«Традыцыйныя каштоўнасці» — нябачная зброя дыктатараў

«Мяккая сіла», якую выкарыстоўваюць Лукашэнка і Пуцін, падсеўшы на канёк «традыцыйных каштоўнасцей», у доўгатэрміновай перспектыве можа аказацца такой жа небяспечнай, як і зброя, што забівае людзей ва Украіне ў імя гэтых жа «каштоўнасцей».

Легендарны здымак, зроблены 31 жніўня 2020 года: пацалунак дзвюх дзяўчат на фоне АМАПа. Фота: «Наша Ніва»

Легендарны здымак, зроблены 31 жніўня 2020 года: пацалунак дзвюх дзяўчат на фоне АМАПа. Фота: «Наша Ніва»

Пуцінская Расія, якая, як і лукашэнкаўская Беларусь, ментальна выводзіцца з СССР, скінула рэшткі рэвалюцыйнага іміджу і апранулася ў тогу «традыцыйных каштоўнасцей». Іх абарона стала ключавым складнікам пасійскай «мяккай сілы». Варта прызнаць, што гэты выбар, які ўслед за Масквой актыўна прасоўвае і прапаганда рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, аказаўся цалкам удалым.

Упісана ў канцэптуальныя дакументы

Беларусь — адзіная краіна ў свеце (калі не лічыць міжнародна непрызнанага Прыднястроўя), дзе гадавіна Кастрычніцкай рэвалюцыі святкуецца на дзяржаўным узроўні, піша Пётр Рудкоўскі на «Позірку».

Адзначым, што гаворка ідзе пра рэвалюцыю, якая ўключала ў сябе не толькі сілавы захоп улады, але і радыкальны разрыў з «традыцыйнымі каштоўнасцямі», такімі як рэлігія, нацыянальная ідэнтычнасць, сям'я і шлюб як трывалы саюз мужчыны і жанчыны. Некаторыя з гэтых каштоўнасцей былі пасля адноўлены (напрыклад, традыцыйная сям'я), а некаторыя заставаліся пад фармальнай або нефармальнай забаронай да познесавецкага перыяду (рэлігія, нацыянальнае адраджэнне).

У той жа час Беларусь — адна з, бадай, нямногіх краін свету, дзе «традыцыйныя каштоўнасці» вынесеныя ў ранг асноватворных і абавязковых для ўсяго грамадства. «Традыцыйныя каштоўнасці — аснова беларускай дзяржаўнасці» — артыкул пад такой назвай паўмесяца фігураваў як галоўны на праўладным сайце newsby.info.


Глядзіце таксама

У канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, якая была прынятая так званым Усебеларускім народным сходам 25 красавіка, «традыцыйныя каштоўнасці» згадваюцца 15 разоў (увесь тэкст канцэпцыі налічвае 32 старонкі). У новай ваеннай дактрыне, прынятай у той жа дзень тым жа органам, «распаўсюджванне ідэй <...> якія вядуць да адмовы ад традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцей і арыенціраў» класіфікуецца як адна з ваенных небяспек на ўзроўні рызыкі.

Адарваны ад народа рэжым? Як сказаць

У некаторых экспертных колах прынята ставіцца да гэтага павароту з грэблівай паблажлівасцю: маўляў, адарваны ад народа рэжым, спрабуючы чарговы раз падыграць Крамлю, узмацняе прапаганду так званых «традыцыйных каштоўнасцей», у той час як беларускае грамадства рухаецца наперад.

Такія развагі з'яўляюцца, хутчэй за ўсё, рэхам прагрэсісцкага аптымізму 90-х гадоў, калі ў глабальным маштабе адбывалася імклівае распаўсюджванне дэмакратыі, а ў заходнім свеце грамадскія настроі хутка мяняліся на карысць эмансіпатыўных каштоўнасцей. Напрыканцы 90-х — пачатку нулявых нават у Расіі гурт «Тату», які актыўна выкарыстоўваў імідж лесбіек, набыў неверагодную папулярнасць.

