Беларусам у замежжы і так нясоладка, але давядзецца напружыцца яшчэ больш

Кожны дзень прыносіць усё новыя і новыя выклікі для беларусаў унутры краіны і па-за межамі. Тым, хто пазбавіўся дому праз вымушаныя ўцёкі ад пераследу, давядзецца дзяліць свой статус сучасных «габрэяў Еўропы» з украінцамі.

Акцыя беларусаў ва Уроцлаве. Ілюстрацыйнае фота: blogopolshe.pl

Акцыя беларусаў ва Уроцлаве. Ілюстрацыйнае фота: blogopolshe.pl

«Наезд» дзяржавы Украіна на сваіх грамадзян за мяжой адгукнецца беларусам. «Наезд» Грузінскай рэспублікі на сваіх грамадзян унутры краіны — беларусам варта напружыцца ўжо цяпер.

Еўрасаюз_бел

Беларусаў у выгнанні пачалі параўноўваць з габрэямі Трэцяга Рэйху амаль адразу як з тэрыторыі Беларусі ва Украіну прайшлі расійскія войскі напрыканцы лютага 2022 года. Унутры краіны габрэяў пераследавалі дэ-юрэ палітычна, а па-за межамі Германіі дэмакратычным дзяржавам «заміналі» пашпарты, выдадзеныя нацыстамі.

Пазней легалізаваных у Еўрасаюзе беларусаў адзін мой знаёмы палітолаг назваў «цыганамі Еўропы»: дакументы ёсць, а прывязкі да зямлі няма, — піша Севярын Квяткоўскі на партале «Наше мнение».

Напрыканцы красавіка 2024 года ўкраінскі ўрад здзівіў нечаканым сваім падабенствам з лукашызмам крокам: спыніў замену пашпартоў украінскіх мужчын 18-60 гадоў праз амбасады. Маўляў, вяртайцеся — каго на вайну адправім, каго камісуем, там паглядзім. У кожным разе, на заробкі за мяжу ўжо не вернецеся.


Глядзіце таксама

Палітычны Кіеў заварыў не абы-якую кашу для краін Еўрасаюза.

Дэ-факта «цыганоў Еўропы» хутка паболее мінімум на сотні тысяч. Прычым гэта будуць людзі без выразных дакументаў і, адпаведна, з пытаннем пра магчымасць легальна працаваць.

Пакуль, напрыклад, у Польшчы, назіраецца раздрай. У Міністэрстве абароны кажуць, што гатовыя паспрыяць дэпартацыі ўкраінцаў, а ў Міністэрстве ўнутраных спраў, наадварот, кажуць, што ўсе вымушаныя перасяленцы атрымаюць ахову польскай дзяржавы.

«Вяртайся ва Украіну, ідзі на фронт!» — крычыць полька старшага веку ўкраінскаму мужчыну ў Варшаве.

Польку мала абыходзіць, што там, ва Украіне, бо яна адчувае сябе абароненай ад Крамля сіламі NATO. Польская кабета баіцца чарговага наплыву ўкраінцаў, бо свет вакол яе змяніўся. У крамах працуюць людзі, якія кепска разумеюць па-польску і не заўжды выконваюць свае абавязкі так, як прынята ў Польшчы.

Ды што там, калі старшая пані трапляе ў лякарню, часта не можа нармальна паскардзіцца на сваё жыццё медсястры ці медбрату, бо тыя з Украіны. Так што «Ідзі на фронт!» — гэта толькі фігура маўлення, якая камуфлюе прыродную ксенафобію звычайнага мала адукаванага чалавека.

Калі ўкраінскі мужчына не на фронце, гэта не значыць, што ён не патрыёт. У ютубах вы лёгка адшукаеце ролікі, дзе ў поўным сэнсе героі фронту расказваюць, што месяцамі не атрымліваюць заробак. Працуючы ў Польшчы ці любой іншай краіне, украінскі мужчына корміць сваю сям’ю і часта данаціць ЗСУ.

Іншая катэгорыя — колішнія выбарцы Януковіча і прыхільнікі «рускава міру», найперш з Усходу і Поўдня Украіны, якія проста ўцяклі ад баявых дзеянняў. Яны тым больш не вернуцца пад кантроль ненавіснага ім Кіева.

Польшча найбольш прыняла да сябе бежанцаў з Украіны. Думаю, што польскія ўлады знойдуць магчымасць не правакаваць сацыяльнае напружанне і захаваць статус-кво для ўкраінскіх мужчын.


Глядзіце таксама

Таму не толькі ксенафобы, але «зе-палітыкі» ў Кіеве пралятаюць. Хоць асадачак, безумоўна застанецца. Бо ва ўгоду ўнутранаму папулізму афіцыйны Кіеў не першы раз стварае праблему для краін, у якіх просіць дапамогі.

