Гістарычная роля чэкістаў

«Варта заўсёды памятаць, што ў такіх таталітарных краінах, як пуцінская Расія, галоўная задача спецслужбаў — зусім не паляванне на шпіёнаў, а абарона палітычнага рэжыму».

Ілюстрацыйнае фота: РИА «Новости»

Ілюстрацыйнае фота: РИА «Новости»

Тры раўнды

«Актыўнасць расійскіх спецслужбаў за апошнія два з лішнім гады заўважна ўзмацнілася, як унутры Расіі, так і ва Украіне і ў іншых краінах», — канстатаваў расійскі журналіст-даследчык Андрэй Салдатаў.

Прызнаны эксперт па расійскіх спецслужбах, Салдатаў з'яўляецца сузаснавальнікам і рэдактарам вэбсайта Agentura.Ru. і часта выступае ў сусветных медыя па пытаннях выведкі і тэрарызму. Піша для «Foreign Policy» і «Foreign Affairs». Абвешчаны расійскімі ўладамі ў вышук паводле распачатай супраць яго крымінальнай справы, піша «Голас Амерыкі».

«У першы год шырокамаштабнага ўварвання войскаў РФ ва Украіну, — працягвае Салдатаў, — можна было заўважыць некаторую разгубленасць расійскіх спецслужбаў. Але ўжо да сярэдзіны 2023 года яны заўважна актывізаваліся, перагрупаваліся, факусуючыся на абноўленых мэтах. Расійская выведная супольнасць настойвае, што ідзе вайна не столькі з Украінай, колькі з Захадам».

Салдатаў прапанаваў гістарычную мадэль супрацьстаяння Расіі з Захадам, якая складаецца з трох раўндаў. Першы раўнд адносіцца да паслярэвалюцыйнай эры, якую, на думку расійскага боку, ён выйграў, перамогшы ў Другой сусветнай вайне. Другі раўнд, гэта значыць эру «халоднай вайны», як яны лічаць, Расія прайграла з-за калапсу Савецкага Саюза. І, нарэшце, цяпер ідзе трэці раўнд, які, на іх думку, у Расіі ёсць шанец выйграць.

Салдатаў падкрэсліў, што Крэмль літаральна апантаны ўласнай версіяй гісторыі, але ён пакуль адкрыта не прымае сталінскі курс на вялікую «чыстку», аддаючы перавагу кропкавым рэпрэсіям, якія накіраваны на запалохванне актыўнай часткі грамадства. Заўважна, што ФСБ, а таксама СВР, ваенная выведка (ГУ Генштаба УС), ФСА і іншыя спецслужбы ўзмацнілі актыўныя аперацыі як унутры краіны, так і па-за яе межамі. Прычым яны не прытрымліваюцца прынцыпу «падзелу працы», і часам, як адзначыў Салдатаў, цяжка вызначыць, якая са спецслужбаў адказная за тую ці іншую акцыю. Паводле яго выразу, дзеянні Масквы сталі больш «нахабнымі і авантурнымі». Гаворка ідзе пра самы шырокі спектр сакрэтных аперацый, тэрактаў супраць канкрэтных асоб, сабатажу і кібератак. Не можа не трывожыць і актывізацыя расійскіх шпіёнаў у ЗША, краінах Усходняй і Заходняй Еўропы, у прыватнасці, у Вялікабрытаніі, Італіі і Аўстрыі.


Глядзіце таксама

«Але варта заўсёды памятаць, — падкрэсліў Салдатаў, — што ў такіх таталітарных краінах, як пуцінская Расія, галоўная задача спецслужбаў — зусім не паляванне на шпіёнаў, а абарона палітычнага рэжыму. З пачаткам вайны мы бачым ад'езд вялікай колькасці апанентаў Крамля ў эміграцыю. Гэтыя людзі разглядаюцца ў Маскве як экзістэнцыяльная пагроза рэжыму Пуціна. Адсюль і пільная цікавасць спецслужбаў да намаганняў палітэмігрантаў з'яднаць апазіцыю».

