«І тады інспектар прашыпела: "Засуньце сабе свае правы ў…"»

 Былы палітвязень — пра народнае паўстанне, уцёкі з «хатняй хіміі«, а таксама чаго бракавала беларусам у 2020-м годзе.

photo_2024_05_05_20_17_36_logo.jpg

Алегу (імя змененае пра просьбе суразмоўцы) 23 гады, ён з Мінска. Хлопец актыўна ўдзельнічаў у паслявыбарчых пратэстах, у тым ліку ў дваровых ініцыятывах, пісаў пратэставыя каментары ў сеціве. Летась быў асуджаны да двух з паловай гадоў «хатняй хіміі» і некалькі тыдняў таму пакінуў Беларусь.

Цяпер былы палітвязень жыве ў Польшчы, рыхтуецца да паступлення ва ўніверсітэт і верыць, што ён за мяжой — часовы госць.

«Мы памыліліся з фарматам акцый»

— Мая барацьба пачалася яшчэ ў 2019-м — беларусы тады пратэставалі супраць паглыбленай інтэграцыі з Расіяй, я таксама далучыўся да гэтых акцый, — расказвае хлопец. — У дваццатым годзе быў у першых шэрагах пратэстоўцаў, удзельнічаў ва ўсіх нядзельных Маршах. Адначасова рыхтаваўся да паступлення ва ўніверсітэт і верыў, што неўзабаве пачнецца новае жыццё — і ў мяне, і ва ўсіх нас, што краіна зменіцца. Моцна верыў, што пад канец восені ў Беларусі ўжо будзе новы прэзідэнт, новы ўрад, і краіна нарэшце скіне з сябе кайданы дыктатуры. 

Прыкладна ў канцы верасня-пачатку кастрычніка, калі пачало халадаць, акцыі сталі не такімі масавымі і людзі збольшага пачалі збірацца ў дварах, зразумеў, што пік актыўнасці мінуў. Але недзе ў глыбіні душы яшчэ цеплілася надзея, што адбылася проста змена фармату акцый, што гэта часова і пасля пацяплення пачнецца новая хваля і ўздым.  

У лістападзе, пасля забойства Рамана Бандарэнкі, людзей пачало выходзіць зусім мала, нават у двары. Пратэстоўцы пачалі разбівацца на дробныя групы, зніклі былыя арганізаванасць і згуртаванасць. Я зразумеў тады, што мы не выцягнем, што патрэбныя іншыя метады. 

Глядзіце таксама

Я добра ўсведамляў, што час працуе не на нашу карысць. Людзі вымотваюцца, расчароўваюцца. Час ідзе, а рэжым толькі ўмацоўваецца, цэментуе сітуацыю ў краіне, Беларусь усё больш упадае ў залежнасць ад Расіі. Адбіваюцца на рашучасці і актыўнасці людзей і рэпрэсіі, што ўвесь час узмацняюцца. 

Алег мяркуе, што галоўнай прычынай згасання пратэстаў стала тое, што прыхільнікі перамен «з самога пачатку абралі не зусім правільны фармат акцый»:

— Як і большасць суайчыннікаў, спачатку я верыў у мірныя пратэсты. Але пазней пераканаўся, што гэта не працуе, што голымі рукамі зваліць дыктатуру немагчыма, рыхтаваўся да сілавога сцэнару. На жаль, беларусам у дваццатым годзе не хапіла рашучасці і пэўнай долі радыкальнасці. Мне здаецца, калі б мы дзейнічалі больш напорыста, мы б нашмат хутчэй дасягнулі сваіх мэтаў.  

На маю думку, тактыка нядзельных Маршаў сябе не апраўдала. Пратэстоўцам трэба было займаць нейкую тэрыторыю і не сыходзіць, а мы пасля акцый разыходзіліся па дамах, раз’ядноўваліся. А варта было наадварот гуртавацца. 

«Сэлфі ў якасці галоўнага доказу»

Алег актыўна пратэставаў не толькі на вуліцах, але і ў сеціве: рэгулярна пісаў каментары на палітычныя тэмы, вёў дыялогі і дыскусіі з прыхільнікамі перамен у чатах наконт больш эфектыўных спосабаў пратэстаў. Большасць пляцовак пазней былі прызнаныя экстрэмісцкімі, а да хлопца вясной 2021 года прыйшлі сілавікі.

