Уладзімір Зяленскі: Беларусь павінна быць у складзе Еўрасаюза

Прэзідэнт Украіны ўпершыню агучыў пазітыўнае стаўленне наконт еўрапейскай будучыні Беларусі. Ён лічыць, што наша краіна мусіць быць у складзе ЕС.

flag_es_na_zakaz.png

На думку прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, пашырэнне Еўрапейскага саюза павінна выйсці за пералік дзяржаў, якія ўжо маюць статус кандыдата, і ахапіць Беларусь.

Пра гэта кіраўнік украінскай дзяржавы заявіў на супольнай прэс-канферэнцыі з прэзідэнткай Еўрапарламента Рабертай Метсолай у Кіеве на Дзень Еўропы, паведамляе карэспандэнт «Еўрапейскай праўды».

У сваёй прамове Уладзімір Зяленскі падкрэсліў, што Украіна чакае крокаў ЕС, неабходных для пачатку ўступных перамоваў з Украінай, але пашырэнне павінна тычыцца і іншых еўрапейскіх дзяржаў.

«Мы выканалі ўсе ўмовы для таго, каб у чэрвені была зацверджаная перамоўная рамка і рэальна пачаліся перамовы аб уступленні Украіны ў Еўрасаюз. Гэтак жа важна, каб для іншых народаў, якія заслугоўваюць быць у Еўрпейскім саюзе — каб еўрапейскае адзінства сапраўды працавала, каб яны таксама рэалізавалі свой кандыдацкі статус», – растлумачыў Зяленскі.

Прэзідэнт Украіны таксама акрэсліў пералік дзяржаў, якія ён бачыць у складзе будучага ЕС.

«Еўропа — гэта і Балканы, і Малдова, і будзе абавязкова Дзень Еўропы для Грузіі і Дзень Еўропы для Беларусі», — заявіў ён, упершыню абвясціўшы бачанне Украіны адносна будучага ўступлення Беларусі ў ЕС.


Глядзіце таксама

Характэрна, што ў гэтым пераліку дзяржаў ён не назваў Турцыю, якая фармальна мае статус кандыдата, але перамовы з якой спыненыя.

Зяленскі таксама дадаў, што гэтую пазіцыю падзяляюць і прадстаўнікі Еўрапейскага парламента. «Усё гэта ўжо адлюстравана пазіцыямі Еўрапарламента, і сапраўды важна ўсё гэта рэалізаваць», — падкрэсліў прэзідэнт.

Дзень Еўропы адзначаецца ў розных краінах 9 траўня. Сёння з гэтай нагоды Кіеў наведала прэзідэнтка Еўрапарламента Раберта Метсола.

Эксперты мяркуюць, што афіцыйныя асобы Украіны, у тым ліку Зяленскі, не робяць рэзкіх заяў на адрас Лукашэнкі, каб не правакаваць яго на ўступленне ў ва  йну. Таксама былі паведамленні, што Кіеў, няглядзечы на падтрымку беларускім рэжымам расійскай агрэсіі, захоўвае непублічныя кантакты з дыктатурай. Заява Зяленскага ў цэлым не парушае гэты статус-кво, але факктычна яе змест азначае, што ў Кіеве хочуць змены ўлады ў Беларусі.