Нягледзячы на пратэсты, Парламент Грузіі адобрыў законапраект аб «замежных агентах» у першым чытанні
Натоўп скандуе: «Рускія!»
За прыняцце дакумента прагаласавалі 83 дэпутаты, супраць — 0. Як адзначае «Sputnik Грузія», у галасаванні ўдзельнічалі толькі прадстаўнікі парламенцкай большасці.
Дэпутаты ад апазіцыі пакінулі залу перад галасаваннем пасля слоўнай сваркі, перадае Mtavari Arkhi.
На заднім двары парламента працягваецца акцыя пратэсту.
Законапраект «Аб празрыстасці замежнага ўплыву» ў другі раз быў унесены кіруючай партыяй «Грузінская мара». У сакавіку 2023 года яна адклікала яго пасля маштабных пратэстаў.
У новай версіі законапраекта тэрмін «агент замежнага ўплыву» вырашылі замяніць на «арганізацыю, якая ажыццяўляе інтарэсы замежнай дзяржавы», аднак у астатнім ён паўтарае адкліканы дакумент.
Законапраект прадугледжвае стварэнне рэестра «замежных агентаў», дзе будуць пазначаныя ўсе некамерцыйныя юрыдычныя асобы і СМІ, якія фінансуюцца з-за мяжы больш чым на 20%.
Яны павінны будуць публікаваць гадавую фінансавую справаздачу.
На думку апазіцыі, законапраект паўтарае расійскае заканадаўства аб «замежных агентах».
Абмеркаванне новага законапраекта таксама суправаджаецца пратэстамі. Акрамя таго, 15 красавіка разгляд законапраекта быў спынены з-за бойкі ў парламенце.