— «Спаліўся» я па дурному: своечасова не прыняў неабходныя захады па лічбавай бяспецы, мяне вылічылі па каментарах, — згадвае суразмоўца. — Да мяне прыйшлі міліцыянты, правялі ператрус, забралі тэхніку, а мяне самога завезлі ва Упраўленне следчага камітэта, дзе следчыя дапыталі мяне наконт каментароў і ўдзелу ў акцыях пратэсту. 

Мяне праінфармавалі, што я падазраваны па ўсіх частках артыкулаў 342 і 293. Я распісаўся ў падпісцы аб нявыездзе і неразгалошванні.

У СК запалохвалі, ціснулі маральна, ім не падабаліся мае адказы, мне пагражалі, выкарыстоўваючы лаянку. Але я вёў сябе стрымана, не паддаваўся на эмоцыі. 

У статусе падазраванага я заставаўся яшчэ два гады. 

У 2023 годзе мяне зноў затрымалі. Папрасілі прыехаць у Следчы камітэт, дзе паказалі фота, спампаваныя з майго тэлефона. Там было сэлфі з акцый пратэсту. 

Я сказаў, што пазнаю сябе, недарэчна было гэта адмаўляць. З СК мяне ўжо не выпусцілі, завезлі на Валадарку, дзе дзён праз восем прад’явілі абвінавачанне па частцы 1 артыкула 342 — «актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак».  

На Валадарцы мяне ўтрымлівалі ў камеры з трохузроўневымі нарамі. Да таго ж камера была вельмі маленькая, а людзей у ёй сядзела багата: 15-17 чалавек на 18-ці квадратах. Прыкладна палова сядзельцаў — палітвязні. На Валадарцы я прабыў каля трох месяцаў.

Суд прызначыў мне два з паловай гады «хатняй хіміі», мяне вызвалілі ў судовай зале. Выйшаў на вуліцу і вельмі здзівіўся, убачыўшы зялёныя дрэвы. Калі мяне затрымлівалі, яшчэ снег ляжаў. А тут — хоп, лета... 

Яго ўніверсітэты

— Напярэдадні арышту я ўсё ж здзейсніў сваю мару: паступіў на гістфак БДУ. Але правучыўся там нядоўга — пакуль знаходзіўся ў СІЗА, мяне з універсітэта адлічылі, — распавядае Алег. — Дэкан гістарычнага факультэта Аляксандр Каханоўскі і яго намесніца Аліна Верамейчык апантана пераконвалі ўсіх, што я мушу быць адлічаны за прагулы, бо «знаходжанне ў СІЗА не з’яўляецца ўважлівай прычынай». Мне нават не далі магчымасці ўзяць акадэмічны водпуск. 

Пасля вызвалення я спрабаваў аднавіцца, нават прыехаў у рэктарат, каб высветліць, што дзеля гэтага трэба зрабіць. Рэктар Кароль настолькі спалохаўся, калі я прыйшоў, што выклікаў у кабінет дэкана і яшчэ трох супрацоўнікаў, і вось гэтыя суб’екты ўпяцярых пераконвалі мяне, што маё адлічэнне было законным. Я ім кажу: «Я прыйшоў сюды не для таго, каб гэта абмяркоўваць, мяне цікавяць магчымасці аднаўлення на вучобе». Напрыканцы размовы гэтыя людзі паабяцалі, што адновяць мяне, але, маўляў, трэба «ўсё рабіць па парадку». Вядома, што ніхто мяне не аднавіў, усё аказалася пустымі абяцаннямі.  

«А ў паперах быў слупок з назвай "БЧБ"»

Суразмоўца кажа, што «хатняя хімія» — тое яшчэ выпрабаванне, і што нават калі імкнешся выконваць усе правілы яе адбыцця, ад праблем са служакамі гэта не ўратоўвае: 

— Асноўныя траблы ўзнікалі з супрацоўнікамі Крымінальна-выканаўчай інспекцыі, — згадвае былы палітвязень. — Агульнай мовы я з імі так і не знайшоў. Неяк уладкаваўся на новую працу, прынёс працоўны графік сваёй інспектарцы, а яна пачала круціць носам. Я прынёс ёй новы, перароблены, але ёй зноў штосьці не спадабалася, яна сказала, што не прыме яго, а пасля са злосцю выгукнула: «Калі мне штосьці не спадабаецца, ты ў мяне ў "Зяленбуд" пойдзеш працаваць!»

