«Гэта ганьба для дэмакратыі». Зяленскі раскрытыкаваў Кангрэс ЗША
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі раскрытыкаваў маруднасць ЗША ў вырашэнні пытання дапамогі зброяй, а таксама намер Кангрэсу разледзець адпаведны закон асобна ад Ізраіля.
Уладзімір Зяленскі лічыць ганьбай, калі дапамога для Ізраіля будзе разгледжаная без дапамогі для Украіны. Пра гэта кіраўнік украінскай дзяржавы сказаў у інтэрв'ю PBS NewsHour.
Прэзідэнт Украіны пракаментаваў тое, што на гэтым тыдні ў Кангрэсе ЗША могуць разгледзець дапамогу для Ізраіля, але яшчэ не зусім зразумела, ці будзе дапамога для Украіны таксама разглядацца ў гэты час.
«Дзіўна. Гэта гаворыць пра тое, што гэта пытанне небяспекі тады. Што гэта зусім чыстая палітыка. І калі шчыра, гэта ганьба для свету. І проста ганьба для дэмакратыі і для ўсіх тых, хто пра дэмакратыю толькі кажа», — цытуе Зяленскага unian.net.
Ён адзначыў, што калі ў Кангрэсе падзеляць пытанне дапамогі для Ізраіля і Украіны, то гэта будзе сведчыць, што гэта праз пытанне выбараў у ЗША.
«І што гэта проста чыстая палітыка. Калі ўвесь свет кажа: як жа так, Іран змог біць па Ізраілю, трэба цяпер папулісцкі дапамагаць Ізраілю і забыцца пра тое, што адбываецца ва Украіне. Гэта чыстая палітыка. Гэта значыць, усім усё роўна, колькі людзей гіне ва Украіне кожны дзень. Ім важна, якія ў іх рэйтынгі. Вось пра што гэта кажа. Яны проста забываюць, што ў мёртвых ніякіх рэйтынгаў няма. І што калі Украіна праваліцца, і будзе вайна ў іншых краінах НАТО, і яна будзе, амерыканскія жаўнеры тады будуць абараняць», — перакананы прэзідэнт.
Ён лічыць, што Кангрэсу ЗША пакуль не позна, трэба прагаласаваць за дапамогу для ўсіх краін, чыё жыццё ад гэтага залежыць.
Акрамя таго, у прэзідэнта Украіны спыталі, калі настолькі складана цяпер зацвердзіць дапамогу для Украіны ў Кангрэсе ЗША, то што прымушае яго паверыць, што гэта будзе лягчэй у наступным годзе, асабліва калі на пасаду прэзідэнта ЗША перавыбяруць Дональда Трампа.
«Мы не думаем, што нам будзе лягчэй. Мы змагаемся. Мы не думаем пра наступны год. Мы думаем пра заўтрашні дзень. Нашыя мэты, скажу вам, значна больш жыццёвыя і простыя. Нам трэба жыць заўтра. Што будзе ў наступным годзе, я скажу вам шчыра, ніхто не ведае. Таму што мы не разумеем на якой падтрымцы будзе Украіна, якія яшчэ выбухі і войны могуць яшчэ быць у свеце, што будзе з Кангрэсам Злучаных Штатаў... Яны могуць ухваліць рашэнне. І я спадзяюся, што яны нас слухаюць і прымуць рашэнне ў бліжэйшыя дні і тыдні, але не даўжэй», — падкрэсліў Зяленскі.
Прэзідэнт спадзяецца, што гэтае рашэнне будзе станоўчым.
Ён адзначыў, што складана ваяваць, калі ў ворага колькасць авіяцыі значна пераўзыходзіць украінскую па прапорцыі 30 да 1, а артылерыі 10 да 1.
«Мы ж не просім аб нейкай асаблівай зброі. Мы ж не гаворым пра нейкія ракеты на дзве тысячы, тры тысячы км і да таго падобнае. Нічога такога няма. І ніхто не просіць даць 500 самалётаў або 300. Дарэчы, Расія выкарыстоўвае толькі 300 самалётаў толькі на тэрыторыі Украіны», — сказаў Зяленскі.
Разам з тым, прэзідэнт Украіны спадзяецца, што палітыка падтрымкі Украіны не зменіцца, калі ў ЗША будзе абраны на пасаду прэзідэнта Дональд Трамп.
«Я буду верыць, што Злучаныя Штаты, усё ж, не спыняць
дапамогу. І мы будзем саюзніцкімі дзяржавамі. І што палітыка прэзідэнта, калі
ён зменіцца, — ніхто не ведае, гэта выбар амерыканцаў, але калі ён
зменіцца, палітыка прэзідэнта не зменіцца прынамсі ў дачыненні да Украіны», — сказаў
Зяленскі.