«Лукашэнка ведае сваё месца і робіць тое, што яму загадаў Пуцін»

Нашы заходнія суседзі, папярэджваючы магчымую агрэсію з боку двух дыктатараў, могуць пачаць умацоўваць памежную тэрыторыю і, акрамя плота, усталяваць мінныя палі.

dee9d24a_8970742c600d9a347435a98c11e92544.webp

Генерал Вальдэмар Скшыпчак, былы камандуючы сухапутнымі войскамі і былы намеснік міністра нацыянальнай абароны Польшчы, у інтэрв'ю «Delfi» заявіў, што, хоць канфлікт Расіі з NATO здаецца яму малаверагодным, на мяжы з Расіяй і Беларуссю трэба пабудаваць умацаванні і ўсталяваць мінныя палі, каб канчаткова адгарадзіцца ад патэнцыйнай агрэсіі з боку Лукашэнкі і Пуціна.

— Як вы ацэньваеце сітуацыю на ўкраінска-расійскім фронце?

— Сітуацыя вельмі складаная для ўкраінцаў, бо расійцы змаглі дамагчыся стратэгічнай перавагі на шэрагу кірункаў. Расійскі Генштаб канцэнтруе ўдарныя групоўкі на шэрагу кірункаў. Паўночны кірунак — гэта наступ на Купянск і Харкаў, у тым ліку і для таго, каб зняць небяспеку прарыву ўкраінскіх спецназаўцаў і партызан, якіх падтрымлівае Кіеў, на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі ў раёне Белгарада. Расійцы таксама, верагодна, нанясуць удар у напрамку Палтавы, і калі гэта атрымаецца, то паспрабуюць развіваць поспех у кірунку да Умані, каб дамагчыся глыбокага ахопу Данбаса з поўначы. Больш чым відавочна, што яны хочуць цалкам захапіць Данбас і дайсці да Славянска і Краматорска.

Другі асноўны кірунак расійскага наступу — Запарожжа. У напрамку гэтага горада яны наступаюць з боку Данецка, такім чынам расійцы спадзяюцца акружыць Данбас ужо з поўдня, гэта значыць узяць Данбас з поўдня і поўначы ў абцугі. Так расійскі Генштаб спадзяецца цалкам кантраляваць Данбас, расійскія ваеначальнікі таксама спрабуюць адваяваць тэрыторыі, страчаныя ў выніку ўкраінскага контрнаступу.


Глядзіце таксама

— Калі расійцы пачнуць вялікую наступальную аперацыю?

— Хутка. Верагодна, праз некалькі тыдняў, як толькі ўмовы надвор'я стануць аптымальнымі. Яны не будуць чакаць лета, паколькі перакананыя, што павінны нанесці ўдар менавіта цяпер, калі ўкраінскай арміі не хапае артылерыйскіх снарадаў, зенітных ракет і салдат. Для Пуціна і яго вайскоўцаў гэта найлепшы час для ўдару, бо калі ва Украіну прыбудуць боепрыпасы, там будуць ракеты, там будуць салдаты, што створыць расійцам масу праблем. Украінская армія з кастрычніка рыхтуе абарончыя пазіцыі, мінуе раёны, што моцна запавольвае тэмпы расійскага наступу. Праблема з адсутнасцю ў украінцаў ракет для сістэм супрацьпаветранай абароны заключаецца ў тым, што зенітны парасон над Украінай, які яшчэ нядаўна быў вельмі эфектыўным, становіцца ўсё больш дзіравым. У выніку ўкраінская супрацьпаветраная абарона не ў стане збіваць усе варожыя ракеты, самалёты і ўсе варожыя беспілотнікі. Скарыстаўшыся гэтым, расійскія ВПС бамбяць найважнейшыя аб'екты інфраструктуры, якія неабходныя для выжывання Украіны.

— Лукашэнка заявіў, што дзеянні Польшчы, Літвы і NATO вымусілі яго размясціць вялікую колькасць войскаў на польска-літоўска-беларускай мяжы.

— Лукашэнка, у якога ў войску больш генералаў, чым танкаў, спрабуе палохаць, бразгае зброяй, якой у яго няма або, калі ёсць, то заржавела ў ножнах. Колькі б ён ні стараўся, усе бачаць, што гэта бессэнсоўна. Нагадаю, што летам 2022 года Крэмль прымусіў Лукашэнку перадаць большую частку сваіх танкаў расійскай арміі — пасля таго, як украінцы знішчылі расійскія бранятанкавыя войскі. Так што пагрозы Лукашэнкі на вучэннях беларускага войска некалькі тыдняў таму не спалохалі ні палякаў, ні літоўцаў.

— Ці можа Масква справакаваць канфлікт на польска-літоўска-беларускай мяжы і затым паспрабаваць прыйсці на дапамогу «брацкаму» беларускаму народу, якому «пагражае» агрэсія NATO?

