«Дзядзя Вова» даў пагуляцца: ядзерныя мары Лукашэнкі і іх увасабленне

Лукашэнка часта пужае Захад ядзернай зброяй, апошнім часам — у сувязі з сумеснымі з Расіяй вучэннямі. Але ці дадуць яму патрымаць у руках «ядзерны чамаданчык»?

РСЗА «Паланез». Фота: wikipedia.org

РСЗА «Паланез». Фота: wikipedia.org

Аляксандр Лукашэнка ўсё часцей разважае пра выкарыстанне размешчанага на беларускай тэрыторыі расійскага нестратэгічнага ядзернага арсенала, нібыта здабыў над ім нейкі кантроль. 

Напрыклад, на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня Перамогі ў Мінску ён гаварыў пра планы нанясення непрымальнай шкоды ўсім варожым ботам, якія рызыкнуць ступіць на беларускую зямлю, і нават раскрыў асобныя падрабязнасці трэніровак з удзелам беларускіх сродкаў-носьбітаў тактычных ядзерных зарадаў. Прагучала гэта так, як быццам перасоўванне і прымяненне гэтай зброі цяпер і ў яго кампетэнцыі, піша Павел Мацукевіч у сваім блогу «Пульс Леніна-19».

Кардонны шчыт, бляшаны меч

Як вядома, 6 мая Расія абвясціла правядзенне вучэнняў па адпрацоўцы навыкаў прымянення нестратэгічнай ядзернай зброі. На момант гэтай аб'явы не было зразумела, ці будзе ўцягнутая ў трэнінгі Беларусь, але інтрыга пратрымалася нядоўга. 

Ужо 7 траўня стала ясна, што будзе: Лукашэнка, дэманструючы самастойнасць, распарадзіўся «правесці раптоўную праверку сродкаў-носьбітаў нестратэгічнай ядзернай зброі», адпрацаваўшы пры гэтым увесь комплекс мерапрыемстваў ад «планавання, падрыхтоўкі і прымянення удараў тактычнымі ядзернымі боепрыпасамі». 

Фармулёўкі, узятыя ў двукоссі, запазычаныя з паведамлення Мінабароны Беларусі і якраз ствараюць уражанне, што афіцыйны Мінск распараджаецца расійскай тактычнай ядзернай зброяй як сумеснай з Расіяй ці нават сваёй. Не абвясці РФ напярэдадні пра вучэнні, можна было падумаць, што Аляксандр Рыгоравіч і зусім здабыў сваю ядзерную кнопку і самастойна вырашыў сцерці з яе пыл у абарончых мэтах. Але гэта не так.

Рашэнне аб правядзенні вучэнняў і ўключэнні ў іх Беларусі прымаў Крэмль. Пра гэта ў прысутнасці Лукашэнкі расказаў Пуцін 9 мая ў Маскве, адказваючы на пытанне журналіста, і адзначыў пры гэтым, што Аляксандр Рыгоравіч і сам прасіўся паўдзельнічаць у ядзернай трэніроўцы. 

Загвоздка ў тым, што ёсць дагавор аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, які забараняе тым, хто мае такую зброю перадаваць яе і кантроль над ёй каму б там ні было ні прама, ні ўскосна, а тым, хто не мае — прымаць зброю або кантроль над ёй ні прама, ні ўскосна. 

Расія і Беларусь удзельнічаюць у гэтай дамове і пакуль не афішавалі намераў з яе выходзіць, хоць сам факт размяшчэння расійскай ядзернай зброі на беларускай тэрыторыі выклікае пытанні і падазрэнні.


Глядзіце таксама

Абвешчаныя Крамлём вучэнні не парушаць абавязацельстваў Расіі і Беларусі па дамове, як мяркуецца, толькі ў тым выпадку, калі ўдзельнічаюць у манеўрах беларускія сродкі-носьбіты расійскай нестратэгічнай ядзернай зброі, а менавіта «Іскандэры», «Паланэзы» і Су-25 будуць насіць і прымяняць не ядзерныя боепрыпасы, а іх муляжы. Ці, як варыянт, кіраваць гэтымі беларускімі носьбітамі будуць расійскія экіпажы.

Здаецца, што ў інтарэсах Масквы выдаткавацца на бляху і кардон для муляжоў, каб так і было. І Мінска, дарэчы, таксама: Беларусі наўрад ці патрэбныя абвінавачанні ў парушэнні краевугольнага дакумента ў сферы міжнароднай ядзернай бяспекі. Рэпутацыі краіны яшчэ ёсць куды балюча падаць.

У такім выпадку, праўда, усе «падрабязнасці раптоўнай адпрацоўкі пытанняў прымянення нестратэгічнай ядзернай зброі», якія, як ужо згадвалася вышэй, раскрыў Лукашэнка ў Палацы Рэспублікі напярэдадні Дня перамогі, становяцца выразанымі з таго ж матэрыялу, што і ядзерныя боепрыпасы для беларускіх «Іскандэраў».

Афіцыйны Менск, хутчэй за ўсё, будзе і далей настойваць на сваім, каб трымаць марку «амаль ядзернай дзяржавы», а электарат — у паважным трапятанні. Масква ж, мабыць, не стане супраць гэтага пярэчыць і аспрэчваць, каб не закрануць ранімыя пачуцці свайго саюзніка, які так добра і натуральна грае на нервах суседзяў. Але спецыялісты ўсё зразумеюць.