Я запярэчыў, сказаў, што ў мяне ёсць права працаваць там, дзе я хачу. Інспектарка ўз’юшылася і прашыпела, што ў мяне ўвогуле ніякіх правоў няма і што «засуньце сабе свае правы ў …»


Глядзіце таксама

Аднойчы пасля цяжкага працоўнага дня я ў літаральным сэнсе вырубіўся, а калі прачнуўся, успомніў, што ў мяне ў гэты дзень павінна была быць лекцыя ў РУУС. Праз стомленасць я цалкам забыўся пра гэта. Патэлефанаваў у інспекцыю, мне сказалі прыйсці на наступны дзень. 

Так і зрабіў, прыйшоў. А там аб’явілі, што на мяне накладаецца спагнанне ў выглядзе пятнаццаці сутак на Акрэсціна. Я спрабаваў неяк дамовіцца з начальнікам інспекцыі, гандляваўся, каб далі менш сутак. Але той развёў рукамі і сказаў: «Ну вы ж усё разумееце… Вы асаблівая катэгорыя людзей. Калі з нас спытаюць, што мы адкажам? Карацей, пятнаццаць сутак. Мацуйцеся і мужна гэта пераносьце». 

На Акрэсціна я не паехаў. Я збег з краіны. 

Гэта было ўжо не першае маё спагнанне, і я асцерагаўся, што суткамі на гэты раз не адкараскаюся, што служакі прыдумаюць што-небудзь, каб я паехаў у калонію.

Дарэчы, падчас адбыцця «хіміі» моцна ўрэзаўся ў памяць адзін эпізод: калі мяне правяралі дома міліцыянты і я выпадкова зазірнуў у іх спіс, то ўбачыў там слупок, які так і называўся — «БЧБ». Вось ужо сапраўды «асаблівая катэгорыя грамадзян»…

«Веру, што я тут часовы госць, турыст»

— І вось я ў Польшчы. Аднаўляюся, рыхтуюся да паступлення ва ўніверсітэт па праграме Каліноўскага. Але ў мяне і раней было, і цяпер застаецца адчуванне, што мне яшчэ трэба будзе вярнуцца ў Беларусь. Нібыта я прыехаў сюды, як турыст. 

Разумею, што гэта адбудзецца ні заўтра, ні паслязаўтра. Але ў тым, што я вярнуся, не сумняюся.  

Нязвыкла, што няма цяпер ніякіх абмежаванняў, што над табой больш не навісае дамоклаў меч. Так, я нарэшце вольны, але думкі пра Беларусь і яе будучыню не адпускаюць. 

Галоўныя ўрокі дваццатага году для мяне наступныя: па-першае, дабро мусіць быць з кулакамі. Супрацьстаяць маналітнай дыктатуры інтэлігентным спосабам не выпадае. Трэба мець зубы і ўмець абараніць сябе і тое, што табе дорага. 

Глядзіце таксама

Яшчэ адна важная выснова: у Беларусі застаецца вялікая колькасць свядомых людзей, нелаяльнай публікі, і вось цяпер, у адрозненні ад дваццатага года, ёсць сэнс паберагчы сябе, не лезці на ражон, захаваць сябе для пераломнага моманту. Важна назапашваць сілы. 

Але наўрад ці гэта пераломны момант адбудзецца ў наступным годзе. У мяне няма надзеі на 2025 год. Адзін мой знаёмы неяк выказаў думку, што сур’ёзныя пратэсты адбываюцца кожныя дзесяць гадоў, бо адбываецца змена пакаленняў. І я з ім у чымсьці згодны: больш рэалістычна чакаць масавых пратэстаў бліжэй да 2030 года, як мне падаецца.

Разам з тым, дваццатым годам я не расчараваны. Падзеі 2020-га паказалі, хто ёсць хто. Нарадзілася беларуская нацыя. І горда і мужна заявіла пра сябе.

Будучыня Беларусі няпэўная. Але з часам усё зменіцца, я перакананы. Якой бы моцнай не падавалася дыктатура, у яе ёсць відавочнае слабае месца: яна не вечная. 

Герой публікацыі выказвае падзяку за дапамогу ў эвакуацыі фонду BYSOL і Беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да Волі».