Чаму былым беларускім добраахвотнікам складана знайсьці сабе месца ў мірным жыцьці?
Сама меней двое беларускіх добраахвотнікаў, як мяркуецца, учынілі суіцыд, вярнуўшыся да мірнага жыцьця. Сярод прычынаў суразмоўца «Свабоды» называе і тое, што грамадзтва недастаткова цэніць унёсак добраахвотнікаў у змаганьне за вольную Беларусь.
«У Польшчы я не знаходзіў сабе месца»
Былы добраахвотнік Уладзімер Лаўранюк ваяваў з сакавіка да лета 2022 году на баку Ўкраіны. Зьехаў пасьля траўмы. Ён расказаў, што на пачатку поўнамаштабнай вайны псыхалягічнай дапамогі ў батальёне Каліноўскага не было. (Наколькі вядома Свабодзе, адпаведную службу там стварылі, аднак у ПКК не адказалі на просьбу расказаць пра яе падрабязьней.)
Уладзімер лічыць, што байцам патрэбная псыхалягічная дапамога, «бо людзі стамляюцца». Ён сам ужо ў мірным жыцьці зьвярнуўся да псыхоляга самастойна.
«Сябры сталі гаварыць, што я нейкі іншы стаў. Зьяўлялася дэпрэсія, «агульная млявасьць і абыякавасьць да жыцьця». Было ўвесь час сумна. Я разумеў, што ва Ўкраіне я рабіў добрую справу і знаходзіўся на сваім месцы. А ў Польшчы я не знаходзіў сабе месца, хаця ў мяне была праца, грошы, найманая «хата». Але побытавыя рэчы адчуваліся бессэнсоўнымі», — апісвае свой стан суразмоўца.
Уладзімер цяжка перажываў сьмерць сябра на вайне. Кажа, што на тры дні нават запіў. Тады яму дапамог менавіта псыхоляг. Празь 2–3 сэсіі стала лягчэй.
«Вярнуўся смак да жыцьця», — успамінае былы ваяр.
Пасьля гэтага ён працягваў хадзіць да псыхоляга. Абмяркоўваў зь ёй ужо асабістыя пытаньні, не зьвязаныя з вайной, але на якія мог паўплываць ягоны баявы досьвед. Выйсьці зь цяжкага стану яму дапамагалі таксама сябры і праца. Уладзімер мяркуе, што посттраўматычны стрэсавы разлад (ПТСР) ёсьць ва ўсіх, хто вяртаецца з вайны.
«Той, хто быў на вайне, там і застаецца», — сьцісла тлумачыць ён.
Урэшце мужчына намацаў, чым сэнсоўным можа займацца ў мірным жыцьці. Пачаў ладзіць спартова-вайсковыя трэнінгі для ахвочых. Таксама разам з камандай пэдагогаў і псыхолягаў яны ў Польшчы стварылі спартова-адукацыйны клюб «Крывічы» для падлеткаў.
«Зараз я адчуваю, што тут я раблю болей, чым рабіў бы ва Ўкраіне», — дзеліцца Лаўранюк.
На пытаньне, ці адчувае ён цяпер сябе ў парадку, былы баец адказвае, што ён сам зьмяніўся, але псыхоляг яму патлумачыла, што гэта нармальна, вайна ўсіх зьмяняе.
«І я прыняў сябе такім, які я ёсьць. Мне ўрэшце стала лепей жыць, я знайшоў сябе ў жыцьці», — адзначае ён.
Дзень добраахвотніка
Былы добраахвотнік Аляксандар Клачко мяркуе, што псыхалягічная дапамога — першае, што патрэбна былому байцу.
«Каб ён вярнуўся галавой з вайны, а ня толькі фізычна», — тлумачыць Аляксандар.
Суразмоўца зазначае, што ва ўсіх людзей, якія прайшлі праз баявыя дзеяньні, ёсьць ПТСР, у кагосьці ў большай ступені, у кагосьці ў меншай.
«Я ва Ўкраіне размаўляў з хлопцамі, якія прыехалі з «нуля» (з фронту. — РС) на гарнізонную службу. Расказвалі, што ім сьніцца вайна, здараюцца панічныя атакі. Ведаю хлопца, якому стала цяжка кантраляваць сваю агрэсію і які зьвяртаўся з гэтым да псыхоляга», — расказвае Аляксандар аб праблемах, якія заўважаў у пабрацімаў.
Нароўні з дапамогай псыхоляга, перакананы ён, добраахвотнікі чакаюць падтрымкі грамадзтва. Клачко прыводзіць тэзу, якая існуе ва Ўкраіне: не жаўнеры, якія вяртаюцца з вайны, маюць прыстасоўвацца да грамадзтва, а грамадзтва да жаўнераў.
