Беларусь на мяжы з Украінай стварае новую мэту для украінскіх дронаў

На мяжы з Украінай Беларусь фармуе новае дэсантна-штурмавое падраздзяленне. Украінцам ужо вядома, дзе будзе дыслакавацца брыгада, якая ў выпадку канфлікту будзе законнай вайсковай мэтай для удару. У той жа час у ЗША ўдакладнілі словы Трампа наконт апасенняў перадаваць ліцэнзію на вытворчасць Patriot — верагодна, кіраўніка ЗША не так зразумелі. Ідуць 1622-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 207 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 3 жніўня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 30 штурмаў расіян у раёнах Котліна, Удачнага, Новамікалаеўкі і ў бок Новага Данбаса, Біліцкага, Шаўчэнкі, Васільеўкі, Светлага, Гулівага, Новападгароднага, Новапаўлаўкі.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 20 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Іллінаўкі, Русінага Яру, Шахава і ў бок Доўгай Балкі, Новага Шахавага, Паўлаўкі, Вольнага, Кучарава Яру.

На Славянскім кірунку армія РФ штурмавала 17 разоў у раёнах Рэзнікоўкі, Закітнага, Крывой Лукі і ў бок Піскуноўкі і Рай-Аляксандраўкі.

На Гуляйпольскім кірунку расійскія войскі здзейснілі 15 атак у бок Уздвіжаўкі, Дабраполля, Горкага, Чароўнага, Навасёлаўкі, Стараукраінкі.

На Ліманскім кірунку расіяне 10 разоў спрабавалі прасунуцца ў бок Лімана, Ставак, Дзібровы і ў раёнах Навасёлаўкі, Азёрнага і Зарэчнага.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расійцы атакавалі пазіцыі УСУ дзевяць разоў.

* * *

Па папярэдніх даных, у ліпені расійскія войскі акупавалі больш украінскай тэрыторыі, чым змаглі вярнуць Сілы абароны. Прырост акупацыйных войскаў складае 36 кв. км., паведамляе аналітычны праект DeepState.

Аналітыкі ўдакладнілі, што змянілі даныя за травень-ліпень, паколькі поспехі Сіл абароны Украіны дэманструюцца з затрымкай.

«Мы скарацілі плошчу акупаваных тэрыторый на 52 кв. км. 25 кв. км прыходзяцца на травень і 27 кв. км — на чэрвень. Такім чынам, чысты прырост тэрыторыі, захопленай праціўнікам у ліпені, можа скласці 88 кв. км. Зрэшты, у ліпені былі поспехі Сіл абароны, значна меншыя за папярэднія, але яны былі», – гаварыцца ў паведамленні.

Па даных DeepState, на дзвюх участках зафіксаваны поспех у памеры не менш за 49 і 83 кв. км. «Таму, як толькі будзе афіцыйна абвешчана аб поспехах Сіл абароны, мы раскрыем падрабязнасці і прывядзем статыстыку», – гаварыцца ў паведамленні.

Аналітыкі падкрэслілі, што задача расійскіх войскаў па акупацыі ўсёй Данецкай вобласці ў 2026 годзе — нерэалістычная, і «пры цяперашніх тэмпах прасоўвання і ў 2027 годзе ў іх не будзе шанцаў».

* * *

У ноч на 3 жніўня Расія атакавала Украіну 181 ударным БПЛА: СПА абясшкодзіла 163 дроны, паведамляюць Паветраныя сілы УСУ.

У Днепрапятроўскай вобласці ў выніку атак РФ у нядзелю загінулі два чалавекі, яшчэ трое атрымалі раненні.

У Палтаўскай вобласці ў нядзелю ў выніку абстрэлу аб'екта крытычнай інфраструктуры адбылася ўцечка небяспечнага хімічнага рэчыва, аднак пагроза была ліквідаваная, паведаміла ДСНС Украіны.

У расійскім Белгарадзе пасля атакі беспілотнікаў загарэўся Белгарадскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт ім. В. Г. Шухава. У БДТУ распрацоўвалі аўтаматызаваную сістэму кіравання беспілотнікамі на базе мікрапрацэсара «Міландр». ASTRA адзначае, што летам універсітэт адкрываў набор школьнікаў на навучальную праграму па распрацоўцы дронаў.

Ва Уладзімірскай вобласці Расіі пасля атакі беспілотнікаў узнік пажар у лагістычным цэнтры Wildberries у пасёлку Храстава.

* * * 

763805639_1044807021803321_8004620063684882087_n.jfif

* * *

У Вялікабрытаніі асцерагаюцца «павольнай смерці» «кааліцыі рашучых», якія ў значнай ступені звязаная з будучым сыходам з пасады прэзідэнта Эмануэля Макрона, піша The Telegraph.

У французскага прэзідэнта ў наступным годзе мінае яго другі тэрмін. Больш ён балатавацца не зможа. У адсутнасці відавочнага кандыдата, які б працягнуў яго палітыку, фаварытам букмекераў на яго замену з'яўляецца Марын Ле Пен, лідарка ўльтраправай партыі «Нацыянальнае аб'яднанне». Раней яна абяцала вывесці Францыю з ваеннага камандавання НАТА, адмяніць санкцыі супраць Расіі і заклікаць Украіну пагадзіцца на мірнае пагадненне на ўмовах Масквы.

