Хронікі рэпрэсій за 15 сакавіка

Фэйкавы план «Перамога 2.0» ад сілавікоў, затрыманні ў Шчучыне і новыя палітычныя суды — такімі былі навіны сённяшняга дня знутры Беларусі.

hroniki_represij2_logo__1.webp

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1219 дзён, Дзяніс — 1099.

***

Сілавікі зрабілі справаздачу аб затрыманні начальніка аддзела «Крыніцы». Раніцай 15 сакавіка ў сацыяльных сетках стала распаўсюджвацца фэйкавае паведамленне аб запуску плана «Перамога 2.0». Яго запусцілі самі сілавікі. Пазней тэлеграм-канал ГУБАЗіК апублікаваў відэа з затрыманым мужчынам, які «павёўся» на ўкід, піша «Зеркало».

Затрыманы мінчук пра сябе кажа, што працуе начальнікам аддзела ў піваварнай кампаніі «Крыніца».

— Сёння, знаходзячыся ў інтэрнэце, убачыў спасылку «Перамога 2.0», націснуў на яе, нічога не адбылося. А неўзабаве да мяне прыехалі госці, — коратка абмаляваў сітуацыю мужчына.

***

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць 15 сакавіка аб затрыманнях на прыватным прадпрыемстве «РынаПластык» у Шчучыне. Папярэдне, яны звязаныя з «распаўсюдам экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Колькасць затрыманых і іншыя падрабязнасці высвятляюцца.

«РынаПластык» працуе на рынку шлангаў і садовага інвентара з 2004 года.

***

Праўладны тэлеграм-канал апублікаваў відэа аб затрыманні ў Брэсце мужчыны, якога абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах 2020 года.

Паводле інфармацыі «Медыязоны», гаворка ідзе пра Аляксея Самайлюка. Аўтары канала называюць яго «анархістам-дэбашырам».

Затрымлівалі брэстаўчаніна аператыўнікі і байцы падраздзялення спецназа «Шторм».  

***

Затрыманні на мяжы пры вяртанні ў Беларусь працягваюцца, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Так, напрыклад, як мінімум тры чалавекі былі затрыманыя ў мінулым месяцы пасля праверкі іх тэлефонаў мытнікамі на КПП «Беняконі» і «Брэст-Цярэспаль».

Двое мужчын былі арыштаваныя на 10 сутак, адзін — на 6 сутак. Усе яны былі прызнаныя вінаватымі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў».

***

Праўладны тэлеграм-канал апублікаваў відэа аб затрыманні мінскага настаўніка з 20-гадовым стажам працы. Паводле інфармацыі «Медыязоны», гаворка ідзе пра Аляксандра Шыдлоўскага.

На камеру мужчына кажа, што прымушаў вучня, які прыйшоў на ўрок у вайсковай форме, яе зняць. «Я з'яўляюся праціўнікам ваенна-патрыятычнага выхавання школьнікаў і ў цэлым курсу нашай краіны», - сказаў ён.

Аўтары відэа паказваюць дзіцячы малюнак у колерах украінскага сцяга з подпісам «Рускі карабель ідзі на###)))». Хто аўтар карцінкі, не ўдакладняецца.

У роліку выкарыстоўваюць скрыншот паведамлення з суполкі «Сумленныя настаўнікі Мінска і Мінскай вобласці».

«Проста мы развучыліся абараняцца. Не ведаю, як вы, я а ўжо даўно не здаю на падпіску, не займаюся ўсенавучаннем, не хаджу на ўсякія хакеі і іншыя забаўляльныя мерапрыемствы, не вяду платныя паслугі. І нічога, ніхто не звольніў, працягваю працаваць», — напісаў аўтар допісу.

***

Сілавікі затрымалі жыхара Мінска — ён пакідаў каментары ў падтрымку Украіны, піша «Вясна». На «пакаяльным» відэа ад 15 сакавіка затрыманы кажа, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, пакідаў каментары ў падтрымку Украіны і пра прадстаўнікоў улады, а таксама нібыта далучыўся да плана «Перамога» і ініцыятывы «Супраціў».

Мяркуючы па відэа сілавікоў, верагодна, пасля затрымання мужчына быў збіты. 

***

20-гадовага жлобінца з няпростым лёсам караюць за пратэсты. Гэта будзе яго чацвёртая судзімасць. Хлопца завуць Глеб Цецянкоў. Вядома, што ён з няпростай сям'і — яго маці бывала ў месцах пазбаўлення волі, а пра бацьку нічога невядома, піша «Наша Ніва». Глеб тройчы судзімы. Пра першую судзімасць інфармацыі няма.