Ва ўсёй апісанай сітуацыі беларусам трэба разумець, што хутка атрымаць міжнародную ахову стане вельмі складана. Бо міжнародная ахова — адзіны самы надзейны шлях для легалізацыі ў краінах Еўрасаюза, і вельмі хутка большасць украінцаў дазнаецца пра такі ход. А таму чэргі на падачу дакументаў і час разгляду спраў вырастуць у разы.

З трохсот з лішкам тысяч беларусаў толькі ў Польшчы на міжнародную ахову падалося ўсяго каля адзінаццаці тысяч чалавек. Кажу «ўсяго», бо для 40-мільённай Польшчы гэта кропля ў моры.

Некаторыя беларусы ўсё яшчэ жывуць думкай, што праз год-два можна будзе вярнуцца, а «ў мяне ж пашпарт яшчэ на чатыры гады».

Сітуацыя змяняецца вельмі імкліва, ніхто не возьмецца прагназаваць, што будзе праз год-два, а тым больш праз чатыры. Можа, з тэрыторыі Беларусі Расія зробіць правакацыю ў бок Літвы і Польшчы, і NATO правядзе сваю «спецыяльную ваенную аперацыю» па нейтралізацыі лукашыстаў, і ўсе, хто захочуць, вернуцца.

А можа, вайна зацягнецца на доўгія гады і, калі надыдзе час мяняць дакументы, беларус апынецца ў канцы аграмаднай чаргі.

Грузія_бел

Агульны стан палітычнай сітуацыі ў Грузіі (Сакартвэла) нагадвае мне беларускі 1996 год, калі ў сталіцы шмат актывістаў, яны рэгулярна ладзяць акцыі пратэсту, але астатняя краіна занятая сваімі бытавымі справамі.

І матывы для пратэсту тыя самыя — супраць збліжэння з Расіяй і ўціску грамадзянскіх свабод.

Хто бываў у Грузіі, ведае, што па ўсёй краіне вісяць сцягі Еўрасаюза. Пасля прыняцця закона «пра іншаземны ўплыў», які капіюе расійскі закон «пра іншаземных агентаў» і сярод грузінаў завецца «рускі закон», грузіны могуць смела здымаць еўрасаюзаўскія сцягі. Фактычна, стан рэчаў будзе такі, што Грузія надоўга можа страціць надзею на сваю інтэграцыю з дэмакратычным светам.

Еўрапарламент ужо прыняў пакуль толькі рэзалюцыю, але важны першы крок па палітычнай сітуацыі ў Грузіі. Еўрадэпутаты, сярод іншага, заклікаюць адмяніць закон, які абмяжоўвае правы ЛГБТК+ у Грузіі, і празрыста намякаюць, што «бязвіз» для грузінаў можа быць скасаваны.


Глядзіце таксама

Ужо 126 недзяржаўных арганізацый заявілі, што не будуць падпарадкоўвацца «рускаму закону». Гэта значыць, што канфлікт будзе зацяжным. Ад развалу СССР Грузія перажыла дзве грамадзянскія вайны, і трэба разумець, што грамадзянская згода там вельмі хісткая.

Расіі цяперашняя сітуацыя ў Грузіі пры кожным раскладзе выгадная, бо дэстабілізацыя палітычнага жыцця ў Грузіі — гэта адхіленне краіны ад кірунку еўраінтэграцыі.

А цяпер на фоне апісанага ўявіце сабе беларусаў, якія падаліся на міжнародную ахову. Прызнаваць беларусаў палітычна пераследаванымі на тэрыторыі галоўнага васала Расіі Лукашэнкі — гэта ісці супраць свайго дэ-факта стратэгічнага партнёра — Крамля.

У тым, што стваральнік кіруючай у грузінскім парламенце партыі «Грузінская мара» Бідзіна Іванішвілі фактычна і ёсць агент замежнага — расійскага — уплыву, ніхто не сумняваецца.

Дадайце сюды ўкраінцаў, якія ў Грузіі апынуліся без консульскага абслугоўвання сваёй дзяржавы.


Глядзіце таксама

І, вядома, як і ў Еўрасаюзе, у Грузіі шмат беларусаў, якія думаюць, што, маючы пашпарты на сем-восем гадоў наперад, дакладна змогуць вярнуцца ў Беларусь — калі без дэмакратыі, але і без тэрору.

У Грузіі з прынятым «законам пра агентаў замежнага ўплыву» кожны беларус станецца патэнцыйным «інагентам».

Парадаксальным чынам прыняцце «рускага закона» дапаможа беларусам шпарчэй атрымліваць візы на ўезд у Еўрасаюз, бо Грузія стане сапраўды небяспечнай краінай для ўсіх, хто пацярпеў ад лукашэнкаўскага ці пуцінскага рэжыму.

Хоць, вядома, вельмі хацелася б бачыць Грузію хоць бы адносна свабоднай — прынамсі, як цяпер.