У сучасным свеце справы ідуць зусім інакш. Па-першае, вядучыя маніторынгавыя праекты (EIU Democracy Index, Freedom in the World Index, Varieties of Democracy Index) з году ў год фіксуюць хай сабе і павольнае, але пастаяннае зніжэнне глабальнага ўзроўню дэмакратыі.

Па-другое, у заходніх грамадствах хоць і захоўваецца ў цэлым шырокая падтрымка эмансіпатыўных каштоўнасцей, але пагаршаюцца супярэчнасці ўнутры груп прыхільнікаў гэтых каштоўнасцей (напрыклад, на лініі «фемінізм vs правы трансгендараў»). Рост папулярнасці правых папулістаў сведчыць пра ўзмацненне запыту на палітычную і каштоўнасную альтэрнатыву.

Па-трэцяе, у самой Беларусі, роўна як і іншых краінах рэгіёна, асаблівага руху наперад у сферы традыцыйных — эмансіпатыўных каштоўнасцей не назіраецца.

Паводле дадзеных «Сусветнага агляду каштоўнасцей» (WVS), сярэдняе значэнне «прымальнасці гомасэксуальнасці» ў беларускім грамадстве на пачатку дзевяностых складала 1,9 з 10 (дзе 1 — ніколі не прымальна, а 10 — заўсёды прымальна). У 2018 годзе гэтае значэнне складала 2,5. Прагрэс быццам бы ёсць, але ён настолькі марудны, што пра нейкі значны рух наперад казаць пакуль не даводзіцца.


Глядзіце таксама

Аналагічная сітуацыя назіраецца ў поглядах на гендарную роўнасць у публічнай сферы: на працягу апошняй чвэрці стагоддзя дыспрапорцыя паміж прыхільнікамі і супернікамі тэзіса агулам «мужчыны становяцца лепшымі палітычнымі лідарамі, чым жанчыны» знізілася, але прыхільнікі (паводле стану на 2018 год) па-ранейшаму пераўзыходзяць праціўнікаў на 21 працэнтны пункт.

Поспех жаночага трыа ў 2020 годзе і верагодная перамога Святланы Ціханоўскай на тагачасных прэзідэнцкіх выбарах мала што мяняе ў гэтым плане, калі ўлічым два моманты.

Па-першае, кампанія Ціханоўскай і яе паплечніц будавалася вакол ідэі вызвалення палітвязняў і правядзення новых выбараў, у якіх змаглі б узяць удзел у якасці кандыдатаў тыя, каго беларускі рэжым незаконна адхіліў ад удзелу ў 2020 годзе.

Па-другое, у рамках анлайн-апытання «Chatham House», праведзенага ў сярэдзіне лістапада 2020 года, 50,1% прызналіся, што галасавалі за Ціханоўскую на жнівеньскіх выбарах, але пры гэтым усяго 6,2% лічылі, што яна была б «самым лепшым прэзідэнтам». Віктара Бабарыку палічылі «самым лепшым» 31,7%, Аляксандра Лукашэнку — 24,2%, Паўла Латушку — 14,2%, Валерыя Цапкалу — 7%.

Вынікі гэтага апытання цалкам сугучныя з вынікамі WVS 2018 года: першыя чатыры месцы ў рэйтынгу «самых лепшых» патэнцыйных прэзідэнтаў занялі мужчыны.

Крэмль улавіў попыт на альтэрнатыву эмансіпатыўным каштоўнасцям

Стандартны канон «традыцыйных каштоўнасцей» не вычэрпваецца стаўленнем да LGBTК+ або успрыманнем гендарнай роўнасці ў публічнай сферы. Але гэта тыя тэмы, якія ўвесь час фігуруюць у прапагандзе беларускага і расійскага рэжымаў. Асаблівай увагі заслугоўвае стратэгія Крамля ў гэтай сферы.

Слова «стратэгія» тут ўжыта невыпадкова, бо сапраўды гаворка ідзе пра планамерную і паслядоўную дзейнасць, накіраваную на доўгатэрміновыя вынікі. У далёкім 2013 годзе, яшчэ да акупацыі Крыма і ўварвання ў Данбас, пракрамлёўскі «Цэнтр стратэгічных камунікацый» распрацаваў дакумент пад назвай «Пуцін — новы сусветны кансерватыўны лідар».