Другі раз яго пакаралі ў жніўні 2022 года за тое, што нападпітку збіў каля крамы сваю знаёмую, якая «абразіла яго маці і дзяўчыну». За гэта далі тры месяцы арышту і 1280 рублёў штрафу.

Апошні суд у Цецянкова быў у верасні 2023 года за п'яную бойку каля спажывецкай крамы. Яму далі тры гады «хатняй хіміі».

А цяпер хлопца збіраюцца пакараць за ўдзел у пратэстах. Суд пачнецца 21 сакавіка. Невядома, дзе ён знаходзіцца. Магчыма, што ў СІЗА, як і звычайна адбываецца з абвінавачанымі па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса.

Дарэчы, на момант пачатку пратэстаў Цецянкоў быў непаўналетнім — 18 яму споўнілася толькі ў кастрычніку 2021 года.

***

Суд у Баранавічах прысудзіў беларуску Таццяну Макараву да 2,5 гадоў «хіміі» і штрафу ў 4 тысячы рублёў паводле абвінавачання ў «незаконных дзеяннях у дачыненні да прыватнага жыцця і персанальных звестак» (ч.3 арт.203-1 КК). Пасяджэнне адбылося 13 сакавіка, піша «Берасцейская вясна».

Следства палічыла, што жанчына ў кастрычніку 2021 года апублікавала ў Фэйсбуку пост з асабістымі звесткамі оперупаўнаважанага крымінальнага вышуку АУС Магілёўскага райвыканкама.

Да суду беларуска знаходзілася ў СІЗА. У снежні 2023 года яе двойчы судзілі за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт.19.11 КаАП), удакладняюць праваабаронцы. Тады жанчыну арыштавалі на 10 сутак і прысудзілі штраф у 740 рублёў.

***

Вынесены прысуд пенсіянерцы Ірыне Сапрыгінай, якая нібыта «абразіла Лукашэнку».

Судовыя пасяджэнні праходзілі ў судзе Мазырскага раёна. Жанчыну судзілі паводле ч.1 арт.368 («Абраза Лукашэнкі») Крымінальнага кодэкса Беларусі і арт.369 («Абраза прадстаўніка ўлады»).

15 лютага суддзя Анатоль Стрэльчанка прысудзіў Ірыне Сапрыгінай 2 гады і 7 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Сапрыгіну вызвалілі ў зале суда, піша «Гомельская вясна». Таксама, згодна з прысудам, яна павінна выплаціць штраф у памеры 100 базавых велічынь.

Ірыну Сапрыгіну затрымалі ў кастрычніку 2023 года за каментар у чаце ўкраінскага блогера. Спачатку жанчына знаходзілася ў мінскім ЦІПе на вул. Акрэсціна, пасля яе перавялі ў Жодзіна. Дома ў яе засталася 83-гадовая маці — ліквідатарка ЧАЭС, якая мае інваліднасць другой групы. Маці Ірыны па стане здароўя не можа заставацца адна (яна сляпая), іншых сваякоў у яе няма. Аднак жанчыне не змянілі меру ўтрымання са зняволення пад вартай на заклад.

Таксама вядома, што да маці Сапрыгінай прыходзіў міліцыянт і цікавіўся яе стаўленнем да Украіны і Ізраіля.

***

Суд Ашмянскага раёна аштрафаваў маці васьмярых непаўналетніх дзяцей на тысячу рублёў за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч.2 арт.19.11 КаАП). Рашэнне суда заўважыў тэлеграм-канал «Права маюць».

Пасяджэнне прайшло 22 лютага. Следства вырашыла, што ў Instagram жанчына была падпісаная на «Сумленных людзей», «Радыё Свабода», «Краіну для жыцця», Belsat і rada.vision. Акрамя штрафу, у яе канфіскавалі тэлефон.

Цяпер жанчына знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку — на суд яна не прыйшла, але сваю віну прызнала.

***

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 18 чалавек — цяпер у ім 3882 прозвішчы, паведамляюць праваабаронцы.

15 сакавіка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі былога «афганца» Уладзіміра Лісіцу, асуджаную за данаты Дзіяну Стульба, «талакоўца» Алега Кацапава

***

Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 407 дзён, Максіма Знака — 400 дзён, Мікалая Статкевіча — 398 дзён, Ігара Лосіка — 390 дзён, Віктара Бабарыкі — 327 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 255 дзён, Уладзіміра Гундара — 224 дні.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1410 палітвязняў.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1597 чалавек. Сярод іх — 194 жанчыны і 6 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.