Гісторык: Калі пачнецца ядзерная вайна, то расійцы разбамбяць Варшаву, а амерыканцы — Мінск

У новым выпуску ютуб-праекта ТОК адзін з самых аўтарытэтных беларускіх гісторыкаў Польшчы прафесар Алег Латышонак выказаў сваё меркаванне адносна магчымага развіцця падзей у расійска-ўкраінскім канфлікце.

Скрыншот "Нашай Нівы"

Скрыншот "Нашай Нівы"

На погляд Алега Латышонка, якога цытуе «Наша Ніва», існуе магчымасць таго, што вайна Расіі з Украінай перарасце ў Трэцюю сусветную. «Штораз страшней робіцца, паколькі ўжо чуваць галасы, што краіны НАТО павінны ўключыцца. Французы-та, можа, будуць крычаць, але не ўключацца. А пачнуць з палякаў. Мы тут у Польшчы на лініі фронту, і нас першых пашлюць на расійцаў. І гэтага вельмі баюся».

Латышонак назваў галоўныя, на яго погляд пагрозы Беларусі, калі пачнецца Трэцяя сусветная вайна:

«Беларусь і Польшча — дзве краіны, якія найбольш пацерпяць, паколькі калі прыйдзе да атамнай зброі, то расіяне разбамбяць Варшаву, а амерыканцы — Мінск, каб асцерагчы сваіх праціўнікаў, бо амерыканцы і расіяне вельмі не хочуць наўпрост ваяваць паміж сабою. Таму мэтамі бамбардзіровак будуць не іх уласныя тэрыторыі».

Алег Латышонак на верыць у перамогу Украіны ў вайне. Але, паводле яго слоў, аб гэтым можна тэарэтычна разважаць. У такім выпадку Украіна і краіны НАТО «зробяць усё, каб вырваць Беларусь з кіпцюроў Крамля. Натуральна, яны павінны гэта зрабіць. Але якім шляхам? Ці адхіленнем рэжыму ад улады, ці шляхам нейкіх дамоўленасцей з ім? Я думаю, што будуць дамаўляцца».


Глядзіце таксама

У выпадку татальнага пройгрышу Украіны ў вайне, які прывядзе да страты ёю дзяржаўнасці, на погляд Латышонка, Беларусь будзе далучаная да Расіі. Латышонак падкрэслівае, што не разлічвае на татальны пройгрыш Украіны.

У выпадку, калі Украіна прызнае за Расіяй тыя тэрыторыі, якія былі захоплены, Беларусь, паводле слоў Латышонка «будзе мець поле для манеўру».

У выпадку, калі канфлікт будзе замарожаны, кажа гісторык, «усё застанецца так, як ёсць». Але гэтая сітуацыя не вечная.

На погляд гісторыка, ні Лукашэнка, ні беларускае грамадства не хочуць далучэння ні да Расіі, ні да вайны:

«Так што тут вялікая сіла. Гэта не тое, што Пуцін дасць загад — і ўсе гэты загад выканаюць. Ёсць магчымасць далей захоўваць сітуацыю, якая існуе. І праўдападобна, што так і будзе. Нейкія чарговыя саступкі інтэграцыйныя. Але гэтая ўлада, якая ёсць у Беларусі, застанецца. І Беларусь будзе далей існаваць як незалежная краіна».