскія ўлады гэта праігнаравалі. Цяпер Яна Пінчук за кратамі ў Беларусі, яе пакуль не асудзілі.

У лістападзе мінулага году Генпракуратура Беларусі назвала лічбу асобаў, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці, якіх Расея выдала Беларусі за апошні час». Такіх аказалася сем.


«Лік затрыманых за мяжой ідзе на дзясяткі»

Паводле праваабаронцы «Вясны» Алеся Буракова, лік беларусаў, затрыманых за мяжой на запыт беларускіх уладаў, можа ісьці на дзясяткі, але пра некаторыя выпадкі журналісты і праваабаронцы могуць проста ня ведаць.

«Колькасьць выпадкаў, калі беларусаў затрымліваюць за мяжой, згодна з нашай інфармацыяй, ідзе хутчэй на дзясяткі, чым на сотні. Але тут варта разумець, што калі чалавек зьяжджае зь Беларусі з палітычных прычын, але пры гэтым ён дастаткова самастойны, інтравэртны і ня мае сувязяў зь беларускай дыяспарай у той краіне, куды ён прыехаў, то калі яго затрымаюць, ніхто можа і не даведацца.

Другі пункт — гэта тыя, хто зьехаў ці адпачатку знаходзіцца за мяжой, ня ведаючы, што на іх завялі крымінальную справу. Чалавек пакідае камэнтар дзесьці ў Telegram. Праходзіць некалькі месяцаў, ён ужо і забыўся на яго, а вось тут і прыходзяць сілавікі. І, вядома, адсачыць такія выпадкі цяжка», — кажа праваабаронца.

Ён дадае, што бываюць выпадкі неафіцыйнай экстрадыцыі з Расеі, якія таксама цяжка адсачыць. Расейскія сілавікі могуць проста перадаць чалавека беларускім без аніякіх папер. Таксама Алесь Буракоў кажа, што ў ЭЗ сытуацыі з затрыманьнямі найчасьцей вырашаюцца пазытыўна, а вось Расея беларусаў у большасьці выпадкаў выдае.

«Суб'ектыўна лепш за ўсіх сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі разумеюць у Літве і Польшчы, можа, яшчэ ў Латвіі і Эстоніі. З астатнімі ўсё цяжэй. Мы бачым, якія падзеі зараз адбываюцца ў Грузіі, куды зьяжджала шмат палітуцекачоў зь Беларусі, нам дагэтуль незразумелая пазыцыя той жа Армэніі. І гэта ня кажучы пра краіны з аўтакратычнымі рэжымамі, накшталт Узбэкістану ці Таджыкістану», — тлумачыць праваабаронца.

На выпадак затрыманьня за мяжой на запыт беларускіх уладаў праваабаронцы раяць зрабіць наступныя крокі.

«Абавязкова зьвяртацца да дыяспары і мясцовых праваабаронцаў. Галоўнае ў такіх выпадках — паведаміць пра затрыманьне беларускім праваабаронцам і журналістам. Заявіць, што ў Беларусі вас могуць чакаць катаваньні і вялікі тэрмін ні за што. Варта як мага хутчэй знайсьці адваката, які разьбіраецца ў пытаньнях экстрадыцыі. Калі ёсьць знаёмы — добра, калі не — праз дыяспару ці беларускіх праваабаронцаў. Чым большы розгалас, тым больш шанцаў на посьпех. Але гэта ня тычыцца Расеі. Галоўная парада там — не трапляць да сілавікоў увогуле», — кажа Алесь Буракоў.