Мэта ядзерных манеўраў Крамля як быццам і складаецца ў гэтай гульні на нервах заходніх краін. Інакш губляецца ўсялякі псіхалагічны сэнс у публічнасці абвешчаных вучэнняў. Яны, у адваротным выпадку, павінны быць сакрэтнымі.

Неад'емны атрыбут улады

Агулам прадставіць перадачу зброі ў рукі і пад кантроль над ёю Мінска можна толькі ў сне, у якім Лукашэнка становіцца пераемнікам Пуціна, але такое наўрад ці сніцца нават самым уражлівым фанатам палітычнага таленту Аляксандра Рыгоравіча.

«Каханую не аддаюць», — паўтараў ён у 2020-м і працягвае прытрымлівацца сваіх запаветаў, мяркуючы па тым, што і другая пасада ў краіне (старшыня УНС), задуманая для транзіту ўлады, ужо таксама яго. Кантроль над ядзернай зброяй — неад'емны атрыбут прэзідэнцкай улады ў Расіі, якім Уладзімір Пуцін не стане дзяліцца ўжо таму, што амаль гэтак жа, як беларускі калега, заняты ўзурпацыяй улады. Якраз адгрымела фанфарамі ўрачыстая інаўгурацыя ў Крамлі, якая распячатала пяты тэрмін яго прэзідэнцтва. 

Свой «ядзерны чамаданчык» Уладзімір Пуцін атрымаў ад Барыса Ельцына і расставаўся з ім толькі на той час, калі прэзідэнтам быў Дзмітрый Мядзведзеў. Ельцын да перадачы «чамаданчыка» Пуціну расставаўся з ім, толькі калі лёг на аперацыйны стол для аортакаранарнага шунтавання. Напярэдадні аперацыі ён спецыяльным указам на некалькі гадзін перадаў гэты атрыбут улады старшыні ўрада Віктару Чарнамырдзіну. А ледзь прыйшоўшы ў сябе пасля наркозу, падпісаў новы ўказ — аб вяртанні ядзернага пульта ў свае рукі.


Глядзіце таксама

Уладзімір Шаўчэнка, былы кіраўнік прэзідэнцкага пратаколу, згадваючы пра гэты выпадак у сваіх мемуарах («Паўсядзённае жыццё Крамля пры прэзідэнтах»), піша, што афіцэры-аператары кейсаў і спецсувязі, якія носяць «ядзерныя чамаданчыкі» (асноўны і рэзервовы), знаходзяцца пры прэзідэнце неадлучна круглыя суткі. І прыводзіць такі прыклад: вясной 2000 года, калі Пуцін лётаў на Су-27, побач з ім на той жа хуткасці ляцеў яшчэ адзін знішчальнік — з аператарам, які трымаў у руках «ядзерны чамаданчык». 

Яшчэ адзін цікавы прыклад з кнігі Шаўчэнкі, але ўжо з амерыканскага досведу, прывяду як анекдот, каб разрадзіць напружаную абстаноўку. Такім чынам, аднойчы Рональд Рэйган затрымаўся ў ліфце ў Дзярждэпартаменце, а афіцэр-аператар «трывожнай сумкі», як яе называюць у ЗША, шчасна падняўся на патрэбны паверх у суседнім ліфце. У выніку тыя паўгадзіны, пакуль Рэйгана вызвалялі з ліфта, ЗША былі пазбаўленыя кіравання сваім ракетным арсеналам.

Лукашэнка гаворыць пра ядзерную зброю як сродак стрымлівання і абароны для нашай краіны. У вядомай ступені, яно так і ёсць — калі лічыць, што Беларусі пагражае ўварванне, напрыклад, з боку Захаду, пра што кажа Лукашэнка і сам жа публічна ставіць пад сумнеў. 

Куды больш рэалістычна пры пэўных абставінах, якія пасля расійскай агрэсіі супраць Украіны лёгка ўявіць, выглядае пагроза ўварвання з боку Расіі. І менавіта ёй належыць гэты «сродак стрымлівання і абароны», якім спекулюе афіцыйны Мінск, і кантроль над ім. Так што выходзіць не абарончае стрымліванне, а саўдзел у расійскім застрашванні. Канцэнтрацыя натаўскіх войскаў па той бок беларускай мяжы з ЕС з'яўляецца якраз ахоўнай рэакцыяй на расійскую пагрозу, якая зыходзіць, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі. 

Аж да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года афіцыйныя ўлады падзялялі гэты пункт гледжання (хто ёсць рэальная пагроза), лічачы РФ галоўным саюзнікам, але і галоўным выклікам для незалежнасці Беларусі. 


Глядзіце таксама

Перад вачыма быў досвед расійскай акупацыі тэрыторый Грузіі ў 2008-м і Украіны ў 2014-м, які ў Мінску не хацелі паўтараць, а таму, у адрозненне ад Тбілісі і Кіева, не рабілі рэзкіх рухаў. У прыватнасці, не разгортваліся на 180 на захад, але асцярожна спрабавалі з яго дапамогай намацаць бяспечны баланс з Расіяй.

Прынцыпова нічога ў плане градацыі пагроз з тых часоў не змянілася. Змяніліся міжнародныя магчымасці рэжыму, які вымушана апынуўся адзін на адзін з Крамлём, але робіць выгляд, што гэта свядомы выбар, а не выратаванне ўлады. Адсюль і ўсе іншыя скажэнні. Напрыклад, спробы прадставіць расійскую ядзерную зброю ў Беларусі і вучэнні па яе ўжыванні як добры спосаб павышэння нацыянальнай бяспекі, а не рызыкоўны крок у бок большай эскалацыі і глабальнай вайны.