Мілітарызацыя рыторыкі: наколькі сур'ёзныя заявы Лукашэнкі?
Гучней за ўсё крычыць той, у каго насамрэч няма аніякіх тузоў у рукаве. Ці прымяняльнае гэтае выслоўе да Лукашэнкі?
Красавік і пачатак траўня атрымаліся багатыя не толькі на палітычныя заявы афіцыйнага Мінска аб падрыхтоўцы да абароны і ўзмацненні межаў ад гіпатэтычных агрэсіўных захадаў з боку Украіны і суседзяў у NATO, якія, паводле слоў беларускіх вайсковых чыноўнікаў, «капаюць акопы, каб абараняцца».
Міністр абароны Віктар Хрэнін паведаміў, што новая ваенная дактрына Беларусі адказвае на пытанне, як дзейнічаць «у выпадку эскалацыі», а Украіна нанесла шэраг удараў па аб'ектах нафтаперапрацоўкі Расіі як у глыбіні яе тэрыторыі, так і непадалёк ад межаў з Беларуссю.
Не засталося па-за ўвагай і атрыманне ўкраінскай арміяй новых дальнабойных сродкаў паражэння, якія робяць дасяжнай практычна ўсю тэрыторыю Беларусі.
Нарэшце, Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся правесці праверку носьбітаў тактычнай (у афіцыйных рэлізах яе сталі называць «нестратэгічнай») ядзернай зброі і пагадзіўся на прапанову (загад?) Уладзіміра Пуціна.
5 траўня італьянскае выданне «La Repubblica» паведаміла, якія «лініі» NATO будзе ўважаць за «чырвоныя», пасля перасячэння якіх альянс можа далучыцца да вайны на баку Украіны. У якасці адной з такіх ліній названы ўдзел Беларусі ў вайне на баку Расіі.
«Позірк» распытаў палітолага, спецыяліста па пытаннях нацыянальнай бяспекі Аляксандра Казака, як рэагаваць на насычаны мілітарысцкі парадак дня і чаго чакаць ад агрэсіўнай рыторыкі Мінска.
«Гэта такі маленькі сігнал: глядзіце, не рыпайцеся, мы ўсё бачым і гатовыя!»
— Украіна абрала ў якасці цэляў для сваіх дронаў і ракет нафтаперапрацоўчую структуру на тэрыторыі Расіі, у тым ліку ў памежжы з Беларуссю, і ўважае гэтыя аб'екты законнымі цэлямі для ўдараў. Ці могуць беларускія аб'екты таксама стаць мішэнямі?
— На гэты момант інфармацыі або прадвеснікаў таго, што Украіна можа нанесці ўдар або абстраляць нафтаперапрацоўчую інфраструктуру і заводы Беларусі, вельмі мала. Лічу гэта малаверагодным, таму што рэжым Аляксандра Лукашэнкі вядзе палітыку не столькі кінетычную, колькі паказальную. Яна не вядзе да канкрэтнай эскалацыі. Тым больш, Беларусь выдатна разумее, што сіла на баку Украіны.
Мы можам пагадзіцца з папярэджаннем рэжыму, маўляў, у выпадку абстрэлаў «адкажам». Добра, хай будзе, як ён гаворыць. Нават можам дапусціць, што будзе абстрэл, але якія наступствы — іншае пытанне. Думаю, Лукашэнка разумее, што ўдары, падобныя да тых, якія Украіна наносіць па Расіі, могуць цалкам паралізаваць эканоміку і крытычную інфраструктуру Беларусі, а гэта пагражае калапсам.
Не варта забываць, што праз усе гэтыя сістэмы Расія перадае Беларусі сыравіну для перапрацоўкі. Цалкам верагодна, што ёсць нейкая дамоўленасць паміж Кіевам і Мінскам аб неўвядзенні войскаў нават пад пагрозай абстрэлу ці нейкага іншага абмену ўдарамі.
