З якіх краін могуць дэпартаваць у Беларусь?

Дзе будзе бяспечна і небяспечна беларусам, супраць якіх няма крымінальных спраў, але ёсць пагроза палітычнага пераследу на радзіме?

_aeraport__samalet___vylet__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

У якіх краінах беларусам рызыкоўна няправільна перайсці дарогу або нават проста знаходзіцца? Гарадзенская праваабарона публікуе каментар адваката Алеся Міхалевіча.

Дэпартацыя, экстрадыцыя – якая розніца?

Алесь Міхалевіч, адвакат і кіраўнік адвакацкага бюро «Legal Status», кажа ў каментары «Белсату», што ў выпадку з «Бі-2» важна разумець розніцу між дэпартацыяй (як было з гуртом) і экстрадыцыяй.

Экстрадыцыя — гэта калі адна краіна выдае чалавека па запыце другой краіны, каб тая выставіла яму крымінальныя абвінавачванні ў злачынстве ці рэалізавала пакаранне. Каб гэты працэс запусціўся, між дзвюма краінамі мусяць быць спецыяльныя пагадненні аб экстрадыцыі.

Дэпартацыя — гэта калі краіна высылае замежнага грамадзяніна за правапарушэнне (як у выпадку з «Бі-2») ці калі лічыць, што чалавек уяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы. Гэты працэс аўтаматычны. Дэпартуюць у тую краіну, адкуль чалавек прыляцеў ці прыехаў (калі не ўпусцілі на мяжы) або ў краіну грамадзянства (ці найбольш набліжаную да краіны грамадзянства з бязвізавым уездам, калі чалавек там ужо знаходзіўся).

«Дэпартацыя, як паказала справа «Бі-2» — гэта рэальная пагроза, —адзначае Міхалевіч. — Калі б іх выслалі ў Расійскую Федэрацыю, безумоўна, былі б вельмі сур’ёзныя наступствы. Таму ў плане дэпартацыі любая іншая краіна можа быць небяспечнай».

Ад дэпартацыі ў родную краіну, дзе чалавеку небяспечна, можа ўратаваць другое грамадзянства ў бяспечнай краіне або пастаянны від на жыхарства ў такой, а таксама статус уцекача.

 

Агульны прынцып: чым больш вяршэнства права, тым лепш

Па словах юрыста, распаўсюджанаьтакое меркаванне: нібыта за дробнае правапарушэнне (няхай перавышэнне хуткасці або няправільная паркоўка) замежніка могуць дэпартаваць. Як правіла, хутка дэпартаваць з краіны на падставе такіх парушэнняў немагчыма: у нармальнай краіне трэба рашэнне суда.

«Чым больш прававая краіна, тым менш праблем, звязаных з дэпартацыяй можа ўзнікнуць, — канстатуе Міхалевіч. — Чым лепшая прававая сістэма ў краіне, чым больш яна дэмакратычная, тым лепш».

Ён дадае, што гэта не залежыць ад узроўню эканамічнага развіцця краіны: напрыклад, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты — багатая краіна, але не можа пахваліцца развітай прававой сістэмай і гарантыяй правоў чалавека.

Любая краіна можа быць «перавалачнай базай» пры адсутнасці крымінальнай справы, але пры пагрозе ўзнікнення такой. Ды лепш Грузія, чым Расія; лепш Албанія, чым Сербія, тлумачыць Міхалевіч. Выбірацца з Беларусі ён раіць паводле прынцыпу пошуку найбольшага ўзроўню бяспекі. 

Глядзіце таксама

Не ўвесь Захад аднолькава бяспечны

Агулам лічыцца, што краіны, якія ў Беларусі адносяць да Захаду, бяспечныя: Еўрасаюз, Злучанае Каралеўства, Швейцарыя, Злучаныя Штаты, Канада і гэтак далей, а таксама геаграфічна «незаходнія» Аўстралія і Новая Зеландыя. Ды Міхалевіч адзначае, што ў краін Захаду не аднолькавы ўзровень прававой сістэмы.

Фактычна ўвесь Еўрасаюз бяспечны, але ў розных краінах розны ўзровень пагроз. Напрыклад, Балгарыя будзе менш бяспечнай за Польшчу, а Венгрыя за Швецыю.

Хоць з Венгрыі наўрад ці экстрадзіруюць па палітычным запыце, але трымаць у няволі могуць месяцамі, пакуль разглядаюць запыт — прэцэдэнт быў. А ў Швецыі наўрад ці нават будуць пачынаць экстрадыцыйную справу.

Шэраг еўрапейскіх краін не ўваходзіць у Еўрасаюз. І калі Нарвегія найбольш бяспечная, то Сербія небяспечная для грамадзян Беларусі, бо адтуль з вялікай імавернасцю экстрадзіруюць — надзея хіба на Еўрапейскі суд правоў чалавека, але нават калі той заступіцца, можна доўга прасядзець у ізалятары.

