Беларускіх студэнтаў схіляюць да працы на расійскую вайну
У Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце прайшла вялікая канферэнцыя па беспілотніках. У ёй актыўна ўдзельнічалі расійцы — сярод арганізатараў згадваюцца і «Рассцпрацоўніцтва», і Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, і Маскоўскі авіяцыйны інстытут.
Украінскія медыя пішуць, што з дапамогай падобных «канферэнцый» Масква вярбуе беларускую моладзь для працы на сваю абаронку, піша «Еўрарадыё».
Супрацоўніцтва ўніверсітэта з «Пеленгам»
У праграме канферэнцыі напрасткі не гаворыцца пра ваенныя дроны. Заяўленыя там тэмы для абмеркавання — выкарыстанне беспілотнікаў у лясной і сельскай гаспадарцы. Але вось што адразу кідаецца ў вочы.
Падчас канферэнцыі БДТУ падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве з ААТ «Пеленг». На сайце ўніверсітэта маляўніча распісваюць «плюшкі для маладых спецыялістаў» і памеры заробкаў тэхнолагаў гэтага прадпрыемства. А «Пеленг» пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну трапіў пад санкцыі ЕС.
У санкцыйны спіс завод уключылі за вытворчасць камплектавальнікаў для расійскай артылерыі і вайсковай тэхнікі. Прадпрыемства вырабляе прыборы навядзення, якія ўсталёўваюцца, напрыклад, на супрацьтанкавыя ракетныя комплексы.
Само сабой, цывільныя прыборы там таксама робяць — напрыклад, зонды для дыстанцыйнага даследавання Зямлі. Але відавочна, што студэнтамі цікавяцца менавіта для «ваенкі» — хоць бы таму, што заключэнне пагаднення з універсітэтам нахвальваюць на сайце вайскова-прамысловага комплексу Беларусі: «Гэта ўжо другое пагадненне, дзе кампанія і лепшыя ВНУ краіны вырашаюць пытанні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва — у студзені 2023 года аналагічны дакумент быў падпісаны з БДУІР».
Казанскі ўніверсітэт
Ганаровы госць канферэнцыі — рэктар Казанскага тэхналагічнага ўніверсітэта. З гэтым універсітэтам БДТУ падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве.
У расійскіх медыя на гэты ўніверсітэт ускладаюць вялікія надзеі. Асабліва на кафедру канструкцыі і праектавання лятальных апаратаў.
Галоўны канструктар прадпрыемства «Энікс» Валерый Пабяжымаў у канцы 2022 года расказваў, што ў яго «ў лепшы бок» змяніліся адносіны з універсітэтам. Тады меркавалася, што студэнты будуць праходзіць практыку на прадпрыемстве.
Супраць гэтага «Энікса» Еўрасаюз таксама ўвёў санкцыі. Створаныя тут беспілотнікі-выведнікі «Элерон» выкарыстоўваюцца Расіяй на вайне з Украінай.
Да пачатку вайны ўніверсітэт з гэтым заводам асабліва не супрацоўнічаў — прынамсі, такую выснову можна зрабіць з інтэрв'ю яго галоўнага канструктара.
«Для універсітэта цяперашняя ўсеагульная цікавасць да БПЛА наогул можа стаць зорнай гадзінай. Патрэбны паўнавартасны цэнтр, які дапамагаў бы і ў пытаннях праектавання, і рыхтаваў інжынераў, і навучаў знешніх пілотаў, і наладзіў сваю вытворчасць — словам, школа праектавання», — кажа Пабяжымаў.
Ці трэба беларускім студэнтам такое супрацоўніцтва і такая практыка? Каб не заставалася ілюзій наконт «мірных дронаў», варта расказаць, чым гэтыя «Эленоры» займаюцца на вайне. Пра іх місіі падрабязна расказвалі расійскія журналісты.
«Можам паляваць на падраздзяленні, у руху фіксаваць цэль, яе прасачыць і нанесці агнявое паражэнне. Усё выбіраем — і жывую сілу, і бронетэхніку. Усё, што бачым, знішчаем», — казаў адзін з аператараў беспілотніка.
Сумесная праграма з Масквой
Падчас той жа канферэнцыі БДТУ і Маскоўскі авіяцыйны інстытут дамовіліся адкрыць сумесную магістарскую праграму ў сферы беспілотнікаў. Плануецца, што яна будзе доўжыцца два гады. Адзін год студэнт правядзе ў Мінску, другі — у Маскве. Беларусам будзе выдавацца ў тым ліку дыплом расійскага ўзору.
Напрасткі не гаворыцца, што выпускнікоў будуць
прыцягваць для працы ў абарончым комплексе, бо беспілотнікі выкарыстоўваюцца і
ў мірных мэтах. Да прыкладу, для выяўлення лясных пажараў. Але мы дакладна
можам казаць пра тое, што ствараюцца магчымасці, якія скарачаюць дарогу
беларусаў у расійскі ваенпрам.