Якія межы адкрывае беларускі пашпарт і куды з ім проста так не трапіш?

Лукашэнкаўскае МЗС недапрацоўвае: сіні дзяржаўны пашпарт застаецца адным з самых слабых — калі не ў свеце, дык, прынамсі, у Еўропе. 

_belarus_paszpart_dakumenty_zyccjo_2023_fota_novy_czas_logo.jpg

У глабальным рэйтынгу сіла пашпарта вызначаецца паказчыкам мабільнасці, які ўключае бязвізавы рэжым і магчымасць атрымання візы па прыбыцці. На красавік 2024 года Беларусь займае 52-е месца (48 краін даступныя без візы, у 43-х візу можна атрымаць па прыбыцці, у 107-мі візу трэба афармляць загадзя).

А вось як у рэйтынгу выглядаюць суседзі: Польшча — 4-е месца (128, 47, 23), Літва — 6-е месца (125, 48, 25), Латвія — 7-е месца (124, 48, 26), Украіна — 20-е месца (99, 49, 50) і Расія — 36-е месца (84 краін без візы, 43 — з візай па прыбыцці, 71 — з афармленнем візы да паездкі), піша «Deutsche Welle».

З пашпартам РБ — у 48 краін без візы

Адмена і спрашчэнне візавага рэжыму — адна з асноўных задач Міністэрства замежных спраў. Апошняе дасягненне дыпламатаў РБ — «бязвіз» з Нікарагуа, хоць гэты кірунак не карыстаецца попытам у беларусаў. З Мінска няма прамых рэйсаў, дарога займае ад двух сутак, квіткі ў адзін бок — каля 6 тысяч беларускіх рублёў (1700 еўра).

У 2023 годзе адмянілі візы ў В'етнам і Дамінікану, у 2021-м — у Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. У МЗС заяўляюць, што вядуць перамовы пра «бязвіз» з Уругваем. З гэтага года беларускія турысты могуць без візы прыехаць у Іран, гэта аднабаковае рашэнне Тэгерана.


Глядзіце таксама

З 2021 года для беларусаў патаннелі шэнгенскія візы: з 60 да 35 еўра, гэта быў адзін з крокаў па спрашчэнні візавага рэжыму. Аднак далейшыя перамовы прыпыненыя, перш за ўсё, праз наплыў мігрантаў на межах Беларусі з краінамі ЕС. З пачаткам вайны атрымаць «шэнген» стала яшчэ складаней. Напрыклад, час чакання падачы заявы ў германскім консульстве — каля 11 месяцаў.

Як могуць падарожнічаць беларусы з «пашпартам замежніка»?

З верасня 2023 года беларусы, якія з'ехалі з краіны і асцерагаюцца вярнуцца на радзіму, не могуць аформіць пашпарт за мяжой. Таму ў некаторых краінах ЕС беларускім грамадзянам пайшлі насустрач і сталі выдаваць так званы «пашпарт замежніка».

Як патлумачыла DW юрыстка Юлія Леванчук, гэта дакумент, які сведчыць асобу і дазваляе падарожнічаць. Яго выдаюць на падставе ВНЖ або ПМЖ, гэта значыць, што не трэба атрымліваць асобную візу, каб наведваць іншыя краіны ЕС і Шэнгенскай зоны, кажа экспертка. Акрамя таго, гэта дае права бязвізавага ўезду ў краіны, куды можна трапіць пры наяўнасці шэнгенскай візы або віду на жыхарства ў ЕС — напрыклад, у Мексіку.

Аднак «пашпарт замежніка» не роўны пашпарту грамадзяніна краіны ЕС. Так, калі беларус хоча наведаць ЗША, ён абавязаны загадзя атрымаць амерыканскую візу. У гэтым выпадку «яго ўспрымаюць як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь», гэта і пазначана ў дакуменце, звяртае ўвагу юрыстка.


Глядзіце таксама

Ці абавязаны беларус аддаць міграцыйным службам свой беларускі дакумент, атрымліваючы «пашпарт замежніка»? Юлія Леванчук тлумачыць, што, напрыклад, у Літве няма такога патрабавання. Тэарэтычна, у чалавека можа застацца два дзейныя пашпарты на руках. У Польшчы — іншая сітуацыя, кажа кіраўніца дэпартамента прававой дапамогі «Цэнтра беларускай салідарнасці» Вольга Дабравольская. «Іншаземец можа атрымаць праязны дакумент толькі ў тым выпадку, калі скончыўся тэрмін пашпарта РБ або дакумент прыйшоў у непрыдатнасць», — удакладніла суразмоўца.

Таму з польскім праязным дакументам не атрымаецца паехаць без візы ў Турцыю, якая для грамадзян Беларусі з'яўляецца бязвізавай. «Перад паездкай па-за межы ЕС трэба звязацца з амбасадай краіны, куды вы накіроўваецеся, каб удакладніць, ці патрэбная вам дадаткова віза, — тлумачыць Дабравольская. — У выпадку з Турцыяй, да прыкладу, патрэбная. Паколькі праязныя дакументы для замежнікаў — пакуль яшчэ новы дакумент, яго могуць па-рознаму ўспрымаць па-за межамі Еўрасаюза, таму лепш перастрахавацца».

Ёсць краіны, куды нельга ездзіць з «пашпартам замежніка»?

Апытаныя DW юрысткі кажуць, што выдача «пашпарта замежніка» не накладвае прамых абмежаванняў на наведванне іншых краін. «Аднак калі чалавек атрымаў дакумент на падставе гуманітарнага ВНЖ, вядома, у міграцыйных службаў могуць узнікнуць пытанні, калі ён з гэтым пашпартам паедзе ў Беларусь, — кажа Юлія Леванчук. — Таксама трэба ўзважыць, ці варта наведваць краіны, дружалюбныя рэжыму Лукашэнкі, і краіны, дзе зафіксаваныя шматлікія парушэнні правоў чалавека. Да прыкладу, у Грузіі беларусам не выдаюць міжнародную абарону, паколькі лічаць, што на радзіме ім не пагражае небяспека. Гэта павінна насцярожыць».


Глядзіце таксама

«Пашпарт замежніка» дае магчымасць падарожнічаць, але не дае грамадзянскіх правоў, удакладняе Вольга Дабравольская. Таму калі ўладальніка такога пашпарта затрымаюць, краіна, якая выдала дакумент, не абавязаная яго абараняць. На практыцы еўрапейскія дзяржавы могуць задзейнічаць дыпламатычныя механізмы, але гэта няпросты працэс, — кажа юрыстка. — Мы назіраем цяпер такую сітуацыю ў Сербіі, дзе затрыманы беларус Андрэй Гнёт. Раней быў кейс з затрыманнем валанцёра Валянціна Уласіка, які сем месяцаў правёў у турме Венгрыі, бо яго ўключылі ў базу вышуку Інтэрпола».  Пры гэтым эксперткі адзначаюць, што такія выпадкі застаюцца адзінкавымі.