«Хтосьці будзе наступным». Каханне як мішэнь для дзяржавы

Няздольны стварыць ані якую ідэю, якая аб'яднала б яго прыхільнікаў, рэжым нацкоўвае іх на прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасці, абвінавачваючы іх ледзь не ва ўсіх бедах свету. Што насамрэч стаіць за лозунгамі прапаганды і якія наступствы гэта можа мець — у матэрыяле «НЧ».

Адзін з разгонаў мірных пратэстаў у Мінску, 18 жніўня 2020 года. Фота: AFP/Getty Images

Адзін з разгонаў мірных пратэстаў у Мінску, 18 жніўня 2020 года. Фота: AFP/Getty Images

17 мая 1990 года з Міжнароднай класіфікацыі хвароб выключылі гомасэксуальнасць, прызнаўшы тым самым, што сэксуальная арыентацыя не з'яўляецца тым, што трэба лячыць. Гэта быў вельмі важны крок чалавецтва ў імкненні да роўнасці і прыняцця, у напрамку правоў чалавека. І менавіта гэты дзень ужо шмат гадоў адзначаецца па ўсім свеце як Міжнародны дзень супраць гамафобіі, трансфобіі і біфобіі (вядомы як IDAHOBIT). 

Але нягледзячы на тое, што шмат дзе на дзяржаўным узроўні зафіксаваныя правы ЛГБТК+ людзей, па-ранейшаму існуе шмат краін, у якіх квір-супольнасць падвяргаецца пераследу і рызыцы для жыцця і свабоды. На вялікі жаль, Беларусь — адна з такіх краін. Дзяржава, якая ўсё больш ператвараецца ў таталітарную, імкнецца кантраляваць усё — нават ложкі сваіх грамадзян. У планах чыноўнікаў і сілавікоў — дыскрымінацыйныя законы, якія адкрыюць прамы шлях да пераследу на падставе сэксуальнай арыентацыі, і прадстаўнікі ЛГБТК+ супольнасці масава стануць яшчэ адной сацыяльнай групай, якая зазнала рэпрэсіі. Варта адзначыць, што ужо цяпер знаходзяцца ў палоне рэжыму і праходзяць праз катаванні людзі, якія адным сваім існаванне кідаюць выклік традыцыйным каштоўнасцям і ўсяму таму, на чым базуецца рэжым Лукашэнкі. Тэндэнцыі да ўзмацнення рэпрэсій паказваюць на тое, што такіх людзей будзе станавіцца толькі больш. Пра ўсё гэта мы спыталі ў прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Вольгі Гарбуновай і дарадцы Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціны Рыхтэр.


Глядзіце таксама

Мішэнь для рэжыму

— 17 Мая — вельмі важны дзень і для мяне асабіста, і для мяне як актывісткі, — гаворыць Вольга Гарбунова. — Мне давялося прайсці праз складаны і доўгі шлях унутранай гамафобіі. Я ведаю, як цяжка не давяраць сабе і сваім пачуццям, калі ў цябе шмат страху, мала інфармацыі і няма падтрымкі. Яшчэ большую небяспеку ўяўляе для чалавека інстытуцыянальная дыскрымінацыя з боку дзяржавы і грамадства. Сёння мы святкуем 34 гады з таго моманту, як гомасэксуальнасць выключылі з МКХ, але пры гэтым назіраем новы віток пераследу людзей на падставе сэксуальнай арыентацыі. Гэты адкат здаецца нелагічным з пункту гледжання гісторыі, але гэта адбываецца ва ўмовах аўтарытарнай дзяржавы, і нам важна выкарыстоўваць такія даты, каб яшчэ больш гаварыць пра правы чалавека, іх універсальнасць. 


Глядзіце таксама

Калі беларускі дэмакратычны рух назваў сябе такім, то важна разумець, што мы павінны выступаць у абарону ўсіх, хто падвяргаецца гвалту і дыскрымінацыі. Без выключэнняў. Без асцярогі за свой сацыяльны капітал, без боязі страціць галасы выбаршчыкаў і падтрымку, без страху гаварыць на нязручныя, трыгерныя тэмы для грамадства, без маніпуляцый «цяпер не да гэтага» ці «гэта нас дыскрэдытуе». Правы чалавека не могуць нікога дыскрэдытаваць. Часам складаецца ўражанне, што на хвалі 2020 года ўсе прачыталі «1984» Джорджа Оруэла, але забыліся прачытаць «Ферму». 

Самае страшнае для мяне асабіста — што зноў стане хтосьці «раўнейшым за іншых». Мы прамаўчалі, калі яны пасадзілі дзяцей, якія ўжываюць псіхаактыўныя рэчывы і якіх сотнямі адправілі ў турмы па арт.328 у сярэднім на 10 гадоў. Цяпер мы прамаўчым, калі яны пачнуць саджаць людзей за тое, што яны кахаюць не тых, каго дыктуе кахаць патрыярхальная дзяржава? Але ж нехта будзе наступным. Ты ніколі не ведаеш, калі ў Беларусі прыйдуць па цябе, калі і за што на табе прапаганда намалюе мішэнь і ты станеш «ворагам народа».

