Парламент Украіны прыняў законапраект, які спросціць легалізацыю беларускіх добраахвотнікаў
Вярхоўная рада Украіны ў першым чытанні прыняла законапраект, які рэгулюе атрыманне грамадзянства добраахвотнікамі. Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале паведаміў народны дэпутат Аляксей Ганчарэнка.

Паводле яго слоў, законапраект ухвалілі 263 галасамі.
«Вярхоўная рада прыняла ў першым чытанні законапраект № 9585 аб прававым статусе замежнікаў і асоб без грамадзянства, якія ўдзельнічаюць у абароне Украіны. Вельмі патрэбны законапраект. Крок насустрач добраахвотнікам і іх сем'ям зроблены», — напісаў ён.
Перад прыняццем законапраекта пра беларускіх добраахвотнікаў выказаўся ў з трыбуны Вярхоўнай рады народны дэпутат Ігар Гузь.
«Заклікаю калег падтрымаць важны законапраект аб прававым статусе замежнікаў, якія ваююць ва Узброеных сілах і іншых падраздзяленнях сіл абароны! — напісаў ён. —
Я вельмі актыўна кантактую і супрацоўнічаю з адным з найбуйнейшых замежных фарміраванняў, якія абараняюць Украіну, — беларускім палком імя Кастуся Каліноўскага. Гэтыя хлопцы і дзяўчаты ў першыя дні вайны вырашылі бараніць Украіну з інтарэсамі ў вольнай Беларусі.
Гэтыя людзі сваёй крывёю і сваімі ўчынкамі даказалі, што яны вартыя звацца грамадзянамі Украіны, але большасць з іх чамусьці засталася ў падвешаным стане, перажываючы за сваіх родных, для якіх вяртанне ў Беларусь азначае гібель.
Такім чынам, мы павінны задаць працэс набыцця ўкраінскага грамадзянства для замежніка, які стаў на абарону нашай краіны, а таксама яго сям'і!»
Глядзіце таксама

Як адзначаецца на сайце палка Каліноўскага, пытанне легальнага знаходжання на тэрыторыі Украіны сапраўды вельмі важнае для беларускіх байцоў.
«На дадзены момант больш за 30% асабовага складу ў той
ці іншай ступені сутыкнуліся з праблемамі дакументаў: несапраўдныя пашпарты,
адсутнасць віду на жыхарства, а таксама неабходнасць пакінуць Украіну і полк
Каліноўскага для вырашэння пытання легалізацыі ў краінах ЕС, — гаворыцца ў паведамленні. — Спрашчэнне міграцыйнай палітыкі Украіны таксама будзе
садзейнічаць больш актыўнаму рэкрутынгу ў шэрагі добраахвотніцкіх аб'яднанняў.
Кожны трэці беларус, які звярнуўся ў бот для рэкрутынгу, мае праблемы з
пашпартам, што ўскладняе перамяшчэнне і ўезд ва Украіну».