Вяслярка, гімнастка і нават футбаліст. Гэтыя беларусы едуць на Алімпіяду за іншыя краіны

Спартсмены з Беларусі, як вядома, паедуць на Алімпіяду ў Парыж у нейтральным статусе. Такая спартыўная цана падтрымкі Лукашэнкам расійскай агрэсіі ва Украіне. Але ёсць сярод нашых суайчыннікаў і такія, якія возьмуць удзел у спаборніцтвах з дзяржаўнымі сімваламі. Але — не беларускімі.

Юлія Раскіна і Аляксандр Чупеніч. Калаж "Трыбуны"

Юлія Раскіна і Аляксандр Чупеніч. Калаж "Трыбуны"

«Трыбуна» распавяла пра беларускіх спартсменаў, якія выступаюць і працуюць у іншых краінах. Які іх шлях і і шанцы на алімпійскі поспех?

Ганна Пракацень

31-гадовая вяслярка нарадзілася і вырасла ў Мінску, дзе з дзяцінства стала займацца акадэмічным веславаннем. Поспехі былі, але ў 2016-м праз канфлікт з трэнерам Пракацень не працягнулі кантракт. Скончваць карʼеру спартсменка не хацела і перабралася ў Расію, дзе ў канцы 2020-га паклікалі замежных трэнераў для аптымізацыі складу перад АГ — і па выніках тэстаў яны вырашылі, што Пракацень дарэмна ставяць у лодкі на некалькі чалавек. Вяслярку перасадзілі ў «адзіночку» — ўлетку 2021-го яна ўзяла алімпійскае срэбра.

Менш чым праз год расійскіх весляроў у ліку іншых адхілілі ад міжнародных турніраў у адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі. Пракацень нейкі час спаборнічала на лакальным узроўні, але вясной 2023-га зладзіла яшчэ адну змену грамадзянства — расійскі бок не стаў патрабаваць «каранціну».

Новай краінай Пракацень стаў Узбекістан. За яго яна нечакана правалілася на ЧС-2023 — заняла толькі 15-е месца, а пуцёўкі на АГ атрымлівала толькі дзявятка найлепшых. Аднак ліцэнзіі таксама разыгрываліся на кантынентальных рэгатах — азіяцка-акіянійская прайшла ў Паўднёвай Карэі ў красавіку 2024-га, і там Пракацень без праблем стала пераможцай і ўзяла сваю пуцёўку. Праўда, калі яе час (7:31,28) падставіць у пратакол фіналу таго ж ЧС-2023, то будзе толькі шостае месца, але да Парыжа яшчэ ёсць час разагнацца.

Аляксей Шостак

29-гадовы спартсмен нарадзіўся ў Мінску ў сямʼі спартыўнага гімнаста Аляксандра Шостака, які стаў чацвёртым у складзе беларускай каманды (з Віталём Шчэрбам) на АГ-1996. У пачатку 2000-х Шостак-старэйшы завяршыў карʼеру і пераехаў з сямʼёй у ЗША.

Аляксей Шостак абраў іншую гімнастычную дысцыпліну — скачкі на батуце, якімі ў Амерыцы пачынаў займацца ў таксама эмігранта з Беларусі, шасціразовага чэмпіёна свету Дзмітрыя Паляруша. На сёння ў Шостака ў скарбонцы таксама россып узнагарод ЧС — праўда, ні адной асабістай: срэбра ЧС-2023 у сінхронных скачках і золата плюс два срэбры ў складзе амерыканскай каманды.

На АГ-2024, дзе будуць, як звычайна, толькі індывідуальныя скачкі, Шостак адабраўся па выніках у Кубку свету (былі і іншыя спосабы атрымаць ліцэнзію), дзе прыдумалі дастаткова складаны рэйтынг. У залік ішла сума пунктаў з двух найлепшых для кожнага атлета этапаў з пяці, а з пераліку тых, каго адбіралі ў Парыж менавіта па выніках Кубка свету, выкінулі мноства спартсменаў: людзей з алімпійскімі пуцёўкамі па выніках ЧС-2023, іх суайчыннікаў, якія не трапілі ў топ-3 рэйтынга КС, а яшчэ ўсіх, хто ў межах гэтага рэйтынгу быў не першым ад сваёй краіны.

