Прэзідэнт Грузіі паабяцала накласці вета на закон аб «замежных агентах»
Прэзідэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі назвала закон аб «замежных агентах» падобным да расійскага. Але кіроўная партыя «Грузінская мара» настойвае на тым, што ён еўрапейскі.
Прэзідэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі пацвердзіла намер накласці вета на закон аб «замежных агентах», калі ён будзе ўхвалены.
«Я накладу вета на гэты закон, як і на іншыя законы, якія супярэчаць стратэгіі і рэкамендацыям Еўрасаюза», — заявіла Зурабішвілі ў інтэрв'ю BBC.
Пры гэтым яна дадала, што «ў партыі ўлады дастаткова галасоў у парламенце, каб пераадолець вета».
Прэзідэнт раскрытыкавала законапраект і падкрэсліла, што ён з'яўляецца «копіяй» прынятага Расіяй у 2012 годзе заканадаўства аб «замежных агентах».
Раней, 17 красавіка, парламент Грузіі ўхваліў у першым чытанні законапраект «Аб празрыстасці замежнага ўплыву», які выклікаў масавыя пратэсты ў краіне.
Дакумент падтрымалі 83 дэпутаты, ніхто не прагаласаваў супраць, пішуць мясцовыя выданні.
Законапраект абавязвае арганізацыі, якія атрымліваюць больш за 20 працэнтаў фінансавання з-за мяжы, рэгістравацца ў якасці «агентаў замежнага ўплыву».
Хутчэй за ўсё, дакумент будзе ўхвалены парламентам, падкантрольным кіруючай партыі «Грузінская мара» і яе саюзнікам, пішуць журналісты.
Паводле ацэнкі краін-партнёраў і арганізацый Грузіі, так званы “закон аб замежных агентах” будзе перашкаджаць еўраінтэграцыі краіны, а кіроўная партыя “Грузінская мара” настойвае на тым, што ён еўрапейскі.
Праціўнікі кажуць, што «гэты закон нанясе шкоду імкненню Грузіі далучыцца да Еўрасаюза».
Крытыкі параўноўвалі законапраект з расійскім заканадаўствам, «якое Крэмль выкарыстоўвае для падаўлення іншадумства». Ухіленне ад рэгістрацыі або непадача ва ўстаноўленыя тэрміны фінансавай дэкларацыі цягне штраф у памеры 9 тысяч долараў.
У сакавіку 2023 года з-за масавых дэманстрацый і міжнароднай крытыкі парламенцкая большасць была вымушана адмовіцца ад «Закона аб замежных агентах» і паабяцала не вяртацца да праекта.
«Грузінская мара» вярнула законапраект у парламент 3 красавіка 2024 года. У праекце ён замяніў тэрмін «агент замежнага ўплыву» на «арганізацыю, якая выконвае інтарэсы замежнай дзяржавы».
Паводле www.holosameryky.com, www.radiotavisupleba.ge