Жонка палітвязня, экс-дзяржслужачая. Што вядома пра беларусак, якіх пераследуюць за ежу

У канцы студзеня ў Беларусі сілавікі прыйшлі да сваякоў палітвязняў праз ініцыятыву IneedHelpBY, якая дапамагае беларусам, асуджаным паводле палітычных артыкулаў. У асноўным гэта прадуктовая дапамога — для перадач палітвязню і ўтрымання сям'і. Пасля рэйду сілавікоў як мінімум 100 чалавек асудзілі паводле адміністрацыйных артыкулаў. Як мінімум на пяць беларусак завялі крымінальныя справы.

img_2793_logo_1_logo.jpg_1.png

«Медыязона» распавядае, што вядома пра жанчын, якія апынуліся ў СІЗА за тое, што дапамагалі палітвязням і прымалі дапамогу ад іншых.

Працавала на дзяржслужбе, а пасля стала валанцёркай

Гамяльчанцы Алене Тоцкай 61 год. Яе затрымалі 23 студзеня падчас аблавы па справе IneedHelpBY. Жанчыну абвінавачваюць у фінансаванні дзейнасці «экстрэмісцкага фаміравання».

8 красавіка КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваннем» тэлеграм-канал «Валанцёры Гомель». У чаце на той момант было больш за 90 чалавек. Яго стварылі восенню 2020 года для дапамогі затрыманым у ІЧУ. Дзейнасць КДБ звязаў з Аленай Тоцкай, яе прозвішча з'явілася ў пераліку «экстрэмісцкіх фарміраванняў». Зараз чат выдалены.

Да 2014 года беларуска працавала на дзяржаўнай службе, пакуль не патрапіла пад скарачэнне. Пасля гэтага яна даглядала ляжачых хворых і людзей з інваліднасцю.

«У 2014 годзе часам выбараў у мясцовыя саветы я вырашыла праверыць, фальсіфікуюць выбары ў Беларусі ці не. Калі я пайшла незалежным назіральнікам, аказалася, што мая нервовая сістэма да такога не была падрыхтаванай. Я была ў шоку ад таго, наколькі ў нас несумленна праходзяць выбары. Я пісала ў гарвыканкам пра тое, што такія адбываюцца справы, пісала ў пракуратуру, звярталася ды Ярмошынай. Алё адусюль прыходзілі адпіскі», — распавядала беларуска.

Пасля выбараў 2020 года Алена пачала хадзіць на суды над палітвязнямі.

«Для мяне гэта было вельмі несправядліва, калі судзілі людзей за мірныя пратэсты. Я таму і стараюся трапляць на гэтыя суды, каб людзі не заставаліся сам насам з рэпрэсіўнай сістэмай, каб адчувалі падтрымку. У мяне склалася ўражанне, што суды даюць пратэстоўцам па максімуме, нібыта адбылося нешта страшнае, хаця нічога страшнага ніхто з людзей не здзяйсняў».

Цяпер Алена Тоцкая знаходзіцца ў следчай турме №8 у Жодзіне.


Глядзіце таксама

Затрымалі за месяц да вызвалення мужа

Алеся Сяргеенка — жонка экс-палітвязня Максіма Сяргеенкі. Яе затрымалі 25 студзеня — за месяц да вызвалення мужа. На беларуску завялі крымінальную справу паводле артыкула аб «фінансаванні экстрэмісцкага фарміравання».

У лютым Алесю судзілі паводле адміністрацыйнага артыкула аб парушэнні выкарыстання замежнай дапамогі. Гэты артыкул улады выкарыстоўвалі супраць беларусаў, якія атрымалі прадукты ад ініцыятывы IneedHelpBY.

У Алесі і Максіма Сяргеенкі двое дзяцей: 3 і 16 гадоў. У красавіку 2021 года суд Круглянскага раёна прысудзіў мужчыну да 3 гадоў калоніі паводле артыкулаў аб абразе Лукашэнкі і злосным хуліганстве. Максім выйшаў на волю 29 лютага.