Канцэнтрацыя ўлады

Прафесар Кевін Рыл (Kevin Riehle) з 2023 года чытае лекцыі ва ўніверсітэце Брунеля ў Лондане. Да гэтага тры дзясяткі гадоў ён служыў у розных выведвальных ведамствах ЗША, уключаючы ФБР, Нацыянальны цэнтр контрвыведкі і бяспекі, розныя органы ваеннай і ваенна-марской выведкі.

На думку Рыла, пачатак вялікай вайны ва Украіне прымусіў ФСБ, СВР і ваенную выведку як галоўныя спецслужбы Расіі актывізаваць аперацыі па ўсіх напрамках. Прыярытэтам, вядома, стала тэрыторыя Украіны. Крэмль цікавіць, у першую чаргу, інфармацыя пра ваенныя планы Украіны, пра пастаўкі ўзбраенняў і боепрыпасаў ад хаўруснікаў Кіева, пра настроі ва ўкраінскім грамадстве. Важны напрамак дзейнасці расійскіх спецслужбаў ва Украіне — вывад са строю ключавых аб'ектаў энергетычнай інфраструктуры. А тэрарыстычныя па сутнасці атакі на жылыя раёны ўкраінскіх гарадоў закліканы дэмаралізаваць мірнае насельніцтва, зламаць волю украінцаў да перамогі.

«Расійскія спецслужбы дзейнічаюць, зыходзячы з пераканання, што іх галоўны праціўнік не Украіна, а краіны NATO, інакш кажучы, "калектыўны Захад" на чале з ЗША, — адзначыў Рыл. — Пра беспрэцэдэнтную актыўнасць расійскіх спецслужб гаворыць той факт, што пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну розныя краіны выслалі блізу 700 расійскіх шпіёнаў, якія працавалі пад дыпламатычным прыкрыццём. У гэтай сувязі Крамлю ў пошуках даступных каналаў выведдзейнасці і рэкрутавання агентаў даводзіцца пераключацца на краіны Лацінскай Амерыкі і Паўднёва-Усходняй Азіі».


Глядзіце таксама

Прафесара Рыла папрасілі адказаць на пытанне, чым, на яго думку, адрозніваюцца выведвальныя супольнасці Расіі і ЗША.

«Галоўнае адрозненне ў тым, што ў ЗША выведвальныя функцыі падзеленыя паміж ЦРУ і амаль двума дзясяткамі аўтаномных ведамстваў, а ў Расіі большасць іх сканцэнтраваныя ў адным ведамстве, — адказаў Рыл. — Гаворка ідзе, вядома, пра ФСБ, аддзелы якой займаюцца самымі рознымі рэчамі. Скажам, ФСБ сочыць за рухамі ўкраінскіх войскаў і вайсковай тэхнікі. Лагічна выказаць здагадку, што гэтыя функцыі зручней выконваць ваеннай выведцы (ГУ Генштаба УС), але яны ўваходзяць у кампетэнцыю ФСБ».

Галоўныя ворагі

У сваім выступе прафесар Даміціла Саграмоса (Domitilla Sagramoso), лектарка па праблемах бяспекі і развіцця Кінгс-каледжа ў Лондане, засяродзілася на праблемах гвалту і тэрарызму на постсавецкай прасторы, асабліва на Паўночным Каўказе і ў Цэнтральнай Азіі. На дадзены момант яна піша кнігу пра расійска-ўкраінскія адносіны з 1991 года.

«Для многіх назіральнікаў нядаўні тэракт у "Крокус Сіці Холе", які прынёс шмат ахвяр, стаў нечаканасцю, — падкрэсліла прафесарка Саграмоса. — Але не для тых, хто, як і я, уважліва сочыць за дзейнасцю радыкальных ісламісцкіх груповак у гэтым рэгіёне. Тэракт у "Крокусе" наглядна сведчыць пра тое, што расійскія спецслужбы больш за ўсё заклапочаныя абаронай кіруючага рэжыму, а зусім не бяспекай сваіх грамадзян».

