Карбалевіч: Лукашэнка бяжыць наперадзе паравозу
Крэмль пайшоў на эскалацыю канфлікту з Захадам. І кіраўнік Беларусі далучыўся: таксама абвясціў пра тое, што ў нашай краіне будзе ладзіцца трэніроўка з выкарыстаннем тактычнай ядзернай зброі.
Лукашэнка не дэманструе самастойнасць, а дубліруе расійскую пазіцыю. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч у экспрэс-каментары «Салідарнасці» — пра тое, як беларускі правіцель дублюе наратывы Крамля.
7 траўня Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў, што ў Беларусі пачынаецца «сінхранізаваная з РФ раптоўная праверка сродкаў-носьбітаў нестратэгічнага ядзернага ўзбраення». Мінабароны Расіі абвясціла пачатак вучэнняў з прымяненнем тактычнай ядзернай зброі «ў адказ на пагрозы краін НАТА» днём раней.
Паводле словаў Лукашэнкі, падчас цяперашняга візіту ў Маскву яны з Уладзімірам Пуціным абмяркуюць сумесную каардынацыю і прымяненне войскаў з выкарыстаннем спецбаепрыпасаў у ходзе праверкі і «прымуць канчатковае рашэнне».
Нягледзячы на такія спробы падкрэсліць сваю палітычную вагу як палітыка, з якім Пуцін лічыцца і прымае сумеснае рашэнне, спалучэнне слоў «раптоўная» і «сінхранізаваная з Расіяй» праверка выглядае вельмі дзіўна.
— Зразумела, гэта дубліраванне, павялічанае рэха пазіцыі Расіі, — зазначае ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.
— Фактычна, мы можам сказаць, што Крэмль пайшоў на эскалацыю канфлікту з Захадам. З розных прычын: гэта і тое, што ЗША размарозілі дапамогу Украіне, і тое, што ўсё часцей ідзе гаворка пра магчымую адпраўку войскаў краін НАТА ва Украіну, і канферэнцыя ў Швейцарыі, якая рыхтуецца і можа стварыць нейкую праўкраінскую кааліцыю, няхай сабе мяккую, нават з удзелам краін Усходу і Поўдню.
Усё гэта не падабаецца Расіі, і адзіным крокам супрацьдзеяння Захаду там палічылі звяртанне да ядзернай зброі.
І вось 6 траўня Мінабароны Расіі паведаміла аб правядзенні вучэнняў, падчас якіх плануецца трэніроўка з выкарыстаннем тактычнай ядзернай зброі, а праз дзень і беларускія афіцыйныя асобы паведамілі, што ў Беларусі таксама будзе ладзіцца падобная трэніроўка. А для таго, каб надаць палітычную вагу гэтым дзеянням, 7 траўня пра гэта заявіў і Аляксандр Лукашэнка.
Думаю, менавіта адмыслова дзеля гэтага ён выступіў на ўрачыстым пасяджэнні, прысвечаным Дню Перамогі. Бо апошнімі гадамі звычайна на такіх пасяджэннях выступае не ён, а ці то прэм’ер-міністр, ці то міністр абароны — сам Лукашэнка гэта робіць толькі ў юбілейныя гады, раз на пяць гадоў, калі і парад ладзіцца.
А гэтым разам святкаванне Дня Перамогі не юбілейнае — і тым не менш, Лукашэнка выступіў на сходзе. Мяркую, акурат для таго, каб анансаваць вучэнні з ядзернай зброяй. І выглядае гэта даволі злавесна.
Таму што адна справа — неяк абстрактна пужаць ёй суседзяў, а другая — ладзіць рэальныя трэніроўкі, калі і самалёты абсталёўваюцца «спецбаепрыпасамі», і ракетныя комплексы, і выводзяць тэхніку на нейкія схаваныя баявыя пазіцыі.
Іншая справа, дадае палітолаг, чаму
Лукашэнка асабіста вырашыў заявіць пра вучэнні. Бо Пуцін сам з такімі прамовамі
і пагрозамі выступае даволі рэдка — звычайна за яго гэта робіць прэс-сакратар,
альбо кіраўніцтва Мінабароны, альбо, як у выпадку з пагрозамі на адрас Вялікабрытаніі
(маўляў, можам ударыць па брытанскіх ваенных аб’ектах у выпадку выкарыстання
брытанскай зброі ва Украіне) нават МЗС Расіі.
— Лукашэнка вырашыў зрабіць гэта сам, каб павялічыць палітычную вагу гэтай заявы. І выглядае так, што ён выступае, як часта кажуць, прэсавым сакратаром Пуціна, — заўважае Валер Карбалевіч.
— А можа гэта быць выклікана жаданнем абазначыць сваю самастойнасць — кшталту, я ж не проста паўтараю словы Пуціна, а мы разам з Уладзімірам Уладзіміравічам вырашылі?
— Я б не сказаў, што тут Лукашэнка дэманструе самастойнасць — якраз абсалютнае дубліраванне расійскай пазіцыі. Ці згадаем, як падчас мінулага візіту ў Маскву менавіта Лукашэнка агучыў расійскую пазіцыю, што РФ гатовая вярнуцца да стамбульскіх дамоўленасцяў, у супрацьвагу той швейцарскай канферэнцыі, якую спрабуюць зладзіць Украіна і краіны Захаду.
Пуцін толькі ківаў галавой, падтрымліваючы — але ж зразумела, што ні пра якую самастойнасць гаворка не ідзе, проста паўтарэнне расійскай пазіцыі ці нават спроба бегчы наперадзе паравозу, наперадзе Расіі.