Без усіх гэтых выключэнняў Шостак быў бы ў спісе толькі 19-м, але дзякуючы правілам стаў шостым, а пуцёўкі на АГ атрымлівала першая дзясятка. Зрэшты, і з апісанымі ўмовамі беларускі амерыканец рызыкаваў не прабіцца на Гульні, але на апошнім этапе КС у Германіі ўпершыню за сезон выйшаў у фінал, што прынесла патрэбныя пункты.

На Алімпіядзе Шостак зусім не будзе фаварытам, у асабістым заліку ЧС-2023 ён стаў толькі 12-м. Але хай хоць бы не паўтарылася нешанцаванне з АГ-2020, калі спартсмен не прайшоў у фінал праз тое, што нага патрапіла паміж батутам і мацаваннем.


Глядзіце таксама

Аляксандр Чупеніч

Гэты спартсмен узяў бронзу АГ-2020. Фехтавальшчык на рапірах прадстаўляе Чэхію, дзе 27 траўня 1994 года нарадзіўся ў беларускай сямʼі. Яго бацькі ў 1992-м пераехалі з Мінска дзеля опернага тэатра — бацька спартсмена Іван Шупеніч ужо тады быў вядомым тэнарам і знайшоў месца ў чэшскім Брно, дзе і асеў, крыху «змяніўшы» прозвішча праз памылку транслітарацыі. Цікава, што жонка дзеда Аляксандра Чупеніча таксама фехтавала на рапіры і дабілася значных поспехаў.

У фехтаванні асабістыя ліцэнзіі атрымлівалі ўдзельнікі васьмі найлепшых зборных (на кожную па тры), таксама па адной-дзве пуцёўкі на кантынент выдаваліся топам сусветнага рэйтынгу, які складаўся па выніках спаборніцтваў пэўнага ўзроўню з 3 красавіка 2023-га па 1 красавіка 2024-га. Таксама па адной пуцёўцы заставалася для пераможцаў спецыяльных занальных турніраў.

Чупеніч прайшоў па асабістым рэйтынгу: увогуле выступаў не найлепшым чынам, але ў лютым 2024-га на этапе Гран-пры ў Турыне дайшоў да фіналу і значна ўмацаваў сваё становішча. У выніковым топе прадстаўнік Чэхіі стаў 12-м, але тыя, хто стаяў вышэй, або ўваходзілі ў найлепшыя каманды, або былі з іншых кантынентаў — за выключэннем венгра Даніэля Досы з 10-га месца. Але ў Еўропе па рэйтынгу давалі дзве пуцёўкі, так што ў спіс удзельнікаў АГ трапілі і Доса, і Чупеніч.

З часоў Токіа вялікіх медалёў беларускі чэх не браў. Шанцы 30-гадовага атлета на ўзнагароду Парыжа бачацца нязначнымі. Зрэшты, не быў ён фаварытам і ў Японіі.

Міхаіл Ерэмчук

43-гадовы ўраджэнец Рэчыцы нямала пагуляў у футбольнай «вышцы» — галоўных поспехаў дамогся з МТЗ-РІПА, у складзе якога ў 2005-м і 2008-м атрымліваў «дуплеты» з Кубка Беларусі і бронзы ЧБ. Скончыўшы карʼеру, трэнаваў у «міноры», а ў 2018-м стаў часткай штаба «Энергетыка-БДУ», дзе атрымаў добры досвед працы з моладдзю.