Як дзяржава маніпулюе паняццямі 

— Генпракуратура паставіла ў адзін шэраг гомасэксуальнасць, чайлдфры і педафілію. Наколькі гэта правамерна?

— На мой погляд, у першую чаргу варта гэтае пытанне разглядаць з пункту гледжання не правамернасці, а правачалавечнасці, ці правачалавечага падыходу, — тлумачыць Крысціна Рыхтэр. — Далёка не ўсе нормы права, якія прымае дзяржава, адпавядаюць прынцыпам, закладзеным ў падыход, заснаваны на правах чалавека — роўнасці і недыскрымінацыі.

Гэтае параўнанне гомасэксуальнасці, выбару не мець дзяцей (childfree) і педафіліі з'яўляецца выразным прыкладам дыскрымінацыі і стыгматызацыі. Гомасэксуальнасць — гэта арыентацыя, childfree — жыццёвы выбар, тым часам як педафілія — гэта псіхічны разлад, звязаны са злачыннымі паводзінамі. Параўнанне гэтых з'яў некарэктнае і несправядлівае, бо педафілія уключае ў сябе шкоду адносна дзяцей, тады як гомасэксуальнасць і childfree не цягнуць за сабой парушэнняў правоў іншых асоб.

— Анансуючы новыя змены ў заканадаўстве, чыноўнікі пагалоўна тлумачаць іх «традыцыйнымі каштоўнасцямі», мараллю, праваслаўем і г. д. Ці можа крымінальнае права базавацца на «традыцыях»? І дзе ва ўсім гэтым правы чалавека?

— Безумоўна, у свеце існуюць краіны, якія абгрунтоўваюць абмежаванні правоў розных груп людзей менавіта традыцыйнымі ці рэлігійнымі каштоўнасцямі. Але ўвесь цывілізаваны свет ужо даўно крытыкуе такі падыход.


Глядзіце таксама

На мой погляд, крымінальнае права павінна грунтавацца на ўніверсальных прынцыпах правоў чалавека, а не толькі выключна на «традыцыйных каштоўнасцях».  І самі па сабе «традыцыйныя каштоўнасці» ці рэлігія не павінны выкарыстоўвацца як спосаб маніпуляцыі правам з боку дзяржавы. Да таго ж, Рэспубліка Беларусь — гэта свецкая дзяржава, дзе рэлігійныя ўстановы аддзелены ад дзяржаўных, а прытрымлівацца той ці іншай рэлігіі або не прытрымлівацца яе увогуле — гэта права, а не абавязак.  Традыцыі могуць мець ролю ў фармаванні маральных і культурных асноў грамадства, гэта так. Але яны не павінны супярэчыць асноўным правам і свабодам. Падыходы, заснаваныя выключна на традыцыях, могуць прывесці да дыскрымінацыі і выключэння значнай часткі грамадства, напрыклад, ЛГБТК+ супольнасці, пра якую мы сёння гаворым. Гэта тыя людзі, якім цяпер дзяржава хоча забараніць кахаць ці ідэнтыфікаваць сябе, як яны гэта адчуваюць.

«Прапаганда», «парнаграфія» і правы чалавека

— Што маецца на ўвазе пад «прапагандай нетрадыцыйных сэксуальных стасункаў»? Хто і што падпадае пад гэтае вызначэнне і якімі могуць наступствы?

— Такі тэрмін, як «прапагандай нетрадыцыйных сэксуальных стасункаў» часта выкарыстоўваецца для абмежавання свабоды выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі, што, безумоўна, тычыцца ЛГБТК+ супольнасці. І тут трэба разумець, што дакладнае вызначэнне таго, якія дзеянні з’яўляюцца той самай «прапагандай», што часта застаецца расплывістым і можа складацца з кожнай згадкі пра ЛГБТК+. А можа нават і горш — дадумляцца і шукацца нават там, дзе згадкі гэтай тэмы ўвогуле няма. Справа можа дайсці на таго, што чалавека ў адзенні колераў вясёлкі прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. Бо вядома, што калі дзяржаўная палітыка пабудавана на прынцыпах няспыннага пошуку «ворага», то пад рызыкай прыцягнення да адказнасці ў выніку знакодзіца кожны чалавек у краіне.


Глядзіце таксама

Усё гэта вядзе да істотных абмежаванняў правоў на свабоду слова, выказвання меркавання і самавыяўлення, а таксама ўзмацняе стыгму ў дачыненні да ЛГБТК+ асоб.

Больш за тое, складана сабе уявіць прапаганду таго, што з’яўляецца неад’емнай ідэнтычнасцю чалавека, а сэксуальная арыентацыя і гендарная ідэнтычнасць — менавіта такія з’явы. 

