Як спартыўныя чыноўнікі нарываюцца на міжнародны бан

Беларускія чыноўнікі бяруць за ўзор найлепшыя сусветныя прыклады: Кенію, Зімбабвэ...

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Беларуская федэрацыя футбола і Міністэрства спорту не сыходзяцца па фармаце Д3 — і гэты канфлікт можа дорага каштаваць белфутболу. Усё, што было ў кулуарах, ужо апублічана, а рэжымнікі патрабуюць ад федэрацыі прагнуцца і ў іншых пытаннях.

Галоўны прамежкавы вынік — размова адкрыта зайшла пра непасрэдны ціск з органа, які лічыць сябе дзяржаўным, на АБФФ, што катэгарычна забаронена правіламі ФІФА і УЕФА. Пра гэта, як толькі магчыма пры рэжыме, семафорыць і кіраўніцтва белфутбола: старшыня федэрацыі Мікалай Шарснёў нагадаў, што прадстаўнікі «міжнароднікаў» удзельнічалі ў канферэнцыі АБФФ, а яго намеснік Андрэй Васілевіч да гэтага дадаў, што «важна захаваць твар на міжнароднай арэне» (хоць тут рэжыму даўно відавочна ўсё роўна), піша «Трыбуна».

Рэжымнікі могуць наклікаць поўнае адхіленне — тое, чаго не змагла нават вайна, якую з 24 лютага 2022-га працягвае Расія ва Украіне пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі. У адказ на гэта ФІФА і УЕФА цалкам забанілі ў сваіх спаборніцтвах расійскія каманды, а вось беларускім дазволілі працягваць гуляць, увёўшы толькі забарону на афіцыйныя міжнародныя матчы ў межах Беларусі. Была прычына для бану і да вайны: падрабязны даклад «Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці» пра умяшанне дзяржорганаў у белфутбол. Аднак УЕФА яго паспяхова праігнараваў.

Задоўга да гэтага белфутбол двойчы знаходзіўся на парозе санкцый — і абодва тыя разы таксама былі звязаныя з дзеяннямі рэжыму.

У 1998-м першы прэзідэнт беларускай федэрацыі Яўген Шунтаў быў выкліканы Лукашэнкам на «разнос», атрымаў недарэчныя прэтэнзіі за трансферныя дзеянні клубаў — і прамы загад «напісаць заяву». Шунтаў не стаў рызыкаваць свабодай і здароўем і сапраўды падаў у адстаўку. Тады УЕФА яшчэ сам сачыў за падобнымі сітуацыямі і хутка заявіў, што ў выпадку працягу ціску дзяржавы на федэрацыю выпіша бан. Тут рэжым пачаў усё адмаўляць, але галоўнае — Шунтаў цвёрда стаў на пазіцыю, што ён сам захацеў сысці, а словы Лукашэнкі, маўляў, проста «супадзенне». У выніку УЕФА ўхваліў правядзенне новых выбараў у БФФ — новым кіраўніком быў «абраны» па ўказанні «зверху» старшыня «дзяржкамітэту па авіяцыі» Рыгор Фёдараў, але да гэтага ў «міжнароднікаў» прэтэнзій ужо не ўзнікла.


Глядзіце таксама

Праз некалькі гадоў прыбіралі ўжо Фёдарава. У жніўні 2002-га «Мінспорту» запатрабавала ад функцыянера перанесці выбары — той паслухаўся і на канферэнцыі БФФ ссунуў іх на снежань. Яшчэ Фёдараву выразна далі зразумець, што яго ў кіраўніцтве федэрацыі больш не чакаюць: кіраўніком захацелі зрабіць генеральнага сакратара «Савета бяспекі» Генадзя Нявыгласа. Фёдараў усё зразумеў, зняўся з выбараў нібыта «па стане здароўя», а сама працэдура перанеслася на сакавік 2003-га. Тады прыехалі прадстаўнікі ФІФА і УЕФА, а «чынушы» ўзнялі пытанне змены статута БФФ. Чалавек з УЕФА сказаў, што гэта магчыма, але дакумент трэба прааналізаваць у «міжнароднікаў», а выбары праводзіць як ёсць.

— Тут на авансцэну выйшаў [будучы намеснік старшыні АБФФ] Сяргей Сафарʼян, ён быў віцэ-прэзідэнтам Мінскай федэрацыі футбола. У піку прадстаўнікам УЕФА ён сказаў: «Вы там далёка, а мы тут самастойная дзяржава. Як вырашым, так і будзе. Што мы, не маем права?» Прапанаваў пасля перапынку зацвердзіць новы статут і па ім правесці выбары — і ўсе прагаласавалі за гэта. Назіральнікі [ад УЕФА і ФІФА] былі абураныя і пакінулі канферэнцыю, — згадваў Фёдараў.

У выніку Нявыглас быў «абраны» новым кіраўніком БФФ. Вось толькі на міжнародным узроўні гэтага не прызналі. У чэрвені 2003-га Фёдарава запрасілі ў ФІФА ў якасці прызнанага арганізацыяй старшыні БФФ (Нявыглас таксама паехаў) і сказалі, што, калі за месяц статут не будзе прыведзены ў парадак, будзе накладзены бан. Хутчэй за ўсё, ён быў бы і ў выпадку аповеду Фёдарава пра ціск з «Мінспорту» — але і гэты чалавек відавочна разумеў, на што здольны рэжым, і запэўніў «міжнароднікаў», што яго проста падвяло здароўе. У выніку БФФ памяняла статут на патрабаванне «міжнароднікаў», правяла па ім яшчэ адны «выбары» Нявыгласа — і ў ФІФА яго прызналі. Нагадаем, цяпер беларускае рэжымнае «Мінспорту» наўпрост запатрабавала ў АБФФ да 1 чэрвеня «прывесці статут у адпаведнасць з заканадаўствам» — гэта значыць і ў гэтым кірунку можа падставіць федэрацыю пад адхіленне.