— Лукашэнку няма чым правакаваць канфлікт на памежнай тэрыторыі, перавага NATO знішчальная, а Украіна стрымлівае расійскае войска. У Крамлі выдатна разумеюць, што калі Лукашэнка ўвяжацца ў ваенную авантуру супраць краін NATO, то Расія яго падтрымаць не зможа, бо ўсе адносна баяздольныя злучэнні расійскага войска задзейнічаныя ў вайне ва Украіне. Як толькі расійскі Генштаб пачне перакідваць войскі з Украіны ў іншыя месцы, украінцы гэтым скарыстаюцца і пачнуць наступ, можа быць, нават на тэрыторыю Расіі. Так што Лукашэнка ведае сваё месца і робіць тое, што яму загадаў Пуцін – вядзе гібрыдную вайну, спрыяе спробам мігрантаў штурмаваць межы Польшчы, Літвы і Латвіі.


Глядзіце таксама

— Крэмль можа рызыкнуць нанесці ўдар па краінах Балтыі ці Польшчы. Дзе?

— Уся мяжа з Беларуссю, няхай гэта будзе літоўская, польская або латвійская — небяспечнае месца. Гэта тэрыторыя, якая стала полем бою гібрыднай вайны, што вядзе Лукашэнка. Сувалкскі калідор, вядома, асабліва важны пункт, але, як я згадваў, пакуль у Лукашэнкі няма войскаў, якія маглі б нам пагражаць. У расійцаў у Калінінградзе цяпер таксама няма асаблівай ваеннай прысутнасці: часткі 19 армейскага корпуса, якія былі раскватараваныя ў раёне Калінінграда, занятыя барацьбой з Украінай.

— У Літве павінна з'явіцца 5-тысячная брыгада Бундэсвера, Літва і Польшча інтэнсіўна ўзбройваюцца. Ці будзе гэтага дастаткова для стрымлівання Расіі?

— Цягам двух гадоў Скандынавія, краіны Балтыі і Польшча стануць самым моцным элементам вайсковага патэнцыялу NATO, і Пуцін, думаю, не рызыкне пускацца ў авантуры ў гэтым рэгіёне. Ужо цяпер Фінляндыя, Швецыя, Нарвегія, Данія і Польшча робяць больш за ўсіх, каб падрыхтавацца да адбіцця магчымай расійскай агрэсіі.

— Расія пераводзіць эканоміку краіны на ваенныя рэйкі. Ці азначае гэта, што яна робіць гэта з прыцэлам не толькі на вайну з Украінай, але і на вайну з NATO, прычым не праз пяць ці восем гадоў, а ў найбліжэйшай будучыні?

— Расійцы пераключылі сваю эканоміку на вайну, але падобна, што ўсё, што яны вырабляюць, выдаткоўваецца ў вайне з Украінай. Відавочна, што Масква не ў стане аднавіць ваенны патэнцыял да такой ступені, каб яго можна было выкарыстоўваць на іншым кірунку: у нашым рэгіёне або дзе-небудзь у Цэнтральнай Азіі. Асноўныя намаганні расійскай арміі накіраваны на тое, каб любой цаной выйграць вайну з Украінай. І гэта галоўная мэта Пуціна, таму што, калі ён не выйграе вайну з Украінай, ён не зможа пачаць вайну з любой іншай краінай.


Глядзіце таксама

— Летась украінскі наступ уграз у расійскіх умацаваннях, сёлета расійцы гразнуць у абарончых лініях украінскай арміі. Ці не азначае гэта, што нам (Польшчы і краінам Балтыі.— Заўв. рэд.) давядзецца не толькі закупляць тэхніку, але і пачынаць будаваць умацаванні?

— Досвед вайны ва Украіне паказвае, што веды пра тое, як будаваць умацаванні, абарончыя пазіцыі, мінныя палі, каб спыніць ворага – зноў актуальныя. Я лічу, што польскія і літоўскія межы з Расіяй трэба ўмацоўваць, размяшчаць эшаланаваныя мінныя палі ўжо цяпер, у мірны час. У ваенны час умацаванні на памежных тэрыторыях будаваць можа быць ужо занадта позна. Я перакананы, што і Літва, і Польшча павінны пачаць будаўніцтва магутных умацаванняў. І хаваць гэта не трэба. І Лукашэнка, і Пуцін павінны ведаць, што, калі яны вырашацца пачаць вайну, іх войскам давядзецца пераадольваць настолькі ўмацаваныя раёны, што гэта запатрабуе велізарных ахвяр з боку іх вайскоўцаў.

— Спадар генерал, ці азначае ўсё, пра што мы гаварылі, што вялікая вайна ўжо каля брамы нашых краін?

— Я мяркую, што пагрозы поўнамаштабнай вайны ў Еўропе цяпер няма, пакуль ідзе вайна ва Украіне. У расійцаў няма патэнцыялу, каб пачаць гэтую вайну. Аднак нам трэба рыхтавацца, ствараць Узброеныя сілы, якія складаюцца з добра ўзброеных і матываваных салдат. Калі мы будзем моцнымі, ніякая вайна не пачнецца.