Албанія ці Чарнагорыя больш бяспечныя, бо «прысесці» на нейкі час таксама можна, напрыклад, у выпадку запыту праз «Interpol», але даволі імаверна, што затрыманага па палітычным запыце ў хуткім часе вызваляць. 

Глядзіце таксама

Былы СССР

У шматлікія дзяржавы былога СССР грамадзянам Беларусі не патрэбна віза. Гэтыя краіны сталіся магчымым напрамкам тэрміновай эміграцыі, але яны не аднолькава бяспечныя для тых, каму пагражае палітычны пераслед.

Расія для грамадзяньБеларусі адназначна небяспечная: калі чалавек трапіць у беларускую базу вышуку, то будзе і ў расійскай базе. Значыць, калі знойдуць у Расіі, затрымаюць. А распачаць крымінальную справу ў Беларусі могуць у любы момант на любога чалавека.

Азербайджан, Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Туркменістан і Узбекістан даволі небяспечныя для грамадзян Беларусі. Гэтыя краіны ўваходзяць у Садружнасць незалежных дзяржаў, а значыць, сілавікі там маюць доступ да базы СНД, якую вядзе Міністэрства ўнутраных спраў Расіі і ў якую Беларусь можа падаць запыт на выдачу ў адзін клік. Калі з’явіцца крымінальная справа ў Беларусі, то з вялікай доляй імавернасці з гэтых краін экстрадзіруюць у Беларусь.

Грузія больш бяспечная, але з агаворкай: можна «прысесці». Калі няма менавіта крымінальнай справы ў Беларусі, то можна лічыць Грузію даволі бяспечнай. Але ў Грузіі слабейшы ўзровень прававой культуры, прававых механізмаў і інстытутаў, чым у якой-небудзь краіне Еўрасаюза.

Грузія не кіруецца рэкамендацыямі Еўрасаюза, бо (прынамсі, пакуль) у яго не ўваходзіць, але на Грузію ўсё ж распаўсюджваецца практыка Еўрапейскага суда правоў чалавека, якая ставіць вялікія патрабаванні да экстрадыцыі ў краіны, дзе могуць ужывацца катаванні. Значыць, калі будзе непасрэдны экстрадыцыйны запыт, чалавека могуць затрымаць і пратрымаць у ізалятары — ёсць імавернасць, што нават пагодзіцца выдаць чалавека, але калі чалавек будзе бараніцца праз Еўрапейскі суд правоў чалавека, у экстрадыцыі адмовяць.

Малдова больш бяспечная за Арменію ці Казахстан, але менш бяспечная за Еўрасаюз. Праблемы ў Малдове могуць узнікнуць хіба пры вышуку праз «Interpol». Краіна ўсё яшчэ ўваходзіць у СНД, але неахвотна — нават паступова выходзіць. І хоць Малдова мае доступ да базы СНД, тая база вядзецца па-руску і кірыліцай, а Малдова вядзе свае запісы лацініцай.

Літва, Латвія і Эстонія — у Еўрасаюзе, не маюць значных праблем з вяршэнства права і не стануць выдаваць па палітычным запыце з Беларусі. Ды Літва апошнім часам не працягвае віды на жыхарства шматлікім беларусам, у якіх бачыць «пагрозу нацыянальнай бяспецы», а нагодай для такога рашэння можа стаць ранейшая служба ў беларускім войску ці, напрыклад, праца на БелАЭС.

Украіна не стане выдаваць чалавека па палітычным запыце дзяржавы-суагрэсара. Ды і эміграваць ва Украіну з Беларусі цяпер амаль немагчыма, межы між імі практычна закрытыя, хоць фармальна бязвізавы рэжым не скасоўвалі. 

Глядзіце таксама

Папулярныя турыстычныя напрамкі

Турцыя не надта бяспечная. Экстрадыцыя з гэтай краіны ў Беларусь магчымая, а часта туркам прасцей дэпартаваць чалавека ў Беларусь ці Расію, чым ладзіць экстрадыцыю.

Ізраіль вельмі бяспечны для сваіх грамадзян. Тэарэтычна, Ізраіль можа выдаваць сваіх грамадзян іншым краінам, але калі гаворка ідзе пра беларускую крымінальную справу, Ізраіль не стане выдаваць, а чалавека ў базе «Interpol», хутчэй за ўсё, проста не пусцяць у краіну.

Што да грамадзян іншых краін, Ізраіль хутчэй не пагодзіцца на экстрадыцыю, але вельмі імаверна, што пазбавіцца праблемы праз дэпартацыю чалавека ў трэцюю краіну, напрыклад, у тую ж Турцыю.

Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Егіпет і Саудаўская Аравія не надта бяспечныя праз нізкі ўзровень прававой культуры.

Мексіка для грамадзян Беларусі даволі бяспечная. В’етнам, Інданезія, Індыя, Мальдывы, Сейшэлы, Тайланд ці Туніс — не надта, а Кітай дакладна небяспечны.