«У калоніі прасцей». У якіх умовах адбываюць пакаранне на «хатняй хіміі»?

Вялікая колькасць зняволеных па палітычных матывах адбываюць пакаранне ва ўмовах так званай «хатняй хіміі» — без накіравання ў папраўчую ўстанову. Наколькі гэта лепш ці горш за звычайнае зняволенне?

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Кацярыну Еўдакімаву разам з мужам Антонам Маслыкам затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа ў чэрвені 2022 года на вачах у дзяцей. Іх асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе: Антону прызначылі паўтара года калоніі, а Кацярыне — тры гады «хатняй хіміі», хоць пракурорка запрасіла для яе пазбаўленне волі. За першы год адбыцця пакарання жанчыне выпісалі тры парушэнні. Пасля затрымання 23 студзеня гэтага года падчас рэйду КДБ за атрыманне дапамогі ад ініцыятывы «INeedHelp» ёй пагражала замена абмежавання волі на калонію. Таму сям'я была вымушаная экстрана пакінуць Беларусь, каб зноў не аказацца пад пераследам. Кацярына расказала «Вясне» пра жорсткія абмежаванні на «хатняй хіміі», надуманыя парушэнні ад інспектараў, «суткі» ў Смалявіцкім ІЧУ і адсочванне «хатніх хімікаў» праз відэаназіранне на вуліцах і сістэму распазнавання твараў.

Пра жорсткія абмежаванні пасля дыверсіі ў Мачулішчах

Прысуд шматдзетнай пары вынеслі на Дзень маці — 14 кастрычніка 2022 года. Пракурорка запрасіла для Кацярыны калонію, але суд прызначыў ёй тры гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ.

«"Хатнюю хімію" я адбывала ў Смалявіцкім раёне. Там было лягчэй, таму што менш прыязджалі з праверкамі. Але вясной 2023 года пачаліся ўзмацненні жорсткасці. А ўмовы такія: спачатку тры парушэнні, а на чацвёртае — замена рэжыму».

Узмацненне кантролю над «хімікамі» вясной 2023 года Кацярына звязвае з дыверсіяй у Мачулішчах, калі расійскі самалёт далёкай выведкі ДРЛА А-50 пашкодзілі ў двух месцах.

«Тады абмежавалі выхад з дому да адной гадзіны на дзень. А мая вёска знаходзіцца ад Смалявічаў за 12 кіламетраў. Да крамы мне ехаць паўгадзіны, а ўсяго часу даюць толькі адну гадзіну».

Двое сутак арышту за тое, што без дазволу паехала на спатканне да мужа ў калонію

Першае парушэнне Кацярыне выпісалі ў лютым 2023 года. Яна спрабавала аспрэчыць яго, але інспектарка запэўніла жанчыну, што «так трэба» і «больш парушэнняў не будзе».

Згодна з п. 2 арт. 6.6 КаАП жанчынам, у якіх на ўтрыманні ёсць непаўналетнія дзеці, не могуць прызначыць у якасці пакарання адміністрацыйны арышт — толькі штраф. Аднак за ўвесь час на «хатняй хіміі» яе двойчы арыштоўвалі — насуперак заканадаўству.


Глядзіце таксама

У верасні Кацярына атрымала ўжо другое парушэнне, за якое ёй прызначылі двое сутак арышту.

«Другое парушэнне — гэта адзінае, якое заслужыла, бо вінаватая. Мне трэба было паехаць на спатканне да мужа. Я вельмі доўга іх прасіла дазволіць мне, пісала заявы, угаворвала. А яны — ні ў якую. Тым больш, яму далі нейкім цудам спатканне, а не ўсім у калоніі дазваляюць. І дзіця хацела да бацькі. У выніку я прыняла рашэнне ехаць. Мне не пашанцавала — яны праверылі. Але я тады трапіла на спатканне і аддала перадачу.

За парушэнне яны мне далі адразу двое сутак арышту. І сказалі: "Вось праз тое, што ў вас дзеці, даём мінімальна". Адзінае, яны мне тады далі адтэрміноўку, каб вырашыць пытанне з дзецьмі. У мяне на гэта было некалькі дзён».

Адсутнасць прыбіральні і відэаназіранне: умовы ўтрымання падчас «сутак»

Кацярына адзначае, што ўмовы ў смалявіцкім ІЧУ, дзе яна адбывала арышт, — жудасныя. Рэчы з сабой узяць не дазволілі, нават забралі красоўкі.

«Стаўленне людзей больш ці менш нармальнае было тады. Яны былі спакойныя. А праз тое, што гэта смалявіцкі раён, "экстрэмістаў" асабліва не было, для іх гэта было ў навінку. Яны і самі былі не рады. Камера знаходзіцца ў падвале. Холадна, не выдавалі матрацы. Ложкаў было тры, людзей няма. Я была адна, бо яны сказалі, што да мяне нельга нікога падсаджваць.

Ежу я не ела прынцыпова, толькі гарбату брала. Таму што там няма прыбіральні. Мала таго, што ў камеры стаіць відэаназіранне, праз якое глядзяць і самі паставыя, і дзяжурныя, дык яшчэ стаіць вядро каля ложкаў. Таму я сказала, што адмаўляюся».