Глядзіце таксама

Мяркуючы па адкрытых крыніцах, проста цяпер у свеце забанена толькі адна федэрацыя — расійская. Аднак прыкладаў адхіленняў ад ФІФА за палітычнае ўмяшанне на месцах дастаткова. Былі выпадкі і ў Еўропе. Так, у ліпені 2006-га ФІФА забаніла Грэцыю, таму што ў краіне быў уведзены закон з магчымасцю для мясцовага ўрада прызначаць службовых асоб у футбольную федэрацыю (праз пару дзён закон змянілі, і бан тут жа знялі). У красавіку 2011-га была дыскваліфікаваная федэрацыя Босніі і Герцагавіны — ФІФА і УЕФА прасілі прыняць там статут з прапісаннем абавязковасці трымацца патрабаванняў «міжнароднікаў», але не атрымалі яго. У канцы траўня таго ж года патрэбны дакумент у Босніі ўсё ж ухвалілі — і бан таксама адмянілі.

Шэраг банаў ад ФІФА за ўмяшанне дзяржорганаў розных краін у футбольныя справы выпісаны ў апошнія пару гадоў.

У траўні 2022-га Вярхоўны суд Індыі распусціў мясцовую федэрацыю футбола (AIFF) — казалі, што праз тое, што яе ўзначальваў вядомы апазіцыянер Прафул Патэль. Прызначаная судом наўзамен «камісія па кіраванні футболам» з трох чалавек не задаволіла FIFA — у жніўні там абвясцілі пра бан для краіны, што ставіла пад пагрозу правядзенне ў Індыі жаночага ЧС U-17. Тады ўлады ўсё ж здалі назад: праз пару тыдняў «камісію» распусцілі і запэўнілі, што AIFF будзе адноўлена ў правах. Бан тут жа знялі, а мундыяль для дзяўчат прайшоў па раскладзе.

У студзені 2023-га бан прыляцеў у недалёкую ад Індыі Шры-Ланку: ФІФА заўважыла, што мясцовы закон аб спорце цісне на федэрацыю, а выбары туды незадоўга да таго, на думку «міжнароднікаў», прайшлі пры «неправамерным умяшанні». Толькі ў жніўні ў FIFA паведамілі, што атрымалі ад Міністэрства спорту Шры-Ланкі запэўненні пра неўмяшанне ў футбольныя справы, і бан знялі. У верасні прайшлі яшчэ адны выбары, да якіх прэтэнзій ужо не ўзнікла.

У лютым 2022-га ФІФА забаніла Кенію — пасля таго, як мясцовае Міністэрства спорту абвясціла, што распускае футбольную федэрацыю (FKF) праз абвінавачанні ў карупцыі, а супрацоўнікам FKF фізічна заблакавалі ўваход у офісы. Уладам рашэнне «міжнароднікаў» шмат месяцаў было не вельмі важнае — пакуль не змянілася кіраўніцтва самога Мінспорту, новы начальнік якога тут жа адправіў у FIFA ліст, што «неадкладна адновіць» FKF у правах. Так у канцы лістапада 2022-га бан усё ж быў адменены. Праўда, цяпер пагражае зноў: мясцовы суд заблакаваў правядзенне ў сакавіку 2024-га агульнага сходу членаў федэрацыі, якая пакуль што рыхтуе апеляцыю.


Глядзіце таксама

24 лютага 2022-га ФІФА адхіліла футбол і ў іншай афрыканскай краіне — Зімбабвэ. Там за тры месяцы да гэтага камісія мясцовага Мінспорту абвясціла, што баніць футбольную федэрацыю (ZIFA) праз падазрэнні ў карупцыі і сэксуальным гвалце. Кіраўніцтва ZIFA пры падтрымцы FIFA працягнула сваю працу, за што з Мінспорту падалі ў зімбабвійскі суд — там функцыянераў прызналі «вінаватымі» у «спробах выступіць у якасці службовых асоб ZIFA» і ледзь не пасадзілі, у выніку загадаўшы штотыдзень зʼяўляцца ў паліцыю. Пасля гэтага ФІФА і аформіла бан. Ва ўрадзе Зімбабвэ ў адказ заявілі, што ФІФА «не прызнае законы» краіны і «ўмешваецца ў абавязанні» «Мінспорту» – а потым прызначылі «свайго» кіраўніка ZIFA і сказалі, што настроеныя «не на адмену адхілення, а на ачыстку нашага футбола».

У ліпені 2023-га ФІФА ўсё ж зняла дыскваліфікацыю ZIFA, абвясціўшы пра стварэнне «камітэта па нармалізацыі», які з дапамогай «міжнароднікаў» павінен быў дамовіцца з Мінспорту, арганізаваць адэкватныя выбары ў федэрацыю, а затым перадаць справы новым кіраўнікам. На працэс камітэту адвялі год, але пакуль практычна нічога не зроблена. У гэтым красавіку дэлегацыя ФІФА прыбыла ў Зімбабвэ ацаніць сітуацыю, і мясцовыя журналісты падрыхтавалі актуальныя пытанні без адказаў: чаму ў ZIFA ўсё яшчэ няма ўнутраных камітэтаў (дысцыплінарнага, апеляцыйнага і гэтак далей), так і не складзеныя правілы ліцэнзавання клубаў, роўна як і няма «дарожнай мапы» рэформ  федэрацыі.

Ці возьмуць канчаткова беларускія рэжымнікі прыклад з бязладдзя ў Зімбабвэ, з якім у іх і так нямала моцных сувязей?..