Радыкальны левы палітык Жан-Люк Меланшон, якога лічаць адным з яе галоўных супернікаў на выбарах, пайшоў яшчэ далей, паабяцаўшы выйсці з заходняга ваеннага альянсу.

Крыніца паведаміла The Telegraph, што брытанскія чыноўнікі ўжо вывучаюць, што іх перамогі могуць азначаць для англа-французскіх адносін, у прыватнасці для будучыні «кааліцыі рашучых» і абмену сакрэтнай разведвальнай інфармацыяй.

Адзін з заходніх чыноўнікаў папярэдзіў аб «вялікай праблеме» для НАТА, калі хтосьці з прыхільнікаў гэтай лініі прыйдзе да ўлады.

* * *

Пярэчанні дэмакратаў супраць надання Трампу дадатковых тарыфных паўнамоцтваў запавольваюць разгляд Сенатам санкцыйнага законапраекта супраць Расіі, распрацаванага нябожчыкам Ліндсі Грэмам, нягледзячы на пераканаўчую двухпартыйную падтрымку самой ідэі санкцый, піша The Washington Times.

Санкцыі супраць Расіі, названыя ў гонар Ліндсі Грэма, у Сенаце падтрымалі больш за 80 сенатараў — пераканаўчая двухпартыйная большасць, якая павінна была гарантаваць хуткае прыняцце дакумента.

Але працэс зацягнуўся з-за спрэчкі вакол аднаго канкрэтнага палажэння — права прэзідэнта ўводзіць высокія мыты для найбуйнейшых пакупнікоў расійскай нафты і газу. «Наданне яму тарыфных паўнамоцтваў, якія адкрываюць магчымасць гуляць у гульню "уверх-уніз, караць сяброў, узнагароджваць ворагаў", якую Дональд Трамп неаднаразова выкарыстоўваў з тарыфамі, дрэнна падыходзіць для ціску на Пуціна», — заявіла сенатарка-дэмакратка Элізабет Уорэн.

Супраціў ёсць і ў Палаце прадстаўнікоў — некаторыя дэмакраты профільных камітэтаў крытыкуюць сенацкую версію, называючы яе «маштабнымі схаванымі паўнамоцтвамі для Трампа», а не сапраўдным санкцыйным законам.

Зрэшты, частка дэмакратаў усё ж падтрымлівае дакумент, нягледзячы на пярэчанні. «Мяне турбуе пашырэнне тарыфных паўнамоцтваў Трампа, але калі гаворка ідзе пра абарону Украіны, я не гатовы рабіць ідэальнае ворагам добрага», — сказаў сенатар Крыс Мёрфі.

Лідары Сената працуюць над кампрамісам, які дазволіў бы прыняць закон яшчэ на гэтым тыдні — да месячнага перапынку ў працы палаты. Новы жорсткі пакет абмежаванняў ЗША рыхтуюцца прыняць ужо ў верасні 2026 года.

* * *

ЗША і Украіна абмяркоўваюць магчымую перадачу тэхналогій вытворчасці сістэм Patriot. У Кангрэсе настойваюць, што Вашынгтон і Пентагон павінны дзейнічаць як мага хутчэй, заявіў член Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Майк Тэрнер у эфіры CBS.

Кангрэсмена спыталі, ці дазволяць ЗША Украіне ліцэнзаваць вытворчасць перахопнікаў Patriot, бо раней здавалася, што адбыўся прарыў, аднак потым Дональд Трамп заявіў, што перадаць такую тэхналогію складана.

Тэрнер растлумачыў, што ў той цытаце Трамп казаў адначасова пра «Тамагаўкі» і Patriot, а самі перамоўныя працэсы працягваюцца. Па яго словах, Patriot — гэта абарончая зброя, тады як згаданыя «Тамагаўкі» — наступальная.

«Працягваюцца перамовы аб наданні Украіне больш шырокіх магчымасцей доступу да тэхналогіі Patriot, каб мець магчымасць наладзіць вытворчасць і атрымаць абаронныя тэхналогіі. Гэта будзе вельмі важна як для саюзнікаў, так і для Украіны», — заявіў кангрэсмен.

Тэрнер заклікаў прэзідэнта ЗША і Пентагон рухацца як мага хутчэй, каб Украіна магла бараніцца, бо кожную ноч ва Украіне гінуць людзі, паколькі Расія запускае ракеты па безабаронных грамадзянскіх, а не па ваенных мэтах.

* * *

На мяжы з Украінай Беларусь фармуе новае дэсантна-штурмавое падраздзяленне, піша РБК-Украіна са спасылкай на камандуючага сіламі спецыяльных аперацый УС Беларусі Аляксандра Ілюкевіча.

«Мы ўжо прыступілі да фармавання воінскіх частак, сфарміраваны адзін батальён. У гэтым годзе мы фармуем яшчэ батальён, падраздзяленні баявога забеспячэння, артылерыйскія, зенітныя падраздзяленні, разведвальныя», — заявіў Ілюкевіч у эфіры тэлеканала беларускага Мінабароны.

На сёння вядома, што ў новую брыгаду ўжо набраны афіцэры і прызваны асабісты склад. Дыслакавацца падраздзяленне будзе непадалёк ад Гомеля, і будзе законнай мэтай для ўкраінскіх дронаў.