Да суда Максім знаходзіўся дома і пасля прысуду Алеся доўга не магла паверыць, што мужчыну пасадзілі.

«Калі муж спытаў, што будзе, калі яму дадуць пяць гадоў, я сказала — значыць, будзем чакаць пяць. Дадуць дзесяць — будзем дзесяць. У мяне ніколі нават пытанне не стаяла, чакаць ці не. Так, вядома, вар'яцкі цяжка, асабліва ў моманты, калі ўсё адразу ляціць. Пасядзела, падумала як жыць далей, сабралася і пачысціла каналізацыю, памяняла астуджальную вадкасць і алей у машыне. Я заўсёды была ў Максіма асістэнтам і шмат чаму навучылася.

Хтосьці скажа, напэўна: гэта ж так складана. Не, не складана, калі ты кахаеш свайго мужа і бачыш будучыню толькі з ім. Як бы цяжка не было, я стараюся пра гэта не думаць. У нас усё яшчэ будзе», — распавядала Алеся.

Цяпер Сяргеенка знаходзіцца ў турме №4 у Магілёве.


Глядзіце таксама

Мама экс-палітвязня і сястра жонкі экс-палітвязня

Яшчэ пра траіх затрыманых падчас студзеньскага рэйду сілавікоў па сваяках палітвязняў вядома няшмат. 23 студзеня ў Брэсце затрымалі Алену Дземянчук-маму экс-палітзняволенай Марыны Глазавай, якую прысудзілі да 1,5 гадоў хатняй хіміі паводле «карагоднай справы».

У картцы «Вясны» пазначана, што жанчыну абвінавачваюць у «фінансаванні экстрэмісцкага фарміравання». Крыніца, знаёмая з сітуацыяй, паведаміла, што жанчыну абвінавачваюць паводле іншага артыкула. Паводле якога, невядома. Цяпер жанчына знаходзіцца ў СІЗА №7 Брэста.

23 студзеня таксама затрымалі Юлію Краўцову. Цяпер беларуска знаходзіцца ў следчай турме №8 у Жодзіне. Вядома, што дзяўчына працавала ў «Беларусбанку». Муж яе сястры — экс-палітвязень Мікалай Карабко, якога прысудзілі да 2,5 гадоў калоніі паводле артыкула аб перашкодзе ўдзелу ў рэферэндуме. Крымінальную справу на Карабко распачалі за раздачу ўлётак з заклікам сумленна лічыць галасы на рэферэндуме.

Туды ж сілавікі змясцілі і 52-гадовую Наталлю Гаўрон з Мінска, затрыманую 23 студзеня падчас аблавы на сваякоў палітвязняў. Вядома, што жанчына працавала ў ТАА «Польстрым».


Глядзіце таксама

Што вядома пра справу IneedHelpBY

23-24 студзеня сілавікі правялі масавы рэйд з ператрусамі па ўсёй краіне: прыйшлі да сваякоў палітвязняў. Пад пераслед трапілі як мінімум 287 чалавек, большасць з якіх жанчыны.

Ператрусы былі звязаныя з дзейнасцю ініцыятывы IneedHelpBY, якая займалася дапамогай палітвязням. 16 студзеня 2024 года яе прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем». Як мінімум 100 чалавек пасля рэйду асудзілі паводле адміністрацыйнага артыкула аб атрыманні замежнай бязвыплатнай дапамогі ад «экстрэмісцкага фарміравання».

На некаторых завялі крымінальныя справы. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, гаворка ідзе пра артыкулы аб удзеле ў «экстрэмісцкім фарміраванні» і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Пры ператрусах і праверках тэлефонаў сілавікі шукалі прыкладанні замежных банкаў, ацэньвалі кошык «Е-дастаўкі», цікавіліся пераводамі з-за мяжы.