Гэта быў, мабыць, першы выразны сігнал, што абарона «традыцыйных» (кансерватыўных) каштоўнасцей становіцца ключавым складнікам расійскай «мяккай сілы», то-бок стратэгіі атрымання жаданых вынікаў у адносінах з іншымі дзяржавамі за кошт уласнай прывабнасці. Варта прызнаць, што гэты выбар быў цалкам удалым.

Па-першае, ужо на пачатку папярэдняй дэкады назіралася разыходжанне паміж заходнім і незаходнім светам у пытанні каштоўнасцей, а таксама напружанне ўнутры заходніх грамадстваў.


Глядзіце таксама

Па-другое, заходнія палітычныя і інтэлектуальныя эліты працягвалі думаць у катэгорыях непазбежнасці перамогі эмансіпатыўных каштоўнасцей. Адпаведна, паварот да «традыцыйных каштоўнасцей» успрымаўся як заведама правальная палітыка «рэанімацыі мінулага». Многія празаходнія НДА ў краінах былога СССР некрытычна прымалі такі падыход і сваю місію ў дачыненні да суайчыннікаў бачылі ў тым, каб выкрываць кансерватыўныя погляды як бессэнсоўны рэлікт «аграрна-патрыярхальнага грамадства».

Такім чынам, існавалі дзве асноўныя перадумовы для поспеху крамлёўскай стратэгіі: рост попыту на альтэрнатыву эмансіпатыўным каштоўнасцям і недаацэнка гэтага попыту праціўнікам.

Пуцінская Расія, якая, як і лукашэнкаўская Беларусь, ментальна выводзіцца з СССР, хутка скінула рэшткі рэвалюцыйнага іміджу і апранулася ў тогу «традыцыйных каштоўнасцей», у той час як заходнія і празаходнія сілы працягвалі верыць у бесперспектыўнасць стаўкі на каштоўнасны кансерватызм.

«Заходнія каштоўнасці ўсё больш разыходзяцца з каштоўнасцямі астатняга свету» — пад такім загалоўкам у жніўні мінулага года выйшаў артыкул у часопісе «The Economist». Аўтары паказваюць, што, хоць канкрэтны набор «традыцыйных каштоўнасцей» для розных грамадстваў бывае розным, агульная тэндэнцыя ўсё ж такая, што па-за заходнім светам попыт на гэтыя каштоўнасці стабільны, а ў некаторых выпадках нават ўзрастае.

«Мяккая сіла» можа аказацца больш надзейнай за «цвёрдую»

Апошнія два гады ў фокусе ўвагі знаходзіцца «цвёрдая сіла» Расіі: агрэсія супраць Украіны і яе наступствы. Многія дыскусіі пра перспектывы расійскага імперыялізму зводзяцца да пытання: якая імавернасць, што Крэмль пераможа ў вайне з Украінай, а калі пераможа, у чым гэтая перамога будзе заключацца?

Так, фактар зыходу вайны мае сваё значэнне, але ён пры любым раскладзе акажацца неадназначным. Для расійскага грамадства і эліт актуальным будзе пытанне кошту перамогі (калі яна наогул будзе); для знешняга свету, уключаючы незаходні, вайна застанецца адным з выпадкаў парушэння міжнародных норм.


Глядзіце таксама

А вось уплыў «мяккай сілы» пуцінскай Расіі — і рэжыму Лукашэнкі, які падыгрывае ёй — цалкам можа быць вялікім.

Менавіта вобраз «абаронцаў традыцыйных каштоўнасцей» здольны кампенсаваць іміджавыя страты рэжымаў у выніку вайны — як унутры расійскага ці беларускага грамадства, так і ў шырокім свеце. Дыскурс «традыцыйных каштоўнасцей» — гэта ключавы элемент «мяккай сілы» Крамля, і не варта яго недаацэньваць. У прыватнасці — і ў праекцыі на Беларусь.