«Беларуская мова — абярэг у цяжкі перыяд жыцця»

У Сакартвэла расіянка з Валгаграда пазнаёмілася з беларускай культурай і мовай, ды зацікавілася так, што нават вывучыла беларускую мову.

justa.jpg

Юста — расіянка з Валгаграда. Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну дзяўчына з’ехала ў Грузію, дзе пазнаёмілася з беларусамі. Менавіта яны натхнілі яе на вывучэнне беларускай мовы. У размове з Budzma.org Юста распавядае пра свой шлях да беларускай мовы, а таксама дзеліцца ўражаннямі ад беларусаў.

— Што цябе натхніла пачаць вывучаць беларускую мову?

— Па прыездзе ў Грузію я пазнаёмілася з беларусамі і пачала з імі актыўна стасавацца. Калі я пачула, што яны паміж сабой размаўляюць па-беларуску, мне спадабалася, як гучыць іх мова. Часта стала прасіць прыяцеляў размаўляць са мной па-беларуску. Так да мяне прыйшла ідэя пачаць вучыць новую мову.

Я знайшла беларускамоўны раман «1984» ад выдавецтва «Янушкевіч» і чытала яго ўголас. Тады мне падалося, што ў кнізе дакладна будуць словы, якія можна будзе ўжываць пры размове з беларусамі. Раман дапамог мне больш разумець беларускую і больш вольна на ёй размаўляць.

Для таго, каб папрактыкаваць мову, далучылася да клуба беларускамоўнага нэтворкінгу ў Батумі. Там я сустрэла шмат прыемных людзей, якія пазней сталі сябрамі. Мне там вельмі спадабалася. Пасля ўдзелу ў нэтворкінгу стала нашмат прасцей размаўляць па-беларуску. Часцей за ўсё я размаўляю па-беларуску са сваёй лепшай сяброўкай з Беларусі, з якой пазнаёмілася на мерапрыемстве клуба.

— З якімі складанасцямі ты сутыкнулася пры вывучэнні новай мовы?

— Складаным было тое, што па-беларуску вельмі мала рознага кантэнту. І калі хочаш паглядзець фільм па-беларуску, табе трэба патраціць шмат часу, каб яго знайсці. У горшым выпадку яго можа не быць. Я часам жартую, што калі ты хочаш атрымаць які-небудзь кантэнт на беларускай, то табе трэба яго зрабіць.

— Які кантэнт па-беларуску табе даспадобы?

— Я люблю фільмы па-беларуску, якія ёсць на сайце «Кінакіпа». Яшчэ вельмі падабаецца слухаць аўдыякнігі. Я слухала «Цукеркі ад бацькі», «Бездань» на «Чытанцы».

— Што табе больш за ўсё падабаецца ў беларускай мове?

— Асабіста для мяне беларуская мова стала абярэгам у цяжкі перыяд майго жыцця пасля эміграцыі. Яна накрывала сваім гучаннем, як коўдрай. У той час, калі расейская мова атаясамлівалася з жахам, смерцю і вайной. Беларуская гучала плаўна, распеўна. Яна мяне пераносіла ў месцы, дзе я ніколі не бывала, але хацела пабываць. Я ніколі не была ў Беларусі. Да свайго жыцця ў Грузіі ў мяне не было сяброў-беларусаў. Менавіта ў Сакартвэла я пазнаёмілася з беларускай культурай, і яна мяне вельмі зацікавіла. З’явіліся ўлюбёныя беларускія словы. Напрыклад, слова «шкарпэткі» вельмі ўтульнае і цёплае. Таксама словазлучэнне «глыбінная плынь», ад якога робіцца прахалодна. Некаторыя словы ў мовах адчуваеш на ўзроўні цела. Асабліва гэта заўважна, калі размаўляеш па-беларуску.

— Што можаш распавесці пра беларусаў?

— Беларусы — класныя. У вас быццам нешта свеціцца ўнутры, маленькі агеньчык, які асвятляе ваш шлях. Абсалютная большасць беларусаў, якіх я сустракала, гэта добрыя, сціплыя, тактоўныя людзі. У кампаніі беларусаў часцей за ўсё пачуваешся добра, як дома.

Ганна Бурштын, Budzma.org