Чаму ў Беларусі дэманстратыўна ўзмацнілі ахову мазырскага нафтазавода?

Ці могуць стаць пэўныя цэлі на тэрыторыі нашай краіны легітымнымі для ўкраінскай арміі?

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__15__logo_1.jpg

Абарону Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода, падобна, узмацнілі. Па звестках маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», яшчэ на мінулым тыдні ў Ельскі раён былі перакінутыя падраздзяленні войскаў супрацьпаветранай абароны, прычым частка нават адцягнутая з аховы БелАЭС.

«Вайскоўцаў размясцілі як у самім Ельску, так і ў наваколлі вёскі Палаўкі», — паведамляе «Беларускі Гаюн». Адметнасць у тым, што амаль закінуты населены пункт знаходзіцца бліжэй за ўсё да Мазырскага НПЗ, прыкладна ў трох кіламетрах ад прадпрыемства.

Нагадаем, у мінулую пятніцу ў Маскве Аляксандр Лукашэнка заявіў, што для ўзмацнення аховы заводу загадаў ваенным «паставіць на пазіцыі ўсё, што ў нас ёсць» і ў выпадку ўкраінскага ўдару па Мазыры «адказаць так, што мала не падасца».

Атрымліваецца, правіцель сур’ёзна знерваваўся, што прадпрыемства, якое пастаўляе паліва ў РФ, можа стаць законнай ваеннай цэллю для атакі ўкраінскіх беспілотнікаў? Альбо гэта спроба прадэманстраваць сваю занепакоенасць, у тым ліку Крамлю: маўляў, мы ў Беларусі разумеем, на якія рызыкі ідзем, то і вы ацаніце?

— І тое, і другое, — адзначае ў каментары Филину аналітык Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч, — гэта спроба паказаць упэўненасць, а заадно і занепакоенасць.

Калі браць расійскія НПЗ у радыусе 500 кіламетраў ад украінскай мяжы, — не «прылятала», калі не памыляюся, толькі ў тры (і пры тым толькі ў сакавіку дроны атакавалі нафтавыя аб’екты сама меней 14 разоў, а ў красавіку даляцелі і да Татарстана, больш як за 1000 кіламетраў ад украінскай мяжы — Ф).

Зразумела, што нафтапрадукты мала вырабіць, іх трэба даставіць, то бок, важная зручная лагістыка. Адпаведна, для Лукашэнкі Мазырскі і Наваполацкія нафтаперапрацоўчыя заводы становяцца вельмі важнымі. Бо цяпер не ён просіць нафту, каб перапрацаваць яе, і не яму патрэбная дапамога ў збыце — а ёсць попыт, бо частка расійскіх заводаў рэальна спыняецца на рамонт, і пад беларускія прадпрыемствы Расія гатовая даваць нафту.

Такім чынам, бок, які просіць, — гэта РФ, а кошты і ўсё іншае знаходзіцца на адпаведным узроўні.

Для Лукашэнкі гэтая сітуацыя — сродак прыцягнення дадатковых грошай на ўмацаванне сваіх пазіцый, і гэта на пэўны час азначае палітычную залежнасць Крамля, у тым ліку з гледзішча пытання вайны і міру і падтрымкі Лукашэнкі. Бо, умоўна кажучы, калі пачынаюцца баявыя дзеянні дзесьці паблізу Беларусі — Мазырскі НПЗ знаходзіцца ў зоне рызыкі, а для Расіі рызыкаваць прадпрыемствам, якое пастаўляе для яго паліва, неяк не выпадае.

Таму ў выпадку абвастрэння (а гледзячы па ўсім, Расія будзе спрабаваць пайсці на абвастрэнне на фронце) ёсць падставы апекавацца бяспекай НПЗ. Украіна сёння не атакуе — але не атакуе ў адказ на пэўную пазіцыю Беларусі. І змена гэтай пазіцыі аўтаматычна будзе азначаць, што пэўныя цэлі на тэрыторыі РБ становяцца для ВСУ легітымнымі.

Цяперашняя ж пазіцыя Лукашэнкі — шмат гаварыць, але пры гэтым пазбягаць рэзкіх рухаў — на думку аналітыка, у прынцыпе апраўданая, бо гарантуе пэўную бяспеку.

Таму што яму сапраўды страшна. І ў адрозненне ад моманту з сумнавядомай картай, «я вам зараз пакажу, адкуль рыхтавалася нападзенне пасля ракетнага ўдару» ў 2022 годзе — тады ва Украіны сродкаў нанясення такіх удараў не было, а цяпер яны ёсць. І ў гэтым ключавая розніца.

— З другога боку, нягледзячы на ўсю браваду беларускай, дый расійскай прапаганды, пытанне таго, што Украіна можа біць досыць балюча па аб’ектах у глыбіні расійскай тэрыторыі, ёсць актуальным. І насельніцтва гэта бачыць.

І на гэтым фоне для Лукашэнкі, з пункту гледжання стабілізацыі ягонага становішча, вельмі важна паказаць і пераканаць, што ў Беларусь вайна быццам бы не прыйдзе — перадусім дзякуючы ягоным высілкам. На гэта працуе ўся прапагандысцкая машына. І ў такім рэчышчы дэманстратыўнае перакіданне войскаў пад Ельск цалкам лагічнае: як у расійскай класіцы, «отсель грозить мы будем шведам».

Не выключае Ігар Тышкевіч верагоднасці, што такая дэманстрацыя разлічаная і на Украіну. Але перасоўванне тэхнікі, вайскоўцаў і ўсе астатнія рухі робяцца не ў разліку на рэальнае сутыкненне, а дзеля таго, каб падаць палітычны сігнал адразу на некалькі бакоў.

— Плюс уласны страх, — дадае аналітык.

Калі гаворка ідзе пра беспілотнік, то змагацца з імі з дапамогай зенітна-ракетных комплексаў — мякка кажучы, сумнеўны алгарытм. Хаця б з той простай прычыны, што зенітная ракета — звычайна досыць вялікая дура, і маленькі беспілотнік яна можа знішчыць, але пытанне ў тым, куды будуць падаць абломкі, і што яны могуць нанесці значна большую шкоду…

— Таму, рэзюмуючы, узмацненне аховы НПЗ — гэта дэманстрацыя Лукашэнкі, нібыта ён гатовы да абароны, плюс яго рэальны страх, плюс падыгрыванне ягонага атачэння, якое на атрыманы загад дэманструе гатоўнасць «закрыць неба». Схемка дастаткова простая.

Разважаць аб тым, якія яшчэ беларускія прадпрыемствы могуць трапіць у зону рызыкі і лічыцца законнымі ваеннымі цэлямі, аналітык лічыць немэтазгодным:

— У час любой эскалацыі ёсць некалькі ўзроўняў удараў у адказ, ад так званых папярэджанняў, спробы нанесці шкоду інфраструктуры пэўнай галіны ці спробы знішчыць вайсковую ці іншую інфраструктуру цалкам. Але на сёння гаварыць аб тым, што можа стаць цэлямі — з вобласці фантазій. Прапаную іх пакінуць убаку, бо любая рэакцыя ў адказ будзе залежаць ад таго, наколькі Беларусь увязваецца ў гэтую вайну.

Але варта помніць, што на ўсе ключавыя беларускія прадпрыемствы сродкаў супрацьпаветранай абароны, каб праводзіць такую ж дэманстрацыю, банальна няма.