— На пачатку красавіка Міністэрства культуры пастанавіла прыраўняць «гомасэксуальнасць, лесбійскае каханне, бісэксуальныя стасункі, поліаморыю і транссэксуальнасць» да парнаграфіі, за распаўсюджванне і вытворчасць якой можна атрымаць ад 2 да 4 гадоў зняволення. Што гэта азначае на справе? Ці тычыцца гэта толькі інфармацыйнай прадукцыі? Або людзі і праявы іх стасункаў таксама цяпер лічацца «парнаграфіяй»?

— На справе гэта адзначае дыскрымінацыйны падыход у фармаванні заканадаўства краіны. Такія змены, калі яны будуць прыняты, вельмі істотна абмяжуюць правы ЛГБТК+ асоб на выражэнне сваёй ідэнтычнасці і публічныя праявы сваіх стасункаў. Так-так, фактычна, гэта не толькі пытанне інфармацыйнай прадукцыі, гэта пра тое, што калі дзве жанчыны возьмуцца за рукі ў публічным месцы, то гэта ўжо можа быць падставай для прыцягнення да адказнасці. Але ў нармальнай дзяржаве так не павінна быць. Я не магу ўявіць, каб за кароткі пацалунак на вуліцы мяне і майго мужа прыцягнулі да адказнасці. Дык чаму Міністэрства культуры Лукашэнкі лічыць такое магчымым ў дачыненні да людзей аднаго полу? Адно відавочна: такія прапановы — гэта вельмі яскравы маркер вяртання да таталітарных практык. Таксама варта мець на ўвазе, што такі падыход да нормы права дае вельмі шмат волі ў яе прымяненні. Бо менавіта правапрымянальная практыка будзе фармаваць падыходы на яе аснове. 

Новыя палітвязні

— Сілавікі затрымліваюць прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасці наўмысна жорстка, паказальна ганебна і нізка (кейс Мікалая Брэдзелева — самы яскравы прыклад), а за кратамі людзей паражаюць у правах, называючы «апушчанымі». Ці магчыма будзе пасля змены ўлады на дэмакратычную даць гэтаму прававую ацэнку? І якія захады трэба прыняць для выкаранення такіх практык?

— Пасля змены ўлады да дэмакратычнай сістэмы будзе патрэбна правесці стараннае расследаванне такіх выпадкаў і даць прававую ацэнку дзеянням сілавікоў, у тым ліку ў дачыненні да парушэнняў правоў ЛГБТК+ асоб. Таксама важна будзе прыняць меры па кампенсацыі шкоды пацярпелым ад такіх практык (у тым ліку ў выглядзе выбачэння з боку дзяржавы за ўсё тое, што яна тварыла з людзьмі). Важна таксама будзе ўвесці меры для папярэджання падобных практык у будучыні. Перш за ўсё, дзяржава ўзяла на ўзбраенне практыкі крымінальных субкультур у дачыненні да ЛГБТК+ супольнасці, што непрымальна ў прававой дзяржаве. Папярэджанне такіх парушэнняў будзе звязана з грунтоўнай і глыбокай рэформай праваахоўнай сістэмы, а таксама з навучаннем прадстаўнікоў новых сілавых структур падыходам, заснаваным на правах чалавека. Іншы аспект  — кантроль з боку незалежных арганізацый і пракуратуры за дзейнасцю гэтых структур.


Глядзіце таксама

— Усе гэтыя дзеянні  ўладаў адкрываюць шлях да сістэматычнага пераследу паводле сэксуальнай прыкметы. Ці можна прагназаваць, што адной з наступных хваль палітзняволеных стануць геі і лесбійкі?

— Прагназаванне будучыні палітычнага пераследу па прыкмеце сэксуальнай арыентацыі — складаны працэс, аднак, улічваючы бягучыя тэндэнцыі, такая рызыка вельмі імаверная. Пры трансфармацыі ў таталітарны рэжым заўсёды спрабуе абмежаваць асабістыя свабоды людзей, у тым ліку свабоду распараджацца сваім целам. Менавіта таму пры ацэнках дэмакратычных працэсаў у краіне заўсёды ўлічваецца узровень талерантнасці і прыняцця ЛГБТК+ людзей. У выпадку з Беларуссю, на мой погляд, сітуацыя і раней была вельмі неспрыяльнай, а выказванні, ідэі і прапановы прадстаўнікоў рэжыму ствараюць сур'ёзныя засцярогі адносна выканання правоў і забеспячэння бяспекі ЛГБТК+ супольнасці.

У гэтай сувязі, безумоўна, патрэбна актыўная міжнародная падтрымка і ўвага да сітуацыі ў краіне, каб пазбегнуць пагаршэння становішча ЛГБТК+ людзей і абараніць іх правы нароўні з усімі.

Калі вам патрэбная дапамога па пытаннях дыскрымінацыі, заўтра, 18 мая, на гарачай лініі сацыяльнай службы «Адно акно» можна будзе бясплатна атрымаць кансультацыю юрыста, які Займаецца правамі ЛГБТК+ супольнасці.

Званок бяспечны і ананімны. Для атрымання парады юрыста званіць можна тут: сацыяльная служба «Адно акно». Увага! Магчыма, з Беларусі спатрэбіцца VPN.