Польшча дапаможа Украіне вярнуць мужчын прызыўнога ўзросту, а Германія не выдасць

Як адрэагуюць еўрапейскія краіны, калі Кіеў звернецца па дапамогу ў вяртанні дадому тых, хто можа страціць права заставацца ў ЕС пасля заканчэння тэрміну дзеяння пашпартоў?

berlin_sankcii_1_1_logo.jpg

Па стане на студзень 2024 года ў краінах Еўрасаюза пражывае каля 4,3 мільёна ўкраінцаў. З іх каля 860 тысяч — дарослыя мужчыны прызыўнога ўзросту.

Польшча: «Магчымая любая падтрымка»

У Польшчы заявілі, што гатовыя дапамагчы Украіне вярнуць мужчын прызыўнога ўзросту, каб яны баранілі радзіму.

Польскія ўлады гатовыя пры неабходнасці дапамагчы Украіне вярнуць мужчын прызыўнога ўзросту для дапамогі сваёй краіне ў вайне супраць Расіі.

Пра гэта заявіў міністр абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш, піша РБК-Украіна са спасылкай на Polsat News. Ён нагадаў, што і раней Польшча прапаноўвала Украіне дапамогу ў вяртанні прызыўнікоў на радзіму.

«Я думаю, што многія палякі абураюцца, калі бачаць у гатэлях і кавярнях маладых украінцаў і чуюць, колькі намаганняў мы павінны прыкласці, каб дапамагчы Украіне», — сказаў ён.

Пры гэтым Касіняк-Камыш не стаў раскрываць падрабязнасці таго, чым менавіта дапаможа Польшча.

«Магчымая любая падтрымка», — сказаў ён пра тое, як адрэагуе Польшча, калі Кіеў звернецца па дапамогу ў вяртанні дадому тых, хто можа страціць права заставацца ў Польшчы пасля заканчэння тэрміну дзеяння пашпартоў.

Украінскіх мужчын не будуць пазбаўляць у Германіі статусу ўцекачоў

Адмова ў аказанні консульскіх паслуг, напрыклад, у падаўжэнні тэрміну дзеяння пашпарта не паўплывае на статус украінскіх мужчын, якія знаходзяцца ў Германіі ў якасці бежанцаў, адзначае dw.com.

Афіцыйны прадстаўнік МУС Гнерманіі Максіміліян Каль (Maximilian Kall) адказаў 24 красавіка на пытанне карэспандэнта DW аб магчымых наступствах рашэння МЗС Украіны часова прыпыніць аказанне консульскіх паслуг для грамадзян мужчынскага полу ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў, якія знаходзяцца за мяжой. «Я ўпэўнены ў тым, што гэта не паўплывае на статус бежанцаў з Украіны, якія маюць патрэбу ў абароне, незалежна ад таго, ці ідзе гаворка пра жанчын, якіх сярод такіх бежанцаў пераважная большасць, ці мужчын», — адзначыў Каль. 

Такі абаронены статус украінскія ўцекачы маюць ва ўсіх краінах Еўрапейскага саюза з прычыны таго, што яны былі вымушаныя пакінуць радзіму, ратуючыся ад расійскай агрэсіі, дадаў Максіміліян Каль на ўрадавай прэс-канферэнцыі ў Берліне.

Рашэнне МЗС Украіны ў Берліне не каментуюць

Аднак ні Максіміліян Каль, ні прэс-сакратар нямецкага Міністэрства замежных спраў не захацелі каментаваць само рашэнне Кіева спыніць консульскае абслугоўванне ўкраінскіх мужчын прызыўнога ўзросту, якія знаходзяцца ў тым ліку і ў Германіі. «Гэта суверэнная пастанова Украіны, якую я не магу каментаваць ад імя МЗС ФРГ», — заявіў прадстаўнік гэтай установы Крысціян Вагнер (Christian Wagner).

Мабілізацыя ва Украіне

Нядаўна Міністэрства замежных спраў Украіны ўвяло абмежаванні для консульстваў у аказанні любых паслуг для мужчын-прызыўнікоў, якія знаходзяцца за мяжой. 

Прыпыненне консульскіх паслуг для мужчын 23 красавіка пракаментаваў міністр замежных спраў Дзмітрый Кулеба: «Як гэта выглядае цяпер: мужчына прызыўнога ўзросту з'ехаў за мяжу, паказаў сваёй дзяржаве, што пытанне яе выжывання яго не тычыцца, а потым прыходзіць і хоча атрымаць ад гэтай дзяржавы паслугі... Калі гэтыя людзі лічаць, што хтосьці там, далёка на фронце, ваюе і аддае свае жыцці за гэтую дзяржаву, а хтосьці пасядзіць за мяжой, але пры гэтым будзе атрымліваць паслугі ад гэтай дзяржавы, то так гэта не працуе».

24 красавіка на ўрадавым партале апублікаваная пастанова Кабінета міністраў, у якой гаворыцца, што мужчыны Украіны ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў больш не змогуць атрымліваць замежныя пашпарты, знаходзячыся за мяжой.