Улетку 2021-га зʼехаў ва Узбекістан, увайшоў у штаб «Сагдыяны» з Д1. Тым часам у краіне заклапаціліся алімпійскай зборнай — на Гульнях у футболе спартсмены павінны быць не старэйшыя за 23 гады — і склалі з маладых выканаўцаў каманду «Алімпік», якую заявілі ў Д2. Яна адразу павысілася ў класе, у 2022-м дэбютавала ў Д1, а Ерамчук выявіўся ў ёй памочнікам мясцовага коўча Цімура Кападзэ. У красавіку 2023-га беларускі трэнер сышоў у «Бухару», але застаўся асіставаць Кападзэ ў зборнай Узбекістана U-23.

Тая ў кастрычніку 2023-га ўзяла бронзу Азіяцкіх гульняў, а ў красавіку 2024-га паспяхова выступіла на Кубку Азіі U-23, тры найлепшыя зборныя якога атрымліваюць пуцёўкі на Алімпіяду. Узбекістан вельмі ўпэўнена прабіўся ў фінал, выйграўшы пяць матчаў з агульным лікам 14:0, і ўпершыню ў гісторыі выйшаў на Гульні.

Моладзевы футбол прадказваць складана. Але ў 2016-м у паўфінале гуляў Гандурас, а ў 2021-м туды толькі праз няўдачу ў серыі пенальці не патрапіла Новая Зеландыя — чаму б не пашумець і Узбекістану?


Глядзіце таксама

Юлія Раскіна

42-гадовая мінчанка — дачка экс-гімнасткі Наталлі Раскінай, па шляху якой пайшла і сама. І дабілася поспехаў, нягледзячы на пастаянныя траўмы і выступленні праз боль. На рахунку Раскінай-малодшай срэбра ЧС-1999 і ЧЕ-2000 у мнагаборстве, а галоўны медаль — срэбра АГ-2000.

У 2003-м пасля чарговай чарады траўмаў Раскіна скончыла карʼеру, на нейкі час далучалася да Цырка дзю Салей, потым працавала ў цырку ў Мінску, а затым зʼехала ў Германію акрабаткай у варʼетэ. Але з сакавіка 2015-га экс-гімнастка трэнуе — тады яе маці ўзначаліла федэральны гімнастычны цэнтр у нямецкім Шмідэне, а дачка стала працаваць з моладдзю. І ў 2019-м да яе патрапіў дыямент — ураджэнка Расіі з нямецкімі каранямі Дарʼя Варфаламееў. Раскіна аграніла талент, і на ЧС-2022 Варфаламееў пад кіраўніцтвам беларускі стала другой у мнагаборстве. У Нямеччыне гэтым так уразіліся, што прызналі Раскіну трэнерам года.

Але і гэта было не ўсё: на ЧС-2023 Варфаламееў проста задамінавала — узяла золата як у мнагаборстве, так і ва ўсіх чатырох асобных практыкаваннях. Можна было б спісаць гэта на адсутнасць расійскіх і беларускіх гімнастак, якія былі забаненыя ў адказ на вайну ва Украіне. Але цяпер, прынамсі, беларускі вярнуліся, і нават лідар зборнай Аліна Гарнасько на этапе КС адстала ад падапечнай Раскінай на вялізныя 11,550 балы.

Праз тое, што расіянкі на АГ увогуле не прэтэндуюць, Варфаламева застаецца галоўнай фаварыткай на золата Парыжа, куды дэ-факта адабралася яшчэ дзякуючы поспеху з 2022-га. Няма сумненняў, што разам з гімнасткай на АГ паедзе і Раскіна, якая ўвесь час суправаджае вучаніцу на вялікіх турнірах.

Дадамо, што ў парыжскіх Гульнях таксама чакаецца ўдзел больш вядомых беларусак, якія цяпер выступаюць за Польшчу, — лёгкаатлеткак Крысціны Ціманоўскай і Марыны Жодзік, а таксама конніцы Вольгі Сафронавай.