Саграмоса мяркуе, што сёння мы маем права гаварыць пра ўмацаванне глабальнай восі ісламскага джыхадзізму, якая працягнулася ад Мазамбіка да Расіі.


Глядзіце таксама

«У ліку сваіх галоўных ворагаў, — працягвае яна, — ісламісты называюць Расію, што для шэрагу экспертаў з'яўляецца нечаканасцю. Бо Расія супрацьпастаўляе сябе Захаду, але для "ІДІЛ-Харасан" і іншых, падобных да іх груповак усе яны "крыжакі", якія аб'ядналіся з габрэямі і іншымі нядобразычліўцамі мусульман. Тым больш, што рэжым Пуціна выступіў на баку Асада ў Сірыі, на баку "Талібана" ў Афганістане і супраць ісламісцкіх груп у шэрагу краін Афрыкі».

Лектарка акрэсліла шырокі рэгіён, у якім у наш час дзейнічаюць падраздзяленні і ячэйкі «ІДІЛ-Харасан». Так, джыхадзісты праяўляюць асаблівую актыўнасць у Афганістане і Пакістане. А зоны рэкрутавання ўключаюць у сябе, у прыватнасці, Таджыкістан, што, меркавана, выявілася ў тэракце ў «Крокусе», дзе, паводле следства, крывавае злачынства здзейсніла група тэрарыстаў з таджыкскімі пашпартамі. У сувязі з гэтым у медыя раз-пораз ўсплывае імя Гульмурада Халімава, былога камандзіра паліцэйскага спецназа МУС Таджыкістана, які перайшоў на бок «ІДІЛ-Харасан» і стаў камандзірам групоўкі.

На думку прафесаркі Саграмоса, рэгіянальны аспект у дзейнасці джыхадзістаў набыў апошнім часам асаблівую значнасць.

«Глядзіце, — сказала яна, — як узрасла іх актыўнасць у краінах Цэнтральнай Азіі і на Паўночным Каўказе. Трэба заўважыць, што пасля тэракту ў "Крокусе" Расія ўзмацніла контртэрарыстычную дзейнасць у гэтых рэгіёнах. Пры гэтым сцвярджэнні Масквы пра дачыненне ўкраінскіх спецслужбаў да арганізацыі гэтага тэракту носяць чыста палітычны і прапагандысцкі характар і не маюць пад сабой ніякіх падстаў».


Глядзіце таксама

Зручны наратыў

«Спецслужбы Расіі сёння, калі вайна ва Украіне бушуе ўжо больш за два гады, пазіцыянуюць сябе як адзіная сіла, якая можа выратаваць пуцінскі рэжым, — падкрэсліў Салдатаў. — Пуцінская каманда чэкістаў, якая зацвердзіла сябе як палітычная сіла ў постсавецкія гады, але не здолела за тры дзясяткі гадоў ва ўладзе справіцца ні з адным крызісам, зусім не мае намеру выпускаць уладу з рук. У яе заўсёды, у любой крытычнай сітуацыі напагатове версія пра замежны след, пра ўмяшанне нейкіх грозных дэструктыўных сіл з-за мяжы, мэта якіх – змена ўлады ў Расіі. Гэты наратыў вельмі зручны, таму што дапамагае перакласці віну за неэфектыўную палітыку на кагосьці яшчэ».

«Крэмль уважае сваёй галоўнай пагрозай "каляровыя рэвалюцыі", — дадаў Кевін Рыл, — і "калектыўны Захад", які стаіць за імі, у асобе NATO, а таксама інсургентаў у асобе ўнутранай апазіцыі. У проціборстве з гэтымі сіламі чэкісцкая ўлада бачыць сваю гістарычную місію».