Ціханоўская: Дзень Перамогі нагадвае нам пра тое, да чаго вядзе беспакаранасць і неабмежаванасць улады

«Як сталася, што ў Беларусі, дзе цэніцца мір, нават словы «Не вайне!» сталі злачынствам?» Пра гэта разважала ў сваім звароце з нагоды дня Перамогі і дня Памяці беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская.

svjatlana_cihanouskaja_12.jpg

Святлана Ціханоўская выказалася наконт падзеяў 80-гадовай даўніны і з нагоды 79-й гадавіны перамогі ў Другой Сусветнай вайне.

Святлана Ціханоўская ў сваім звароце адзначыла: «Гэты дзень нагадвае нам пра чалавечую мужнасць і самаахвярнасць, пра тых, хто змагаўся за мір і свабоду. Гэты дзень — не толькі дзень Перамогі, але і дзень Памяці. Мы ўспамінаем усіх забітых і пакалечаных, мы успамінаем пра ўсе жахі і той боль, якія прынесла Беларусі тая вайна

Гэты дзень нагадвае нам пра тое, да чаго вядзе беспакаранасць і неабмежаванасць улады. Калі тыраны ў імя ідэалогіі і ўласных амбіцыяў гатовы прыносіць у ахвяру жыцці людзей.

Вайна, якую развязала Расія супраць Украіны, паказвае, што не ўсе вынеслі ўрокі з падзеяў 80-гадовай даўніны.

Ізноў адзін тыран вырашыў. што можа паняволіць іншых. Ізноў забіваюць нявінных людзей. Ізноў наша краіна апынулася пад уладай тыраніі.

Наш народ спрабуюць уцягнуць у гэтую вайну. З тэлеэкранаў нам расказваюць пра ўнутраных і знешніх ворагаў. А з вайны робіцца культ.

Тых, хто выступаюць супраць, – называюць экстрэмістамі і здраднікамі. Як сталася, што ў Беларусі, дзе цэніцца мір, нават словы «Не вайне!» сталі злачынствам?


Крыніца: Святлана Ціханоўская [ youtube ]

Беларусы ніколі не былі агрэсарамі. У свеце цяжка знайсці больш міралюбнай нацыі. Мы ўмеем жыць дружна з суседзямі і знаходзіць агульную мову. Але таксама мы ўмеем пастаяць за сябе і тых, хто ў бядзе. Мы ўмеем змагацца і ўмеем перамагаць.

У гэты дзень я хачу пажадаць усім нам міру. Беларусам – свабоды, а Украіне – перамогі над агрэсарам».