«Дзяржаве вельмі важна ведаць, з кім вы спіце. Інакш яна сама не можа спаць»

У Беларусі год ад году пашыраюцца рэпрэсіі, якім пакуль канца не відаць. І практыкі прававога бязмежжа ўсё часцей замацоўваюцца на заканадаўчым узроўні. 2024 год не абышоўся без «навінак».

Іоюстрацыйнае фота: «Reuters»

Іоюстрацыйнае фота: «Reuters»

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пастаянна пагаршаецца. Усе магчымыя віды дыскрымінацыі ў дачыненні да грамадства, і нават рэпрэсіі, улады замацоўваюць на заканадаўчым узроўні. Каб двойчы не ўставаць, піша «Plan B».

Дзяржаве трэба ведаць, з кім ты спіш…

Беларускі Хельсінскі камітэт выпусціў агляд, у якім з 2023 года адсочвае найбольш значныя і якасныя змены асноўных трэндаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы правоў чалавека.

Праваабаронцы ацэньваюць стан рэчаў па трох кірунках:

- агульныя меры: сістэмныя рэчы — заканадаўства, стратэгіі, палітыкі, якія ў цэлым вызначаюць умовы і перадумовы рэалізацыі правоў чалавека ў краіне;

- правапрымяняльная практыка: тэндэнцыі парушэння грамадзянскіх і палітычных, сацыяльных, эканамічных і культурных правоў;

- ключавыя рашэнні і рэакцыі міжнародных структур, звязаныя з сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.

Узмацненне жорсткасці ішло не толькі па палітычным вектары. Пачатак 2024 года адзначыўся з'яўленнем нарматыўнай асновы, якая стварае глебу для сістэмных дыскрымінацыйных практык і сістэмнага пераследу ў дачыненні да прадстаўнікоў ЛГБТК+ супольнасці і сістэмнай дыскрымінацыі па прыкмеце гендарнай ідэнтычнасці.


Глядзіце таксама

Міністэрства культуры 19 сакавіка ўнесла змены ў інструкцыю, якой рэгламентуецца выпуск, тыражаванне, паказ, пракат, продаж і рэклама эратычнай прадукцыі. Зменамі пашырылі вызначэнне тэрміна «парнаграфія». Цяпер да такой адносяцца «наўмысная дэманстрацыя нетрадыцыйных палавых адносінаў і (або) палавых паводзінаў». А таксама «гомасэксуальнасць і лесбійскае каханне, бісексуальныя адносіны, поліаморыя, транссэксуалізм».

Гэта значыць, дзяржаве вельмі важна ведаць, каго вы кахаеце і з кім спіце. Інакш яна сама не можа спаць.

Акрамя Мінкульта нагляд над ложкамі беларусаў, каб ужо напэўна, вырашылі замацаваць і ў новай рэдакцыі «Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі». У ёй у якасці — вы толькі прыслухайцеся — нацыянальнага інтарэсу абвешчана «ўсебаковая абарона і зберажэнне інстытута традыцыйнай сям'і як саюзу паміж жанчынай і мужчынам па нараджэнні».

Калі вы кахаеце не па статуце, то яны ідуць да вас.

..і за якія грошы ясі

Каб беларусы не расслабляліся і не памыляліся ў тым, што гайкі слабеюць, уладамі чарговы раз пашыраны магчымасці атрымання дзяржаўнымі органамі доступу да персанальных даных. У тым ліку — без згоды чалавека. Змены датычацца сфер перавозкі пасажыраў і банкаўскіх аперацый. Гэта значыць, залезці дзяржава можа не толькі ў ложак, але і ў кашалёк.

Замацаваць у заканадаўстве вырашылі і рэпрэсіі. Пашыраны паўнамоцтвы для адвольнага прымянення гвалту ў дачыненні да грамадзянскіх асоб: пашыраны магчымасці прымянення зброі вайскоўцамі, дадзена ўказанне узбройваць вулічныя патрулі агнястрэльнай зброяй.