З камеры Кацярыну выводзілі двойчы на дзень — раніцай і ўвечары падчас праверак. Толькі тады ёй дазвалялі хадзіць у прыбіральню. Пры гэтым, у адрозненне ад іншых арыштантаў, на гэты час ёй надзявалі кайданкі.

«Муж убачыў, як праходзіць "хімія", і сказаў, што ў калоніі было прасцей»

У кастрычніку 2023 года на волю з калоніі выйшаў Антон. Інспектарка казала Кацярыне, што з выхадам мужа ёй стане лягчэй. Але, паводле слоў жанчыны, усё стала значна горш і ціск на яе ўзмацніўся.


Глядзіце таксама

«Яны пачалі часцей прыязджаць, чапляцца да ўсяго. У мяне муж убачыў, як праходзіць "хімія", і сказаў, што ў калоніі было прасцей. Таму што там ты сядзіш і табе ўсё ясна. А тут ты ўвесь час у напрузе: яны прыходзяць ноччу, потым пачалі прыходзіць незразумелыя людзі з крымінальнага вышуку. І ты не разумееш, што ты можаш рабіць, а што — не».

«Чаму вы даяце мне самае строгае пакаранне?» Новы год у смалявіцкім ІЧУ

Трэцяе парушэнне жанчына атрымала ў снежні 2023 года — проста перад Новым годам. Адна з умоў на «хатняй хіміі» — немагчымасць «адпрасіцца» кудысьці ў інспектараў у той жа дзень. Каб адлучыцца па справах, трэба за тры дні да гэтага напісаць заяву і атрымаць дазвол. Пры гэтым шанцаў атрымаць яго практычна няма, адзначае Кацярына.

У той час у аднаго з дзяцей пачаліся праблемы з зубамі. Раніцай у яго з'явіўся моцны боль, і ён пачаў крычаць ад болю.

«Раніцай мы з дзіцём едзем у паліклініку, я бяру даведку, што ў яго такая праблема. Прайшла гадзіна, я ўжо еду дадому, мне тэлефануе інспектарка і кажа: "Каця, мне патэлефанавалі і сказалі, што ты трапіла на нейкую камеру на праспекце Незалежнасці". Я пачала тлумачыць, што адбылося, а яна сказала, каб я тады прыехала і проста напісала тлумачальную».

Кацярына з мужам завезлі дзяцей да бабулі і паехалі да інспектаркі. Адтуль яна ўжо не выйшла — за парушэнне адбыцця пакарання яе арыштавалі на 15 сутак і адправілі ў ІЧУ пры РАУСе Смалявіцкага раёна.

«Я пайшла да начальніка, кажу, чаму вы даяце мне самае строгае пакаранне? Хутка Новы год, мяне дзеці чакаюць. Ён мне так і сказаў: "Твой муж выйшаў — значыць ты будзеш сядзець".


Глядзіце таксама

У выніку мне нават не дазволілі перадаць рэчы. А я была ў красоўках, лёгкай куртцы, таму што тады было яшчэ цёпла, у спартыўным адзенні, светлых штанах. Яны мяне адразу ж пасадзілі. Тады былі святы, не было начальніка, таму першых пяць дзён я ўсё-ткі ў камеры была з жанчынай».

«Яны крычалі, што я вораг народа, што я не выправілася»

Кацярына не ела ўсе 15 сутак. Паводле яе, гэтым разам супрацоўнікі былі агрэсіўнымі ў дачыненні да яе.

«Яны крычалі, што я вораг народа, што я не выправілася. Ім не спадабалася маё адзенне: я была ў шэрых штанах і аранжавай кофце. Казалі, што я прыехала ў бел-чырвона-белай вопратцы. І ў мяне была рознакаляровая куртка, як ЛГБТ-сцяг. Пыталіся: "Ты што, забылася ў якой краіне жывеш?" Я спытала: "Хіба гэта забаронена?", — бо няма пакуль такіх забарон. Даходзіла да такога, што адзін з дзяжурных прасіў паставых, каб яны вынеслі з камеры яму маю куртку. Таму што ён спачатку па камерах яе ўбачыў, а потым можа пераканацца хацеў».

Ведаючы з папярэдняга досведу, якія ўмовы ў смалявіцкім ІЧУ, знаёмыя Кацярыны адразу напісалі скаргу. У выніку 31 снежня ў ізалятар прыехала камісія правяраць, у якіх умовах утрымліваецца жанчына. Пры гэтым за дзень да гэтага з ІЧУ адпусцілі ўсіх затрыманых і арыштаваных, акрамя яе.

«Прыехала гэтая праверка глядзець мае ўмовы. Сказалі, паступіла скарга, што Еўдакімава ўтрымліваецца ў дрэнных умовах. Мужчына прайшоўся па камеры, спытаў, ці ёсць у мяне скаргі, і адразу ж пайшоў. Гэта значыць, ён мне нават не даў магчымасці адказаць. Спытаў у "нікуды" і пайшоў. На гэтым праверка скончылася».

Акрамя гэтага, 4 студзеня праходзіла пахаванне бацькі Кацярыны. Але яе не адпусцілі з ізалятара.

Цалкам прачытаць гісторыю Кацярыныможна тут.