«Усе краіны вельмі сур'ёзна ставяцца да абароны, бачаць у Расіі апраўданую пагрозу»
— Расійскія ракеты 27 красавіка нібыта праляцелі над тэрыторыяй Беларусі. Ці можа Украіна збіваць ракеты і іх носьбіты ў паветранай прасторы Беларусі?
— Перш за ўсё гэта пытанне да Украіны. Як яна вырашыць — збіваць ці не. Калі і ёсць нейкія планы, яны сакрэтныя і не афішуюцца. Але адносна пралёта ракет варта згадаць, што гэта не быў пуск з тэрыторыі Беларусі, яны па датычнай праляцелі над беларускай тэрыторыяй.
Вельмі важна разумець, што траекторыя палёту ракеты не закладваецца з борта самалёта. Яна праграмуецца на аэрадроме, таксама можна дапусціць і фактар памылкі. Лічу, што ў гэтай сітуацыі не трэба нацягваць саву на глобус. Менавіта той чалавек, які націскаў у самалёце кнопку «пуск», мог не ведаць, куды ўдарыць і па якой траекторыі пойдзе тая ракета. Звычайна так яно і працуе — у 99% выпадкаў.
— Краіны NATO дазволілі Украіне выкарыстоўваць супраць Расіі дальнабойныя сродкі паражэння, і ўкраінскія СМІ адразу ж адгукнуліся картай, згодна з якой цяпер ракеты здольныя паразіць усю тэрыторыю Беларусі. Наколькі сур'ёзна гэта варта ўспрымаць?
— Гэта вельмі сур'ёзна трэба ўспрымаць і таксама разглядаць у кантэксце збітага стратэгічнага бамбавіка (Ту-22М3) і Іл-76. Запускаліся гэтыя сродкі паражэння з тэрыторыі Украіны і падалі на расійскім баку. Гэтая адлегласць, зноў жа, пакрывае і перакрывае Беларусь. Таксама варта памятаць, што вайна ідзе не толькі на полі бою, але і ў інфапрасторы, і гэта такі маленькі сігнал: глядзіце, не рыпайцеся, мы ўсё бачым і гатовыя!
— 25 красавіка міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў, што ў ваеннай дактрыне Беларусі прапісанае стаўленне да эскалацыі з боку NATO і выкарыстання ядзернай зброі. Як ставіцца да гэтай заявы?
— Калі глядзець на сітуацыю адстаронена, то такія заявы — нармальная рэакцыя на тое, што адбываецца.
Тое, што ў Беларусі распрацоўваюць гэтыя дактрыны і робяць такія заявы, — пэўны паказчык і для Расіі: мы, маўляў, таксама дзейнічаем, мы ангажаваныя, у нас адбываюцца пэўныя змены, каб у тым ліку праявіць сябе. Гэта разменная карта ў вельмі вялікай зацікаўленасці Расіі, каб заангажаваць Беларусь у вайну з Украінай непасрэдна, а не толькі інфраструктурна.
Таму Лукашэнка заўсёды можа сказаць: глядзіце, мы трактуем гэтыя пагрозы вельмі сур'ёзна, мяняем канцэпцыі, распрацоўваем правілы прымянення ядзернай зброі, акрэсліваем умовы гульні.
У тэорыі бяспекі ёсць істотная рэч пад назвай «дылема бяспекі», якая вельмі спрошчана гаворыць: калі мой сусед адбудоўвае свой ваенны патэнцыял, то я выбудоўваю свой. А мой сусед бачыць, што я выбудоўваю, і выбудоўвае яшчэ больш. І гэта ўсё раскручваецца і павялічваецца.
Таму ў тых умовах, у якіх ідзе вайна ва Украіне, усе краіны вельмі сур'ёзна ставяцца да абароны, бачаць ў асобе Расіі апраўданую пагрозу. Падобныя легіслатыўныя дзеянні абсалютна не з'яўляюцца чымсьці новым або шакуючым — прынамсі, для экспертаў.