Глядзіце таксама

«Такім чынам, відавочна звужэнне інстытуцыйных гарантый па папярэджанні адвольнага прымянення зброі, чым у чарговы раз пашыраюцца магчымасці дзяржавы парушаць правы чалавека (у тым ліку права на жыццё і здароўе)», — адзначаюць праваабаронцы.

Пацярпелі і касманаўты

Трохі іранічна атрымліваецца з космасам. З аднаго боку, камандзіроўку «ўдзельніцы касмічнага палёту» Васілеўскай улада ператварыла ў шматтыднёвы прапагандысцкі трук. І абвясціла сябе касмічнай краінай (ва ўсіх сэнсах). З іншага — касманаўтам прыгразілі рэпрэсіямі, калі ў іх раптам запацеюць прыборы і яны саслізнуць з Млечнага на «экстрэмісцкі» шлях.

«Фармалізацыя патрабаванняў да лаяльнасці ўлады працягвае распаўсюджвацца на новыя прафесійныя групы. Дадзеныя заканадаўчыя змены ўводзяць абмежаванні самых розных правоў і свабод чалавека, асабліва права на свабоду выказвання меркавання.


Глядзіце таксама

Так, 19 сакавіка 2024 года Лукашэнка падпісаў указ №100 «Аб статусе беларускага касманаўта», які ўстанаўлівае шэраг ільгот для касманаўтаў. У той жа час указ утрымлівае палажэнні, згодна з якімі касманаўт Рэспублікі Беларусь губляе права на сацыяльныя гарантыі і льготы ў выпадку здзяйснення ім злачынстваў або адміністрацыйных правапарушэнняў "экстрэмісцкай накіраванасці".

Прымаючы пад увагу, што пад "экстрэмісцкай дзейнасцю" ўлады разумеюць дэманстрацыю нязгоды з палітыкай беларускага рэжыму ў любых фарматах, можна зрабіць выснову, што гэты ўказ з'яўляецца інструментам для замацавання лаяльнасці да рэжыму, заахвочвання самацэнзуры і пераследу нелаяльных у яшчэ адной прафесійнай сферы», — адзначаюць у БХК.

Ні кроку з хаты

Выбіраць будучыню маладыя беларусы не маюць права. Так лічыць улада. І ўзмацняе ціск у сувязі з выездам маладых людзей для навучання або адразу пасля навучання за мяжу. Цяпер заканадаўча забароненая рэклама працаўладкавання і навучання за мяжой. А таксама дадзена вуснае даручэнне Лукашэнкі рэктарам універсітэтаў прыняць меры да недапушчэння ад'езду выпускнікоў за мяжу.

Пацвярджэнне гэтаму ўжо ёсць. На днях стала вядома, што 11-класнікі, якія сёлета збіраюцца паступаць за мяжу, не могуць атрымаць неабходныя для паступлення дакументы ад Дэпартамента якасці адукацыі.


Глядзіце таксама

Таму што краіна, што страчвае кадры, якія пакідаюць гэты цудоўны арэал з-за рэпрэсій і адсутнасці перспектыў на будучыню, усё вырашае адным спосабам: замок на дзверы. Будучыні не павінна быць ні ў каго.

«Развіваецца тэндэнцыя "жалезнай заслоны" часоў СССР, якая выразна стала выяўляцца ў 2023 годзе і якая, у сваю чаргу, з'яўляецца адной з праяў палітыкі "антызаходніцтва" цяперашняга беларускага рэжыму. У Беларускім дзяржаўным універсітэце (найбуйнейшай ВНУ краіны) уведзены абавязак для супрацоўнікаў запаўняць спецыяльную анкету з 37 пытанняў пасля любой паездкі за мяжу (нават падчас працоўных і сацыяльных адпачынкаў) ва ўсе краіны свету акрамя Расіі», — адзначаюць праваабаронцы.