«Я заўважаю, што беларускае грамадзтва або пра вайну забыла, або лічыць гэтую вайну далёкай, чужой. Добраахвотнікі быццам далёка, падтрымка ім нібыта не патрэбная. Трэба, каб памяталі, што беларусы змагаюцца, ахвяруюць здароўем, жыцьцём. Так, гэта нашае рашэньне, але гэта заслугоўвае павагі», — эмацыйна кажа Аляксандар.
Ён хацеў бы, каб беларусы паказвалі, што памятаюць пра добраахвотнікаў, ладзілі імпрэзы на гэтую тэму, каб ушаноўвалі загінулых добраахвотнікаў і падтрымлівалі іхныя сем’і.
«Было б цудоўна, каб у беларусаў быў Дзень добраахвотніка, які адзначаўся б кожны год», — прапануе суразмоўца.
Аляксандар мяркуе, што рызыка скончыць жыцьцё самагубствам сярод былых добраахвотнікаў досыць вялікая. Сярод прычынаў суіцыду суразмоўца называе тое, што грамадзтва недастаткова цэніць іх унёсак у змаганьне за вольную Беларусь.
«Я думаю, што галоўная прычына — абыякавасьць беларусаў да тых падзей, якія адбываюцца. Адны аддаюць шмат ад сябе, а другія кажуць: я стаміўся, у мяне сям’я ў Беларусі, я не магу», — тлумачыць ён.
Калі вайсковец вяртаецца ў мірнае жыцьцё і бачыць, што людзі па-ранейшаму ходзяць па барах, хвалююцца за неістотныя, на ягоную думку, рэчы, то гэта яго дэмаралізуе, перакананы суразмоўца.
Аляксандар таксама зьвяртаўся да псыхоляга, каля вярнуўся з фронту. Спэцыяліста знайшоў самастойна разам з паплечнікамі з клюбу «Ліцьвіны». Гэта ўкраінка, якая працуе і з украінскімі байцамі, яна абазнаная ў тэме вайны і дапамагае бясплатна.
Аляксандар адзначыў, што пакуль не наладжаная і сыстэма мэдычнай дапамогі беларускім добраахвотнікам. Ён прыехаў з вайны з хворымі ныркамі. Жыве ў Літве. Патрабуе пастаяннага нагляду лекараў. Аднак нармальна трапіць на прыём да нэфроляга здолеў толькі адзін раз. Іншыя прыёмы адмянялі, пераносілі, мэдыкі спрачаліся, ці могуць лячыць яго бясплатна. Мужчына шмат хадзіў па розных установах і кабінэтах, каб дамагчыся лячэньня. Урэшце аналізы яму сказалі здаваць платна.
Суразмоўца ўдакладніў, што ва Ўкраіне беларускія добраахвотнікі, як і ўкраінскія жаўнеры, атрымліваюць мэдычную дапамогу, пакуль яны на кантракце ва Ўзброеных сілах Украіны. Без кантракту — ужо не.
«Калі толькі ўкраінскі дазвол на жыхарства ёсьць, тады без кантракту таксама нейкае лячэньне можна атрымліваць», — удакладняе Клачко.
Якая ёсьць дапамога
Асацыяцыя беларускіх вэтэранаў. Яна аб’ядноўвае былых удзельнікаў баявых дзеяньняў ва Ўкраіне. Філіялы стваралі ва Ўкраіне, Польшчы і Літве. У межах яе байцы самі шукаюць сабе псыхолягаў. Існуюць чаты, празь якія ўдзельнікі адзін аднаму дапамагаюць, напрыклад з жытлом. Асацыяцыя ня мае фінансаваньня.
Рэабілітацыйны цэнтар «Ланка». Працуе пад Кіевам. Там баец можа жыць да двух месяцаў. Яму аказваюць псыхалягічную, псыхіятрычную, сацыяльную, мэдычную, юрыдычную дапамогу. Адначасна цэнтар зьмяшчае 10 былых удзельнікаў баявых дзеяньняў. Існуе на ахвяраваньні і спонсарскую дапамогу.
Цэнтар псыхалягічнай дапамогі «Фэнікс». Працуе ў Кіеве. Ёсьць псыхолягі, якія спэцыялізуюцца на дапамозе вайскоўцам.
Фонд BySol. Дапамагае дзясяткам беларускіх добраахвотнікаў. Арганізоўвае зборы грошай на лячэньне, кансультуе, дзеліцца кантактамі.
Грамадзкае аб’яднаньне «Пагоня». Кансультуе байцоў.